Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта гатэльны комплекс, але не рэзыдэнцыя Лукашэнкі» — патлумачылі ў «Белавескай пушчы». Ці сапраўды? 

абноўлена

Высакародны алень, лес, Белавеская пушча. Фота – Аляксандар Пекач. Ілюстрацыйнае фота
Высакародны алень, лес, Белавеская пушча. Фота – Аляксандар Пекач. Ілюстрацыйнае фота

У нацыянальным парку «Белавеская пушча» зьняпраўдзілі зьвесткі, што на тэрыторыі пушчы зьявілася новая рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі пад назвай «Причал».

«Так, такая назва ў нас ёсьць, гэта гатэльны комплекс, але не рэзыдэнцыя Лукашэнкі. Вы можаце таксама туды прыехаць і наняць гасьцявы домік. Дасылайце заяўку», — прапанавала карэспандэнту Радыё Свабода намесьніца генэральнага дырэктара «Белавескай пушчы» ў пытаньнях турызму і гандлю Ніна Богуш.

27 жніўня фатаздымкі нібыта новай рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы ў пушчы зьявіліся на Telegram-канале Nexta. Двухпавярховы драўляны дом побач са ставам непадалёк ад возера выглядае сучасна і прыстойна, але не настолькі шыкоўна, каб прэтэндаваць на «найвышэйшы дзяржаўны ўзровень». Дом знаходзіцца на беразе возера Лядзкага, да яго вядзе асфальтавая дарога.

Тэрыторыя агароджаная, але зноў жа — не мэталічнай агароджай ці сеткай-рабіцай, а плотам з чароту, якім агароджваюць пляжныя зоны. Фатаздымак з космасу сьведчыць, што на тэрыторыі ёсьць некалькі гасьцявых дамкоў. Інтэр’еры памяшканьняў на фатаздымках нагадваюць трохзоркавы аб’ект для адпачынку.

Чаму ж узьнікла вэрсія, што «Причал» — яшчэ адна рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі?

Карэспандэнт Свабоды правёў сваё дасьледаваньне і пераканаўся, што падставы для такой вэрсіі ўсё ж ёсьць.

  • 1. Чамусьці на сайце нацыянальнага парку «Белавеская пушча» зьвестак пра гатэльны комплекс з назвай «Причал» няма. Ёсьць пра асноўны гатэльны комплекс у пасёлку Каменюкі, ёсьць пра гатэлі «Жаркаўшчына», перабудаваны з дому графа Тышкевіча, і «Войтаў мост», ёсьць пра дом рыбака «Лава» і дом паляўнічага «Перароў», а вось «Причал» адсутнічае. Чаму — у дырэкцыі не патлумачылі. Няма і няма.
  • 2. Аб’ект яўна мае асобны статус. Гэтак, засяленьне ў «Причал» адбываецца толькі з дазволу генэральнага дырэктара «Белавескай пушчы» Аляксандра Бурага — пра гэта папярэдзіла ягоная сакратарка. Чаму такая строгасьць? «Ну вы ж разумееце, які аб’ект», — быў яе адказ.
  • 3. Прайс-ліст на пражываньне ва ўсіх іншых турыстычных аб’ектах на тэрыторыі нацыянальнага парку можна пабачыць на сайце, а вось з «Причалом» праблема. Пытаньне, у колькі абыдзецца наняць на содні пакой у асноўным гатэлі комплексу ці гасьцявы дамок, засталося без адказу. Намесьніца гендырэктара Ніна Богуш толькі папярэдзіла, што дзеля гэтага спатрэбяцца «вялікія грошы», і дадала, што ў адказе на заяўку «ўсё будзе пазначана».
  • 4. І самае галоўнае. На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці бываў у гатэльным комплексе «Причал» Аляксандар Лукашэнка, намесьніца генэральнага дырэктара «Белавескай пушчы» ў пытаньнях турызму і гандлю Ніна Богуш адказала: «Хіба вядома такое месца ў Беларусі, дзе б хоць раз ня быў наш прэзыдэнт?». І дадала, што яна «такіх месцаў ня ведае». Але і наўпрост таго, што так, тут быў Лукашэнка, не прызнала.

Атрымаць камэнтар да зьвестак пра нібыта новую рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў Белавескай пушчы ад яго прэсавага сакратара Натальлі Эйсмант не ўдалося.

Колькі рэзыдэнцыяў у Аляксандра Лукашэнкі?

Сьпісу дзяржаўных рэзыдэнцый Аляксандра Лукашэнкі знайсьці не ўдалося. Часьцей за ўсё на прэзыдэнцкім сайце згадваецца рэзыдэнцыя ў Заслаўі, дзе Лукашэнка прымае кіраўнікоў краін. У 2008 годзе побач з гэтай рэзыдэнцыяй стаўляў свой шацёр лівійскі дыктатар Муамар Кадафі, пазьней зрынуты і забіты. З 2014 году ў Заслаўе зачасьцілі высокія госьці, якія спрабуюць урэгуляваць крызіс ва Ўкраіне.

Менш афіцыйных зьвестак пра рэзыдэнцыю «Азёрны» пад Астрашыцкім гарадком, дзе цяпер фактычна пражывае Аляксандар Лукашэнка. На прэзыдэнцкім сайце яна завецца проста загараднай рэзыдэнцыяй. Вядома, што гэта пераробленая рэзыдэнцыя графа Тышкевіча, якая ўжо мала чым нагадвае сядзібу XIX стагодзьдзя. Тут Аляксандар Лукашэнка прымаў Уладзіміра Пуціна, сустракаўся з акторамі Жэрарам Дэпард’ё і Стывэнам Сыгалам. У «Азёрным» Лукашэнка жыве з 2011 году, калі ў мясцовую школу пачаў хадзіць ягоны малодшы сын Мікалай.

Якія яшчэ аб’екты папаўняюць неафіцыйны сьпіс загарадных рэзыдэнцый Лукашэнкі? Гэта «Дразды» на паўночнай ускраіне Менску, «Віскулі» ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці, гэтак званая «Палеская рэзыдэнцыя» каля вёскі Лясковічы Петрыкаўскага раёну, нарэшце, рэзыдэнцыя «Александрыя-2» каля вёскі Александрыя, дзе Лукашэнка нарадзіўся. Неафіцыйныя крыніцы дадаюць да гэтага сьпісу таксама гатэльны комплекс «Плаўна» ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку. Адзначаецца, што комплекс мае верталётную пляцоўку і ахоўваецца як дзяржаўны аб’ект.

Дарэчы, Бярэзінскі запаведнік, дзе знаходзіцца комплекс «Плаўна», належыць, як і Белавеская пушча, кіраўніцтву справаў прэзыдэнта. Яшчэ адна аналёгія з гатэльным комплексам «Причал», пра які кажуць, што ён таксама стаў рэзыдэнцыяй прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG