Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет супраць «закону аб адтэрміноўках»: двое ўдзельнікаў, трое мэдыкаў і людзі ў цывільным. Фота

абноўлена

25 жніўня ў Магілёве адбыўся пікет супраць закону аб адмене адтэрміновак ад войска. Зьлева Аляксей Маісееў. Справа ягоны сябра Аляксей
25 жніўня ў Магілёве адбыўся пікет супраць закону аб адмене адтэрміновак ад войска. Зьлева Аляксей Маісееў. Справа ягоны сябра Аляксей

25 жніўня ў Магілёве ў далечыні ад людных вуліц адбыўся дазволены ўладамі 30-хвілінны пікет супраць закону аб адмене адтэрміновак ад войска.

«Я ня супраць тэрміновай службы, але хачу вучыцца»

За двума пікетоўцамі назіралі чацьвёра мужчынаў у цывільным, а таксама брыгада хуткай дапамогі з трох чалавек. Ля ўдзельнікаў прайшлі двое амапаўцаў.

Амапаўцы патрулявалі здалёк
Амапаўцы патрулявалі здалёк

Пікетоўцы стаялі на бегавой дарожцы стадыёну на вуліцы Чалюскінцаў. Ад гарадзкога цэнтру да гэтага месца можна дабрацца за 10 хвілінаў на грамадзкім транспарце.

Пікет ініцыяваў навучэнец магілёўскага эканамічнага прафэсійна-тэхнічнага каледжу Аляксей Маісееў. Ён вырашыў падтрымаць заклік руху РrotestBY, паколькі закон аб адмене адтэрміновак у хуткім часе закране і яго. Аляксей хоча працягнуць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе. Ён скончыў два курсы каледжу, вучыцца засталося паўтары гады. «Я ня супраць тэрміновай службы, але, калі я хачу вучыцца, то чаму мне павінны гэта забараняць», — кажа ён.

Аляксей казаў Свабодзе, што кіраўніцтва каледжу, калі даведалася пра яго намер зладзіць пікет, «рэкамэндавала» адмовіцца ад гэтай ідэі і зьмірыцца зь непазьбежнасьцю тэрміновай службы. Яму сказалі, што сваёй акцыяй хлопец «падстаўляе» навучальную ўстанову. Паводле Аляксея больш прэтэнзіяў да яго не было. «Спадзяюся і ня будзе, бо я ж усё раблю паводле закону», — кажа ён.

Аляксей раней ня ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. За паслугі «хуткай дапамогі» хлопец заплаціў 12 рублёў. Паслугі міліцыянтам пакуль застаюцца не аплачанымі. За ўсё разам ён мае заплаціць каля 100 рублёў.

Да пікета Аляксея Маісеева далучыўся ягоны сябра, таксама Аляксей, які не пажадаў назваць сваё прозьвішча.

Мэдык пра пікет: «Прыклад заразны»

На працягу 30 хвілінаў пацікавіцца, што адбываецца на стадыёне, падышла толькі жанчына з унучкаю. Распытвала яна пра акцыю праваабаронцаў і журналістаў.

Мэдыкі з «хуткай дапамогі» здымалі пікет на відэа. Адзін зь іх сказаў, што бачыць пікет з двух удзельнікаў нязвыкла. «Гэты прыклад заразны, — заўважыў ён, — Магчыма далей будзе і больш».

Пікет прайшоў без эксцэсаў. Хлопцы падзякавалі за ўвагу тым, хто прыйшоў паглядзець на іх пратэст.

«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць

24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).

Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:

  • адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
  • тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
  • у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
  • тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
  • замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.

Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG