Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харчуюцца на сьметніках, гняздуюцца на слупах. Што глябальнае пацяпленьне робіць зь беларускімі бусламі


Ад зьмены клімату колькасьць буслоў у Беларусі памяншаецца. Арнітолягі спадзяюцца, што гэта часова.

Ірына Самусенка
Ірына Самусенка

Пагутарылі з загадчыцай лябараторыі арніталёгіі навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі па біярэсурсах, кандыдатам біялягічных навук Ірынай Самусенкай. Яна назірае за беларускімі бусламі больш за 30 гадоў і расказала, што зьмянілася ў іхным жыцьці.

У Беларусі налічваецца больш за 22 тысячы пар буслоў, якія гняздуюцца.

Таксама сюды прылятаюць маладыя буслы, каб нагледзець сабе месца для гнязда.

Некаторыя буслы застаюцца да верасьня

​Калі раней да канца жніўня зь Беларусі адляталі на поўдзень усе буслы, то цяпер асобных птушак ці чародкі можна пабачыць на пачатку і нават у сярэдзіне верасьня. Асноўная маса птушак прылятае з выраю, як і раней, пасьля 20 сакавіка. Але частка зьяўляецца раней, на пачатку сакавіка.

«Некаторыя буслы пачынаюць прылятаць раней ці адлятаць пазьней. Можа, праз 10-20 гадоў можна будзе казаць дакладней пра гэтыя зьмены, — кажа Ірына Самусенка. — Да канца гэтае пытаньне ня вывучана. У буслоў у галаве нейкі генэтычны гадзіньнік. Бо маладыя птушкі адлятаюць часьцей за ўсё пазьней, чым старыя. І ляцяць у вырай яны асобнымі шляхамі. У генэтычным кодзе запісана, як, куды і якім шляхам яны будуць ляцець».

2,5 птушаняці на бусьлянку

​У 2015–2016 гадах для буслоў склаліся экстрэмальна неспрыяльныя ўмовы надвор’я, было мала дажджоў. Тады бусьлянят зьявілася найменш.

«У апошнія гады сытуацыя крыху палепшылася, аднак ня выправілася. Колькасьць буслоў, якія гняздуюцца ў Беларусі, зьніжаецца. У некаторых раёнах, дзе мы праводзім назіраньне, нават на 30-50%, — кажа Ірына Самусенка. — Таксама памяншаецца велічыня вывадку. Сёлета сярэдні паказчык нават для найбольш спрыяльных для бусла месцаў у пойме Прыпяці склаў каля 2,5 птушаняці на гняздо. У 90-я і на пачатку 2000-х гадоў ён не апускаўся меней за 3 птушаняці».

Буслы пачынаюць харчавацца на сьметніках

Празь зьмену клімату пагаршаюцца кармавыя тэрыторыі для буслоў у Беларусі. Увесну адна птушка павінна сядзець на гнязьдзе на яйках, а другая прыносіць ёй ежу. Потым зьяўляюцца маладыя бусьляняты. У Беларусі буслы кормяць малых дажджавымі чарвякамі ці дробнымі кузуркамі. Калі клімат становіцца больш сухім, меней выпадае дажджоў, знайсьці корм становіцца складаней.

Буслы пачынаюць прыстасоўваюцца да зьменаў і шукаюць ежы для выжываньня і кармленьня птушанят.

«Ня вельмі прывабная зьява, калі буслы пачынаюць выкарыстоўваць для харчаваньня гарадзкія сьметнікі. Але такая ежа спрыяе выжываньню асобных птушак», — кажа Ірына Самусенка.

Зьнясіленыя ці параненыя буслы застаюцца зімаваць

​Раней буслы ў Беларусі не маглі пражыць узімку без дапамогі чалавека, бо пад сьнежным покрывам не маглі здабыць сабе ежы. Але калі ёсьць вадаём, які не замярзае, ці адкрытая глеба, праблемаў з харчаваньнем звычайна няма.

«Раней зьнясіленыя ці параненыя буслы маглі застацца ў нашых мясьцінах пад наглядам чалавека і штучным харчаваньні зь ягонай дапамогай. Цяпер жа такіх буслоў можна пабачыць і ў сьнежні. Яны добра лётаюць, даволі добра сябе адчуваюць і не прыходзяць да людзей. Такія птушкі не патрабуюць, каб іх чапалі, зьмяшчалі ў нейкую скрыню ці ў хлеў. Выпадкаў, калі зьнясіленыя ці параненыя буслы застаюцца ў нас зімаваць, усё больш. І больш зімовага часу яны могуць пражыць без дапамогі чалавека», — тлумачыць экспэртка.

Як чалавек можа дапамагчы зьнясіленаму буслу?

Пакуль няма сьнегу, Ірына Самусенка раіць не чапаць птушак. Большую шкоду могуць зрабіць спробы іх злавіць, бо для буслоў гэта стрэс, ад якога птушка можа нават загінуць. Таксама пры адлове можна пашкодзіць крылы.

«Калі няма сьнегу, птушка не павінна атрымліваць штучны корм ад чалавека. І чалавеку ня трэба прывабліваць яе. Калі птушка добра лётае, яна можа самастойна адляцець у паўднёвым кірунку і перачакаць там складаныя зімовыя ўмовы. Птушкі, якія застаюцца зімаваць побач з чалавекам, трапляюць пад уплыў розных чалавечых прыдумак, і сярод іх больш сьмяротнасьці.Такія птушкі страчваюць міграцыйны інстынкт. Яны павінны ляцець зімой туды, куды заве інстынкт. Таму я зьвяртаюся да людзей не чапаць такіх птушак.

Іншая справа, калі бусел паранены і патрабуе дапамогі вэтэрынара. Тады яго можна адлавіць і дапамагчы. Калі такога небараку давядзецца даглядаць, то карміць яго трэба мясам бяз тлушчу і солі, рыбай альбо лавіць мышэй ці кузурак».

Бусьлянкі на слупах

50 гадоў таму буслы гнездаваліся выключна на дахах альбо на дрэвах. Але цяпер усе больш буслоў гняздуецца на слупах ліній электраперадач. Паводле апошняга нацыянальнага ўліку, які праводзілі ў Беларусі ў 2014 годзе ў рамках 7-га міжнароднага ўліку белых буслоў, ад 40 да 60% буслоў гнездаваліся на слупах.

«50 гадоў таму ніводнага такога гнязда не было. А цяпер больш за палову гняздуецца на слупах. Для розных рэгіёнаў сытуацыя адрозьніваецца. Найбольшая колькасьць бусьлянак на дахах у Берасьцейскай вобласьці, на дрэвах — у цэнтральнай частцы краіны, Менскай вобласьці. На Гомельшчыне гэта слупы, у некаторых раёнах да 80%. На Горадзеншчыне каля 40% буслоў гняздуюцца на слупах.

Гэта зьвязана з тым, што ў 60-70-я гады адбылася масавая замена пакрыцьця дахаў са старых саламяных, мяккіх, на шыфэр і мэтал.

На жаль, згасае традыцыя прывабліваньня птушак на падворкі. Беларусы любяць і шануюць буслоў, але ўжо ня кожны хацеў бы, каб на ягоным даху сяліўся бусел, бо гэта бруд. Але ёсьць і тыя, хто робіць знарок плятформы на дахах», — кажа Ірына Самусенка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG