Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці раз за тыдзень афіцыйны Менск папрасіў «ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў»


Дарадца прэзыдэнта Злучаных Штатаў у нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, адносна сустрэч якога беларускі бок двойчы прасіў «ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў»
Дарадца прэзыдэнта Злучаных Штатаў у нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, адносна сустрэч якога беларускі бок двойчы прасіў «ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў»

Дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась, гаворачы пра сустрэчу сакратароў Радаў бясьпекі Беларусі, Польшчы і Ўкраіны з дарадцам прэзыдэнта Злучаных Штатаў у нацыянальнай бясьпецы ў Варшаве, заклікаў «не шукаць у гэтай сустрэчы схаваных сэнсаў, ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў», паведамляе БелТА.

Зась адзначыў, што ініцыятарамі сустрэчы былі «замежныя калегі», і яна «цалкам упісваецца ў менскія ініцыятывы для пашырэньня міжнароднага дыялёгу».

Тая сустрэча з Джонам Болтанам, пра якую кажа Зась, прайшла 31 жніўня. Тады дарадца Трампа казаў, што ЗША, Беларусь, Польшча і Ўкраіна «падзяляюць агульныя праблемы з нагоды стабільнасьці ў рэгіёне і імкнуцца да ўмацаваньня сувэрэнітэту і бясьпекі нашых дзяржаў». Сустрэча прайшла на наступны дзень пасьля перамоваў Болтана з Аляксандрам Лукашэнкам.

Зась адзначыў, што на перамовах у Варшаве не было прынята канкрэтных рашэньняў наконт сытуацыі ва Ўкраіне, але там абмяркоўвалі, як падвысіць эфэктыўнасьць перамоваў у «нармандзкім фармаце» і прапанаванае беларускім бокам далучэньне ЗША да гэтых перамоваў.

Гэта трэці раз за тыдзень, калі беларускія ўлады просяць ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў вакол замежнай палітыкі Беларусі.

  • Першы раз — вуснамі прэс-сакратара Міністэрства замежных справаў 29 жніўня з нагоды таго, што Аляксандар Лукашэнка не паехаў у Польшчу на гадавіну пачатку Другой сусьветнай вайны (МЗС зьвязвала гэта з тым, што «у Варшаву не былі запрошаныя Казахстан, краіны Цэнтральнай Азіі, Расея»).
  • Другі раз — вуснамі міністра замежных справаў 30 жніўня з нагоды ўласна візыту Болтана ў Беларусь. Уладзімер Макей зноў выказаўся пра той візыт 3 верасьня — адзначыў, што ў час перамоваў «ніхто нікога ні да чога не заклікаў» і «ніхто ні ад кога нічога не патрабаваў».
  • Акрамя таго, 2 верасьня старшыня пастаяннай камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Беларусі адзначаў, што «некаторыя палітычныя сілы раўніва паставіліся да візыту Болтана ў Беларусь», і што тыя, каму не спадабаўся такі візыт, — «гэта нашыя нядобразычліўцы».

Якія кансьпіралягічныя тэорыі строяць і хто гэта робіць, ніводнага разу не адзначалася.

Але, напрыклад, перамовы Болтана зь Беларусьсю, Украінай і Польшчай ацаніў як «антырасейскія» Канстанцін Касачоў — старшыня камітэту міжнародных справаў расейскага Савету Фэдэрацыі (верхняя палата парлямэнту; засядае не ў Крамлі) і сябра партыі «Единая Россия».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG