Каб забараніць сьмяротнае пакараньне, не абавязкова чакаць, пакуль грамадзтва для гэтага сасьпее, лічыць прадстаўніца Рады Эўропы Тацяна Тэрмачыч.
У Беларусі грамадзтва «сьпее» ўжо 9 гадоў
«Каб забараніць сьмяротнае пакараньне, неканечне чакаць, пакуль грамадзтва для гэтага сасьпее. Ёсьць шмат прыкладаў, калі пакараньне сьмерцьцю скасоўвалі, хоць бальшыня насельніцтва была супраць. Але Беларусь адназначна вырашыла, што пойдзе на такі крок толькі пасьля таго, як у краіне складзецца адмоўнае стаўленьне да сьмяротнага пакараньня. А такое магчыма толькі пасьля вялікай асьветніцкай працы. Вось чаму Рада Эўропы супольна з працоўнай групай Нацыянальнага сходу праводзіць у Менску буйную канфэрэнцыю «Грамадзкая думка і сьмяротнае пакараньне ў Беларусі».
Такімі словамі прадстаўніца Рады Эўропы Тацяна Тэрмачыч патлумачыла неабходнасьць чарговай дыскусіі. Яна дадала: «Чым болей людзі ведаюць пра трагічнасьць пакараньня сьмерцю, тым менш яны яго падтрымліваюць».
За сьмяротнае пакараньне галасавалі на рэфэрэндуме
У 1996 годзе ў Беларусі прайшоў рэфэрэндум, які сярод іншых пытаньняў вызначаў і стаўленьне беларусаў да сьмяротнага пакараньня. Пытаньне сфармулявалі так: «Ці падтрымліваеце Вы адмену сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусі?». Паводле афіцыйных зьвестак, 80,44% прагаласавалі супраць.
«Але з таго дня прайшло шмат часу. Шмат людзей, якія ўдзельнічалі ў апытаньні, ужо памерлі. У краіне таксама шмат людзей, якія ў 1996 годзе ня мелі права праз узрост удзельнічаць у рэфэрэндуме. Зандаж грамадзкай думкі ў 2013 і 2017 гадах паказаў, што прыхільнікаў найвышэйшага пакараньня меншае. У ХХІ стагодзьдзі ў Эўропе і сьвеце месца для сьмяротнага пакараньня няма», — падкрэсьліла Тацяна Тэрмачыч.
9 гадоў бяз плёну
Працоўную групу для вывучэньня праблемаў сьмяротнага пакараньня ў Нацыянальным сходзе стварылі яшчэ ў 2010 годзе. За гэты час у ёй зьмяніўся кіраўнік. Але «балючае» рашэньне дагэтуль не прынятае.
Аляксандар Маркевіч, сябра працоўнай групы, сёньня сказаў журналістам: вельмі малаімаверна, што дэпутаты нашага скліканьня прыйдуць да нейкага рашэньня. Падобна, што гэтая праблема пяройдзе да новых дэпутатаў.
А на пытаньне, ці скасаваць сьмяротнае пакарньне магчыма толькі праз новы рэфэрэндум, Маркевіч адказаў: «Я такога не казаў. Можа быць па-рознаму. Усё пакажа час».
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).