Ад сярэдзіны жніўня працягваецца рост курсу даляра адносна беларускага рубля. Самы нізкі курс быў 15 жніўня (1 даляр — 2,0415 рубля). Ад таго часу рубель адносна даляра пасьлядоўна слабеў, і 3 верасьня курс даляра дасягнуў 2,1049 рубля.
Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у камэнтары Свабодзе сказаў, што расьце ня толькі даляр, але і эўра, і расейскі рубель.
«То бок сьмела можна казаць пра зьніжэньне беларускага рубля. Хаця з улікам таго, што даляр у сьвеце даражэе адносна іншых валют, у тым ліку да эўра і расейскага рубля, то і ў нас рост даляра найбольш прыкметны».
Паводле Вадзіма Іосуба, тут ёсьць комплекс прычын. Адна зь іх — макраэканамічная, «зьвязаная з рэакцыяй рынку на абяцанае падвышэньне заробкаў бюджэтнікаў».
«У нас за многія гады людзі прывучаныя, што за ростам заробкаў будзе ісьці рост валюты. Таму, не чакаючы самога росту, людзі могуць павялічыць попыт на валюту», — сказаў Вадзім Іосуб.
«І чаканьні, і адчуваньні пагаршаюцца»
Пра тое, што стаўленьне людзей да фінансавага становішча мяняецца, сьведчыць і апошняе (у жніўні 2019 году) апытаньне Нацбанку адносна інфляцыйных чаканьняў насельніцтва.
Паводле яго, 65,2% (у траўні — 64,5%) беларусаў аддаюць перавагу зьберажэньням у замежнай валюце. Прычым 40,8% ахвотней трымаюць іх у наяўных, на дэпазыце ў банку гатовыя захоўваць грошы 30,5%.
У жніўні чаканы ўзровень гадавой інфляцыі склаў 13,1%, а адчуванай інфляцыі — 12,8%.
64,4% апытаных лічаць, што цэны будуць расьці «гэтак жа інтэнсіўна».
Як кажа Вадзім Іосуб, з гэтага дасьледаваньня вынікае, што чаканая і адчуваная інфляцыя вырасьлі параўнальна з травеньскімі паказчыкамі.
«Наогул, стабільна чаканая і адчуваная інфляцыя прыблізна ў два разы вышэйшая за рэальную інфляцыю ў гадавым вымярэньні. Параўнальна з траўнем паказчыкі чаканай і адчуванай інфляцыі вырасьлі і складаюць каля 13%. То бок і чаканьні, і адчуваньні пагаршаюцца. Пры тым, што рэальная інфляцыя крыху запавольваецца. То бок, верагодней за ўсё, гэта зьвязана з чаканым ростам даходаў бюджэтнікаў», — сказаў Вадзім Іосуб.
«Прыкметны рост даляра ў нас быў і роўна год таму»
Паводле экспэрта, могуць быць і мікраэканамічныя, прыватныя прычыны росту курсу даляра адносна беларускага рубля, якія не зьвязаныя з агульнай сытуацыяй у эканоміцы.
«Прыкметны рост даляра ў нас быў і роўна год таму. У нас даволі вузкі біржавы валютны рынак. Дзённы абарот валютнага рынку меншы за 30 мільёнаў даляраў. Калі да пэўных датаў нейкім буйным прадпрыемствам, напрыклад, трэба гасіць валютныя крэдыты, а гэта сумы парадку некалькіх дзясяткаў мільёнаў даляраў, і яны выходзяць на рынак з разавымі пакупкамі, то гэта можа сур’ёзна пасунуць наш валютны рынак», — сказаў Вадзім Іосуб.
«Да канца году будзе тэндэнцыя росту валюты»
Чаго чакаць на будучыню? Ці будзе рост даляра працягвацца да канца году, ці, як гэта часта здараецца, даляр зноў адкоціцца назад?
«Да канца году будзе тэндэнцыя росту валюты. Але ня будзе рэзкай дэвальвацыі на дзясяткі працэнтаў альбо ў разы, як гэта было ў 2011 годзе ці на мяжы 2014 і 2015 гадоў. А па-другое, будуць, безумоўна, адкаты. Тое, што ў нас некалькі дзён запар даляр расьце штодня, зусім не азначае, што да канца году ён будзе расьці штодня. Курс застаецца плаваючым, і пры любой тэндэнцыі будуць рухі і ўніз, і ўверх. Да жніўня можна казаць пра тэндэнцыю зьніжэньня даляра. Калі даляр пачаў расьці, строгага руху пад лінейку ўверх ня будзе», — сказаў Вадзім Іосуб.