Сустрэча Станіслава Зася ў Варшаве з Джонам Болтанам і кіраўнікамі радаў бясьпекі Ўкраіны і Польшчы — спосаб ціску Менску на Маскву.
Сьцісла:
- Сустрэча Станіслава Зася ў Варшаве з Джонам Болтанам і кіраўнікамі радаў бясьпекі Ўкраіны і Польшчы — спосаб ціску Менску на Маскву
- У сьвятле хуткіх перамоваў у межах «нармандзкай чацьвёркі» Маскве зараз нязручна рэзка рэагаваць на крок Менску, каб не псаваць вобраз міралюбнай Расеі
- У прасоўваньне кандыдатуры Зася на пасаду генсека АДКБ было ўкладзена столькі высілкаў, што мяняць рашэньне з прычыны яго візыту ў Варшаву не выпадае
Сакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась сустрэўся ў Варшаве з дарадцам прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джонам Болтанам і кіраўнікамі Радаў бясьпекі Польшчы і Ўкраіны.
Мяркую, што мала хто чакаў такога кроку, ходу афіцыйнага Менску. Болтан толькі што пакінуў Менск пасьля працяглых перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам. Здавалася б, бакі возьмуць паўзу, каб зрабіць наступны крок. Зь іншага боку, некалькі дзён таму МЗС Беларусі паведаміў, што Лукашэнка ветліва адхіліў запрашэньне ў Варшаву на цырымонію гадавіны пачатку Другой усясьветнай вайны, а Беларусь на ёй будзе прадстаўленая на самым нізкім узроўні, на ўзроўні пасла. Дарэчы, хадзілі чуткі, што ў Варшаву паедзе альбо прэм’ер Румас альбо сьпікер Савету Рэспублікі Мясьніковіч. Не, пасол і не вышэй. Кропка.
А вось і не. І заваяваны ўзровень кантакту з ЗША быў адразу ж працягнуты, учора Болтан размаўляў з Лукашэнкам, а сёньня — зь іншым, даволі высокапастаўленым беларускім чыноўнікам. Ну і адхіленьне запрашэньня атрымліваецца як бы і не зусім грубым адхіленьнем, хай і не на саму цырымонію, але з нагоды яе, у сувязі зь ёй у Варшаву прыехаў і спадар Зась, і намесьнік міністра замежных справаў Алег Краўчанка.
Чаму гэта адбылося, што такога мог сказаць Зась Болтану, чаго не сказаў яму два дні таму Лукашэнка? Можа і нічога. Але атрымаўся сымбалічны жэст.
І на адрас палякаў: маўляў, вы ж разумееце сытуацыю, першая асоба, каб не пакрыўдзіць Пуціна, прыехаць не магла. Ды і другая. Але каб пагаварыць у кулюарах прыедуць сурʼёзныя людзі. І Менск не пабаіцца накіраваць іх у Варшаву для размовы з амэрыканскім «ястрабам».
Разам з тым, гэта і сыгнал Маскве. Так бы мовіць, калі вы з намі ня хочаце па-харошаму, то і мы можам па-плахому. Насамрэч гэта звычайная тактыка Лукашэнкі: у адказ на праблемы ў палітыка-эканамічнай сфэры ён пераводзіць іх у чыста палітычную.
Гэтак было ў 2016 годзе, у разгар газавых спрэчак, калі Беларусь раптам адмовілася падпісаць падатковы кодэкс ЭАЭС, гэтак было ў 2009-м, у разгар малочнай «вайны», калі Лукашэнка байкатаваў саміт АДКБ. Тады не рабіліся жэсты ў бок Захаду, зараз зроблены.
Але сутнасьць тая самая: мы можам зрабіць вам палітычную непрыемнасьць.
Прычым момант і форма абраныя надзвычай удала. Гэта, безумоўна, выкліча моцнае раздражненьне, а тое і шаленства ў Маскве. Але а што рабіць? Ня выключана, што Лукашэнка ў тэлефоннай размове з Пуціным нават узгадніў візыт Зася ў Варшаву.
А што сказаць супраць? Толькі што Лукашэнка сам горда адмовіўся туды ехаць, маўляў, сябрам і супольнай памяці пра вайну ня здрадзім. Ну а Зась так, па справах паехаў, мо пляны ворагаў Расеі выведаць. Ну і палякі — суседзі ўсё ж, трэба ж неяк падтрымліваць адносіны.
Акрамя таго, улічаны агульны кантэкст. На парозе — абмен вязьнямі паміж Украінай і Расеяй. Ён мусіў адбыцца ў пятніцу, але выглядае, што бліжэйшым часам ён усё ж адбудзецца. І гэта стане козырам Пуціна на верасьнёўскай сустрэчы «нармандзкай чацьверкі» ў Парыжы, маўляў, бачыце, якая Расея добрая і лагодная. І тут скандаліць з бліжэйшым саюзьнікам, разбураць вобраз белай і пухнатай Масквы ну ніяк не выпадае. Хацелася б, і зло бярэ. Але нельга. З Украінай, Францыяй і Нямеччынай гульня куды больш важная. Вылаяўся напэўна Пуцін матам пра сябе, але менавіта зараз ня час нешта рэзкае рабіць.
Пікантнасьці сытуацыі надае той чыньнік, што Станіслаў Зась — без пяці хвілінаў генэральны сакратар АДКБ. І едзе ў Варшаву да ворагаў, з расейскага пункту гледжаньня. Але і тут, як той казаў, расклад, баценька. Колькі высілкаў прыклала тая ж Расея, колькі выкручвала рукі армянскаму прэмʼеру Ніколу Пашыньяну, каб прапхнуць кандыдатуру Зася на пасаду генсека. І як зараз казаць — прэч Зася, ня будзе ён генсекам. . Дык відавочна, што ён чалавек вайсковы, дысцыплінаваны: загадалі сустрэцца з Болтанам — сустрэўся. Сустрэўся б і з чортам, калі б загадалі.
Але эфэкт дасягнуты. Вось менавіта беларус, без пяці хвілінаў генсек АДКБ, сустракаецца ў Варшаве з галоўным вашынгтонскім «ястрабам» і польскім і ўкраінскім галоўнымі сілавікамі. І нічога ня зробіш.
Ну зробіш, зразумела. Напрыклад, кампэнсуеш падатковы манэўр. Ці яшчэ што-небудзь добрае Беларусі зробіш. Вось на тое і намякнулі паездкай Зася ў Варшаву і яго тамтэйшымі сустрэчамі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.