Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З „начнымі ваўкамі“ не па дарозе». Як беларускі становяцца байкеркамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як мяняецца жыцьцё, калі ў ім зьяўляецца матацыкл? Ці становіцца байкерства ў Беларусі ўсё больш жаночай справай? Абмяркоўваем з трыма байкеркамі — нефармальнай лідэркай жаночага байкерскага руху Беларусі, крэатыўнай дырэктаркай рэклямнага агенцтва Юліяй Паляшчук, супрацоўніцай кампаніі A1(Velcom) Надзеяй Хадыкай і выкладчыцай ангельскай мовы Кацярынай Красьнеўскай.

Сьцісла

  • Паляшчук: Жанчын на матацыклах стала больш, бо яны зарабляюць і сталі больш незалежныя.
  • Красьнеўская: У мотарух я прыйшла не праз палітычныя ідэі, прыцягвалі вострыя адчуваньні. Да «ваўкоў» стаўлюся адмоўна, мне зь імі не па дарозе.
  • Хадыка: Матацыкл — ня таннае хобі. Тысяча кілямэтраў дарогі на двух чалавек на двух матацыклах абыходзіцца ў 130 даляраў. Праца ператвараецца ў сродак здабываньня грошай на хобі.
  • Слухаць дыскусію цалкам
    Прапануем фрагмэнты дыскусіі

    «Убачыла матацыкл на аўтасайце і падумала, чаму б мне яго не купіць»

Юлія Паляшчук
Юлія Паляшчук

Юлія Паляшчук: Калі мне было гадоў 15-16, у майго сябра былі маленькія матацыклы. Я пакаталася, потым неяк забылася. Пазьней неяк гартала аўтасайт, убачыла матацыкл і падумала, чаму б мне яго не купіць. У мяне тады яшчэ не было ні правоў, ні ўсьвядомленага жаданьня. Купіла, атрымала правы і пачала езьдзіць. Прайшоў першы, другі сэзон. Каталася я яшчэ ня вельмі добра і заўсёды адна, бо сяброў з байкерскай тусоўкі ў мяне тады яшчэ не было. І я падумала, што ёсьць дзяўчаты, якія езьдзяць на матацыклах, дык чаму б не пакатацца зь імі. І я кінула кліч у сацыяльных сетках. На першую сустрэчу прыехалі 18 дзяўчат, што мяне вельмі зьдзівіла. Мы пракаціліся і вырашылі аб’яднацца. Прыдумалі рух Lady Riders Belarus. Неўзабаве нас было ўжо каля 180 чалавек, мы ладзілі розныя мерапрыемствы — закрыцьцё, адкрыцьцё сэзону, конкурс Lady Riders.

«Матацыклы вельмі зацягваюць»

Кацярына Красьнеўская
Кацярына Красьнеўская

Кацярына Красьнеўская: Спачатку пачалі езьдзіць на матацыкле ўсе мае старыя сябры, а потым я, дзеля гендэрнага пачуцьця, захацела таксама паспрабаваць. Таму што ёсьць (прынамсі быў у маёй галаве) такі стэрэатып, што гэта мужчынскі занятак. Для мяне такое не ўпершыню, гэтак жа я калісьці прыйшла ў адзінаборства. Стала цікава. Матацыклы вельмі зацягваюць, да іх прывыкаеш. Вось так у маім жыцьці гэты матацыкл і застаўся.

«Так пачаўся наш супольны жыцьцёвы мотапрабег»

Надзея Хадыка
Надзея Хадыка

Надзея Хадыка: У маё жыцьцё матацыклы ўвайшлі ў 2013 годзе, калі ў мужа зьявіўся матацыкл. І, як сьмяюцца знаёмыя, першая рэакцыя жонкі была: «А калі ж ты мяне пакатаеш?» Умова мужа была, каб я спачатку здала на катэгорыю. Я гэта зрабіла, і муж мяне катаў другім нумарам. А калі мы зразумелі, што гэтае захапленьне з нашага жыцьця ня сыдзе, муж мне падарыў мой уласны матацыкл. Так пачаўся наш супольны жыцьцёвы мотапрабег. Цяпер у мяне ўжо чацьвёрты сэзон за рулём і два матацыклы.

Ці становіцца байкерства ў Беларусі ўсё больш жаночай справай? Зь якімі стэрэатыпамі сутыкаліся?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кацярына Красноўская: Калія я вучылася ў моташколе, хлопец, які разам са мной займаўся, сказаў: «Навошта табе гэта трэба, сядзі дома», — і гэтак далей пра баршчы. Я тады яму нешта зьедлівае адказала, і ён пакрыўдзіўся. У маім асяродзьдзі нічога такога няма. Адзінае, часам бывае паблажлівае стаўленьне, бо мужчыны заўсёды гатовыя дапамагчы, таму што жанчынам можа не хапаць нейкай тэхнічнай падкаванасьці.

Надзея Хадыка: Жанчын-байкерак намнога менш, чым байкераў, таму што ня кожная дзяўчына наважыцца сесьці на матацыкл, бо фактар рызыкі досыць вялікі. Агрэсіўных стэрэатыпаў няма і, спадзяюся, ня будзе, асабліва ў мотаасяродзьдзі, бо кожны байкер разумее, што матацыкл — вельмі складаны «хлеб». Што тычыцца стылю язды на матацыкле, то тут справа ў сталасьці розуму, а не ва ўзросьце або гендэры.


Юлія Паляшчук: Стэрэатыпы пра дзяўчат на матацыклах хутчэй пазытыўныя. Жанчын на матацыклах адназначна стала больш. Я лічу, што гэта зьвязана з тым, што дзяўчаты пачалі зарабляюць, сталі больш незалежныя, і іх, у прынцыпе, больш, чым мужчын. Ужо нікога ня зьдзівіш жанчынай на матацыкле. Дзяўчыну на матацыкле відаць адразу, нават калі валасы схаваныя ў шлем. Пасадка іншая, больш акуратная язда. Дзяўчаты баяцца падзеньняў з прычыны магчымасьці шнараў.

«Байкеры першапачаткова былі па-за палітыкай»

— Кожны год польскія байкеры ўскладаюць кветкі ў Курапатах ля крыжа расстраляным палякам. У мотапрабегах зь якімі мэтамі бераце ўдзел? Як ставіцеся да расейскіх «начных ваўкоў»?

Кацярына Красьнеўская: Я ў мотарух прыйшла не праз палітычныя ідэі. Мяне прываблівалі адрэналін і вострыя адчуваньні. Гэта занятак для душы. Стараюся менш прыцягваць палітычную тэму. Да «ваўкоў» стаўлюся адмоўна, мне зь імі, як кажуць, не па дарозе.

Надзея Хадыка: У першапачатковай мэце мотапрабегаў ніякай палітыкі не было. У што гэта ператвараюць — зусім іншая гісторыя. Тое, што байкеры абʼядноўваюцца, прыяжджаюць у Курапаты і шануюць памяць сваіх продкаў — дзякуй Богу. Спачатку мэта «ваўкоў» была — паўтарыць дарогу сваіх продкаў. Але адценьне нават самай добрай ініцыятыве можна надаць самае рознае. Мотарух уключае ў сябе людзей самых розных перакананьняў, а агульнае ў іх — матацыклы і дарога. Палітыку можна прыцягнуць да ўсяго, але байкеры першапачаткова былі па-за палітыкай.

Юлія Паляшчук: Я ня вельмі добра стаўлюся да «начных ваўкоў». Гэта палітычная гісторыя, якую я не падтрымліваю. Мотапрабег як мітынгі: людзі абʼядноўваюцца пад агульнай ідэяй на матацыклах. Але я такія мерапрыемствы не люблю і ня ўдзельнічаю ў іх.

Які ў вас матацыкл? Ці патрабуе байкерства вялікіх грошай?

Юлія Паляшчук
Юлія Паляшчук


Юлія Паляшчук: Мой цяперашні матацыкл каштуе, напэўна, даражэй чым машына. У мяне было тры матацыклы. Першы я купіла проста ні зь сяго ні з таго, другі купіла празь месяц, калі атрымала правы. Потым я прадала гэтыя два матацыклы і купіла матацыкл, які ў мяне цяпер — Harley Davidson Sportstar. Ён элегантны, невялікі, я б нават сказала, жаночы. Я мару аб трохколавым матацыкле, які больш устойлівы. Я сама вельмі маленькая, і мне даволі складана яго трымаць, а так хацелася б пакатаць маму, сяброўку.

Матацыклы, сапраўды, дарагія, каштуюць больш за 20.000 даляраў. Але сучасныя жанчыны могуць сабе гэта дазволіць. Экіпіроўка — таксама ня таннае задавальненьне, дый у Беларусі добрую экіпіроўку даволі складана знайсьці, асабліва дзяўчатам. У асноўным прывозяць з-за мяжы, там можна знайсьці маленькія памеры, бо многія байкеркі — маленькія і далікатныя. Я сама важу 45 кіляграмаў, і ў мяне шмат сябровак у жаночай мотатусоўцы, якія як балерыны.

Надзея Хадыка
Надзея Хадыка


Надзея Хадыка: Матацыкл — ня таннае хобі. Расходуеш грошы то на бэнзін, то на перакусы. Мы з мужам падлічылі: тысяча кілямэтраў дарогі на двух чалавек на двух матацыклах абыходзіцца прыкладна ў 130 даляраў, і гэта толькі дарога. Экіпіроўка таксама каштуе грошай. Праца ператвараецца ў сродак здабываньня грошай на хобі. На першым матацыкле я праезьдзіла адзін сэзон, які закрыла з прабегам 7777 кілямэтраў (з пачатку сэзону быў нулявы прабег мой і матацыкла). Тады муж сказаў, што трэба мне больш магутны матацыкл, а то яму нудна побач са мной ехаць. Цяпер у мяне Kawasaki Vulcan 900. Зь ім мы праехалі ўжо больш за 20.000 міль за два з паловай сэзоны.

«Спачатку купі экіпіроўку, а на рэшту — матацыкл»

Кацярына Красьнеўская
Кацярына Красьнеўская


Кацярына Красьнеўская: Як кажа мой сябар, спачатку купі экіпіроўку, а на рэшту купі матацыкл. Я заўсёды ежджу ў экіпіроўцы — зімой і летам, а добрая экіпіроўка каштуе дорага. Уся мая экіпіроўка, напэўна, каштуе больш чым матацыкл. Мой матацыкл — Yamaha Fazer 600. На ім я ежджу ўжо трэці сэзон. Ён вельмі рахманы, але на наступны сэзон пляную купіць нешта больш магутнае для далёкіх паездак. Некаторыя лічаць, што матацыкл больш эканомны за машыну. Гэта наогул ня так.

Наконт затораў на дарогах. Гэта ілюзія пачаткоўца, што ты сядзеш на матацыкл і адразу пачнеш іх абʼяжджаць. Але гэта трэба добра ўмець, а я лічу, што бясьпека важнейшая за ўсё. Паркоўка, безумоўна, дае мабільнасьць. Менскія кіроўцы не заўсёды адэкватна рэагуюць на матацыклы. Таму перавагі і недахопы выраўноўваюцца ў нуль. Галоўная перавага матацыкла — адчуваньне, якога ніколі ня дасьць машына. Калі едзеш увечары па лясной дарозе, адчуваеш усе пахі, паветра.

Надзея Хадыка: Кажуць, што на матацыкл менш паліва ідзе, чым на машыну. Гэта міт. Матацыклы могуць «есьці» 5,6,7 літраў бэнзіну, амаль столькі, колькі сучасная машына. Калі трэба нешта адвезьці, то мінусы матацыкла навідавоку — ты можаш везьці толькі сябе. А плюсы толькі эмацыйныя. Увечары выходзіш з працы, галава трашчыць, каленкі падгінаюцца ад стомы, садзісься на матацыкл і разумееш, што ў цябе захад сонца перад вачыма, асфальт пад каленкамі... Ты можаш ехаць крыху далей у лес, і гэты момант пераключэньня проста фантастычны.

Юлія Паляшчук: Я расчарую, на матацыкле ня вельмі зручна. Затораў у Менску ня так шмат, з паркоўкай лёгка. Але калі едзеш на працу ў скураной куртцы, у шлеме, то горача, а яшчэ за плячыма заплечнік з ноўтбукам. А калі ўвечары пойдзе дождж? Або з калегам пайсьці на абед? Таму я зразумела, што для працы гэта не такая добрая ідэя. На матацыкле лепей ехаць увечары, калі не такі шалёны трафік, халаднавата, можна надзець куртку, скураныя штаны. Гэта ўжо для душы.

Юлія Паляшчук
Юлія Паляшчук

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG