У шырокі пракат ва Ўкраіне з 5 верасьня выходзіць фільм «Мая бабуля з Марса», зьняты беларускім рэжысэрам Аляксандрам Міхалковічам.
Летась у кастрычніку конкурсная камісія Міжнароднага фэстывалю «Лістапад» уключыла гэтую стужку ў праграму, але потым яна была выключаная паводле рашэньня Міністэрства культуры Беларусі.
Фільм пабудаваны на сямейнай гісторыі рэжысэра Аляксандра Міхалковіча. Ягоная бабуля Зіна хоча сабраць на 80-гадовы юбілей сваю сям’ю — дачку з унукам зь Менску, сына з Ізраілю, унучак з Англіі і Індыі. Але даехаць да бабулі амаль гэтак жа складана, як дабрацца да Марсу, бо яна жыве ў анэксаваным Расеяй Крыме.
Гераіня фільму нічым не адрозьніваецца ад іншых бабуль, якіх глядач звык бачыць у Крыме — яна жыве ў непрыкметным будынку ў Еўпаторыі, вырошчвае вінаград, вучыць 30-гадовага ўнука як жыць і як выбіраць жонку.
Але ў яе ёсьць адна асаблівасьць, якая адрозьнівае яе ад людзей вакол — бабуля Зіна ня хоча заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца навокал, і называе вайну паміж Расеяй і Ўкраінай вайной, уцёкі сваёй сяброўкі з Данбасу ў Расею здрадай, і акупацыю — акупацыяй. З гэтай прычыны бабуля Зіна мае праблемы з суседзямі, а ўнук мае праблемы з фільмам.
- Дакумэнтальны фільм створаны супольна Ўкраінай, Беларусьсю і Эстоніяй пры фінансавай падтрымцы Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях кіно. Зь дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны на стварэньне стужкі было выдадаткавана 928 тысяч грыўняў (на сёньня гэта больш як 36 тысяч даляраў) з агульнай яе вартасьці ў 2,331 мільёнаў грыўняў (больш як 92 тысячы даляраў у эквіваленце).
Дэманстрацыя фільму пачнецца сёньня ў Львове ў Палацы кіно. 30 жніўня стужку ўбачаць гледачы Івана-Франкоўску, а 31 жніўня — Кіева. На гэтых паказах рэжысэр асабіста прадставіць сваю працу. А потым «Бабуля з Марсу» наведае Марыюпаль, Адэсу, Херсон, Чарнігаў і іншыя ўкраінскія гарады. Украінская прэм’ера таксама адбываецца пры падтрымцы Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях кіно.
Прадусарка фільму Вольга Чайкоўская распавядала ўкраінскай службе «Радыё Свабода», што беларуска-ўкраінская каманда, якая займалася здымкамі фільму, адчувала, што могуць узьнікнуць праблемы, бо і ствараць стужку было няпроста, пераадольваючы сотні кілямэтраў. Але яны ня верылі, што пра Крым нельга будзе ўзгадваць нават у сямейным кантэксьце:
«Менавіта словы „Крым“ і „Данбас“ выклікаюць бурную рэакцыю. Людзі самі баяцца гэтых слоў. Нежаданьне гаварыць аб гэтым узмацнілася за тыя пяць гадоў, пакуль мы здымалі фільм. Але мы не рабілі палітычны фільм. Такім яго зрабілі абставіны».
- Аляксандр Міхалковіч нарадзіўся ў Менску, у 2016 годзе скончыў міжнародную праграму навучаньня DocNomads.
- Усясьветная прэм’ера фільму адбылася летась у сьнежні на Міжнародным фэстывалі дакумэнтальнага кіно ў чэскім горадзе Іглава Ji. hlava IFF. Пазьней фільм беларускага рэжысэра быў прадстаўлены на кінафэстывалях у Нямеччыне, Сэрбіі і Нідэрляндах.