Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі назвалі гарады з самым забруджаным паветрам. А што ў Беларусі?


Наваполацак, архіўнае фота
Наваполацак, архіўнае фота

Міністэрства прыроды Расеі назвала 22 гарады Расеі з найбольшай забруджанасьцю паветра. У топ трапілі толькі населеныя пункты з азіяцкай часткі краіны.

У топ трапілі Абакан (упершыню), Ангарск, Барнаул, Брацк, Зіма, Іркуцк, Іскітым (упершыню), Краснаярск, Кызыл, Лесасібірск, Мінусінск, Навакузьнецк, Нарыльск, Пятроўск-Забайкальскі, Сьвірск, Сяленгінск, Улан-Удэ, Усольле-Сібірскае, Чаромхава, Чарнагорск, Чыта і Шэлехаў. З топу выбылі Чэгдамын і Магнітагорск.

Насельніцтва гэтых гарадоў агулам складае звыш 5 млн чалавек.

Якія гарады найбольш забруджаныя ў Беларусі

У Беларусі падобную статыстыку вядуць Міністэрства прыроды і Белстат. На момант публікацыі самыя сьвежыя падрабязныя зьвесткі — за 2017 год.

Рэйтынгу па суме ўсіх паказьнікаў няма, але ў выкідах забруджвальных рэчываў у атмасфэру ад стацыянарных крыніц (г. зн. заводаў, але не аўтамабіляў) у лідэрах:

  • Наваполацак (51,7 тысячы тонаў на год);
  • Менск (18,3);
  • Жлобін (10,7);
  • Горадня (9,4);
  • Гомель (8,6).

У выкідах на душу насельніцтва лідэр таксама Наваполацак (505 кг на чалавека за год), сьледам за ім Жлобін (141), Слуцак (37), Полацак (28), Горадня (26) і Сьветлагорск (25).

У 2018 годзе, як пісаў «Ежедневник», самым брудным раёнам застаўся Полацкі (57,8), за ім ішлі Мазырскі (33,7), Жлобінскі (13,6) і Чашніцкі (12,6), а таксама горад Менск (18,3). Самымі чыстымі назвалі Краснапольскі і Чэрыкаўскі (каля нуля выкідаў ад стацыянарных крыніц), Хоцімскі і Чавускі раёны (на 0,2 тысячы тонаў за год).

Шкодныя выкіды ад мабільных крыніц (транспарт) нават удвая большыя за выкіды ад стацыянарных. Дэталёвага рэйтынгу па гарадах няма, але ў лідэрах на 2017 год былі Менская вобласьць (178,6 тыс. т) і Менск (136,8), сьледам ішлі Берасьцейская (116,1), Гомельская (97,8) і Горадзенская вобласьці (94,2).

Маніторынг якасьці паветра ў рэальным часе вядзе Рэспубліканскі цэнтар гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыяактыўнага забруджаньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя. Таксама публікуецца радыяцыйны маніторынг і маніторынг паверхневых водаў.

Існуе асобны рэйтынг утварэньня адходаў вытворчасьці. У ім лідэры такія:

  • Салігорскі раён (37428,6 тыс. т за год);
  • горад Менск (3138,9);
  • Касьцюковіцкі раён (2050,4);
  • Жлобінскі раён (1184,1);
  • горад Гомель (1115,2);
  • горад Магілёў (1058,9);
  • Лагойскі раён (1019,9).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG