Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адным — курыная адбіўная, другім — «хлебная» катлета. У менскай гімназіі школьнікаў кормяць усё яшчэ па-рознаму


Першы — сьняданак для «платнікаў», другі — для дзяцей з шматдзетных семʼяў
Першы — сьняданак для «платнікаў», другі — для дзяцей з шматдзетных семʼяў

Аляксандар Лукашэнка загадаў, каб усе школьнікі былі «ў роўных умовах» — атрымлівалі аднолькавыя сьняданкі і абеды. Харчаваньне бальшыні дзяцей у школах аплачваюць бацькі. Але некаторыя катэгорыі вучняў, да прыкладу, са шматдзетных сем’яў, харчуюцца бясплатна. Раней «бясплатнікаў» кармілі па-рознаму, іх мэню было менш разнастайнае.

Што зьмянілася пасьля загаду Аляксандра Лукашэнкі ўсіх школьнікаў карміць аднолькава?

2 верасьня на адкрыцьці новай школы Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі стравы са школьнага мэню. Там жа ўзьнялі пытаньне розьніцы ў падыходах да харчаваньня. У шматдзетных мэню не такое разнастайнае, казалі бацькі. Лукашэнка заявіў, што ўсе дзеці павінны быць у роўных умовах.

«Не рабіце сабе сораму. Гэта дурасьць, пра якую я чую ў першы раз. Абавязкова ў роўных умовах!» — падкрэсьліў Аляксандр Лукашэнка.

Сёлета за адзін дзень харчаваньня дзіцяці ў школе бацькам давядзецца плаціць ад 2,5 да 3 рублёў — гэта за сьняданак і абед.

16-гадовая Даша са шматдзетнай сям’і, навучэнка адной са сталічных гімназій, кажа, што летась дзяцей кармілі па-рознаму.

«Да прыкладу, у астатніх дзяцей курыная адбіўная з грэчкай, а ў нас звычайная катлета, напалову з хлеба. Калі ўсім давалі шаўрму, нам — кашу з катлетай. А нам жа таксама хацелася шаўрму! На абед платнікам заўсёды давалі салаты да першай і другой стравы, а нам салатаў не давалі. Астатнім — сок, а нам кампот ці кісель.

А 2 верасьня нам наагул абвясьцілі, што платнікі будуць есьці ў школьнай сталовай, а бясплатнікі — асобна, у невялікім пакоі, які раней быў прызначаны для адпачынку пэрсаналу. І сьнедаць, і абедаць мы будзем у розны час», — кажа Даша.

3 верасьня ў гімназіі, дзе вучыцца Даша, на сьняданак «бясплатнікаў» кармілі катлетай з макаронай і давалі кампот, а «платнікаў» — курынай адбіўной, запечанай пад памідорам і сырам, ды апэльсінавым сокам.

Абед быў аднолькавы для платнікаў і льготнікаў
Абед быў аднолькавы для платнікаў і льготнікаў

На абед вучняў са шматдзетных сем’яў кармілі малочным супам, катлетай, на гарнір была грэчка і памідор. Як кажа Даша, якая харчуецца бясплатна, катлеты на сьняданак і абед у яе былі падобныя. У «платнікаў» на сьняданак была адбіўная. Аднак салаціка ў «платнікаў» сёньня не было — толькі кавалак памідора.

«За сьняданкам я толькі макароны „паклявала“, катлета была нясмачная, я яе ня ела. Абед — так сабе, малочны суп я наагул цярпець не магу», — кажа дзяўчына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG