29 жніўня Гомельскі абласны суд разгледзеў апэляцыйную скаргу Гомельскага хімзаводу. Іхны супрацоўнік — ратавальнік Кірыла Раманаў загінуў у 2017 годзе пры аўральных працах перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі. Бацькі спаганялі з хімзаводу маральную шкоду.
Суд Савецкага раёну ўвесну пастанавіў спагнаць з хімзаводу 50 тысяч рублёў маральнай шкоды на карысьць бацькоў Кірылы. Хімзавод палічыў, што гэта зашмат, і прасіў абласны суд перагледзець рашэньне і спагнаць з прадпрыемства ў пяць разоў менш — 10 тысяч.
33-гадовы жыхар Гомля Кірыла Раманаў загінуў на аўрале перад прыездам кіраўніка Беларусі. Ён працаваў кіроўцам ратавальнага атраду Гомельскага хімзаводу. У дзень сьмерці Кірылу і ягоных калегаў адправілі мыць кароўнікі, бо меўся прыехаць Аляксандар Лукашэнка.
Гаспадарка «Марозавічы-агра» — структурнае падразьдзяленьне Гомельскага хімзаводу. Мыць дах кароўніка ў абавязкі Кірылы Раманава, кіроўцы ратавальнага атраду, не ўваходзіла. Але кіраўніцтва загадала. Ратавальнікі хімзаводу чысьцілі на тым даху сьветлавыя ліхтары — праёмы, закрытыя полікарбанатам. Кірыла наступіў на полікарбанат і ўпаў з вышыні 6,6 мэтра на бэтонную падлогу. Ён загінуў на месцы. Удавой засталася маладая жонка з двума малымі дзецьмі — трох і шасьці гадоў на той момант.
Маці і бацька Кірыла страцілі здароўе па сьмерці сына — перанесьлі сардэчныя хваробы і гіпэртанічныя крызы. Бацька, Іван Раманаў, атрымаў інваліднасьць праз хваробу сэрца.
«Сям’я загінулага — гэта жонка і дзеці»
Апэляцыю разглядала судовая калегія пад старшынствам Сяргея Шыцікава. Пазыцыю хімзаводу ў судзе адстойвала начальнік юрыдычнага аддзелу ААТ «Гомельскі хімзавод» Алена Памазкова. Яна зазначыла, што прадпрыемства просіць суд зьменшыць памер кампэнсацыі маральнай шкоды з 50 да 10 тысяч рублёў, бо
- парушэньні аховы працы, выяўленыя пры праверцы пасьля сьмерці Кірылы Раманава, наўпрост не зьвязаныя зь яго гібельлю;
- кіроўца ратавальнага атраду сам вінаваты ў сваёй сьмерці, бо парушыў правілы бясьпекі;
- хімзавод сплаціў жонцы і малалетнім дзецям грошы, прадугледжаныя ў такіх выпадках заканадаўствам і калектыўнай дамовай.
«Мы ня лічым правільным казаць, што гэта была сям’я. Для нас сям’я — гэта жонка і дзеці Раманава. Канечне, ёсьць бацькі, але яны вядуць асобную гаспадарку, асобна жывуць, сын іх ня ўтрымліваў. Калі казаць пра сям’ю настолькі пашырана, то можна ўзгадаць і бабулю, і дзядулю, і цётак, якія таксама маюць права прыйсьці і патрабаваць маральную шкоду. Але, прабачце, ёсьць закон, які абмяжоўвае сям’ю загінулага яго жонкай і малалетнімі дзецьмі», — сказала прадстаўніца прадпрыемства.
Калега Алены Памазковай — супрацоўнік юрыдычнай службы заводу дадаў, што «інструмэнт спагнаньня маральнай шкоды ў судовым парадку павінен служыць мэтам аднаўленьня парушаных правоў, кампэнсацыі маральных пакут, а ня спосабам заработку».
«Мы вам аддадзім усе грошы — толькі вярніце нам жывога сына!»
Маці нябожчыка Ганну Раманаву абурылі выступы прадстаўнікоў заводу ў судзе.
«Калі тут выказаліся, што мы зарабляем на сьмерці сына — то гэта проста блюзьнерства. Мы вам аддадзім усе грошы — толькі вярніце нам жывога сына! Як можна наогул так казаць? Што такое пахаваць сваё дзіця, адзінага сына, надзею на падтрымку ў старасьці...» — сказала Ганна Раманава.
Яна ўпэўненая: пра бясьпеку сваіх падначаленых хімзавод не клапаціўся, страховачных прыстасаваньняў пры працы на даху Кірыла і яго калегі ня мелі, арганізацыя працы была «ніякая» — адны работнікі мылі дах, іншыя насустрач ім тут жа яго фарбавалі.
Інтарэсы бацькі загінулага Івана Раманава ў судзе прадстаўляў прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка.
«Адказчык кажа пра прынцыпы разумнасьці і справядлівасьці — кожны можа разумець іх па-свойму. Я зьвяртаю ўвагу на той факт, што бацькі страцілі адзінага сына. Любому чалавеку зразумела, што такую страту нічым не кампэнсаваць. Бацькі страцілі здароўе, дзеці засталіся бяз таты», — падкрэсьліў прававы інспэктар.
Суд пастанавіў пакінуць скаргу хімзаводу без задавальненьня, рашэньне суду Савецкага раёну пакінуць правамоцным. Гэта значыць, што памер кампэнсацыі маральнай шкоды будзе такі, які вызначыў суд першай інстанцыі, — 50 тысяч рублёў.
Пасьля суду маці Кірыла Раманава сказала, што «паводзіны адказчыка былі агідныя, такое адчуваньне, што мы ім нешта вінаватыя засталіся, а не яны нам».
«Мы памерлі разам з сынам. У нас больш няма ні сьвятаў, ні радасьці. Нікому такога не пажадаю. Кірыла быў вельмі добры і надзвычай добрасумленны і чэсны. Мы ўсе сілы аддалі на яго выхаваньне. Цяпер яго дзеці растуць бяз бацькі, а мы на леках жывём», — дадала Ганна Раманава.
Леанід Судаленка лічыць, што калі бацькі засталіся задаволеныя рашэньнем сёньняшняга суду — то гэта і ёсьць тыя прынцыпы разумнасьці і справядлівасьці, пра якія гаварылася на паседжаньні.