20 жніўня ў Дзяржаўным літаратурным музэі імя Янкі Купалы адкрылася першая пэрсанальная выстава пра Івана Луцкевіча, прысьвечаная 100-годзьдзю з дня сьмерці аднаго са стваральнікаў першай беларускай партыі «Беларуская сацыялістычная грамада» і першай беларускай газэты «Наша Ніва».
«Гэтая выстава, у пэўным сэнсе, выбачэньне за гады бяспамяцтва», — кажа Павал Каралёў, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы, куратар выставы.
Пяць гадоў стрыечная ўнучка Луцкевічаў Маргарыта Пярова дамагалася ўсталяваньня памятнага каменя — улады патрабавалі прадставіць дакумэнты, якія пацьвярджаюць значнасьць асобаў Івана і Антона Луцкевічаў.
«Я прыеду, а нейкага чыноўніка няма. Альбо дакумэнты няправільныя. А жыву я ў Санкт-Пецярбурзе. Але ж і вельмі шмат было дапамогі!», — кажа Маргарыта Пярова.
Іван Луцкевіч, археоляг і мастацтвазнаўца, знаходзіў і перапрадаваў антыкварныя рэчы, каб здабыць грошы на грамадзкую і палітычную дзейнасьць. Але значныя для беларускай культуры экспанаты ён захоўваў у сваёй музэйнай калекцыі, якая стала асновай Беларускага музэю ў Вільні. Так ён выкупіў і прывёз з Польшчы Статут ВКЛ. Максім Багдановіч і Зьмітрок Бядуля называлі ягоную калекцыю сьвятыняй, фундамэнтам адраджэньня ўсяго беларускага народу.
Дзякуючы таму музэю ацалелі ўнікальныя рукапісныя зборнікі Янкі Купалы: «Шляхам жыцьця», «Сон на кургане», «Паўлінка».
У Менску Луцкевічы жылі на тэрыторыі сучаснага парку Янкі Купалы, а памятны камень фактычна стаіць на месцы іх сядзібнага дому.
«Пакой, у якім месьціцца экспазыцыя, да канца выставы будзе мець адрас — вул. Віленская, 33, — кажа Павал Каралёў. — Па ім у Вільні жылі Луцкевічы, месьцілася рэдакцыя "Нашай Нівы". Гэта быў самы вядомы адрас у Вільні, бо туды ішлі ўсе, хто хацеў пагаманіць пра беларускі край».
Іван Луцкевіч ня меў афіцыйных дзяржаўных пасад, але разам з братам стаяў ля вытокаў стварэньня БНР. Да беларускасьці Іван прыйшоў празь юнацкае знаёмства з Генрыхам Татурам, беларускім гісторыкам і калекцыянэрам.
Скарыстаўшыся рэвалюцыйным настроем пачатку ХХ стагодзьдзя, Іван Луцкевіч стварыў першую беларускую партыю — «Беларуская рэвалюцыйная грамада» (пазьней — «Беларуская сацыялістычная грамада»). Пасьля 1905 году браты Іван і Антон Луцкевічы зьехалі ў Вільню і распачалі там новую, культурніцкую справу — заснавалі беларускамоўнае выдавецтва «Наша Ніва».
У апошняе сваё вяртаньне зь Менску ў Вільню Іван Луцкевіч ехаў у неацепленым вагоне, хворы, харкаў крывёю, бо ўжо хварэў на сухоты. Але ў Менску тады ўдалося пераканаць шмат людзей, і здавалася, што будучай нацыянальнай незалежнасьці не перашкодзіць нішто. Іван Луцкевіч тады сказаў: «Усё, цяпер можна і паміраць». Пасьля ён нарэшце адбыў лячыцца ў Закапанэ ў Польшчы, куды яго ўгаварыла паехаць нарачоная, Юльяна Мэнке.
«У нас ёсьць унікальны прадмет — пярсьцёнак, які Іван дарыў Юльяне, — паказвае Павал Каралёў. — Упершыню будуць экспанавацца памяткі апошніх дзён: Юльяна была з Луцкевічам у Закапанэ, аплачвала рахункі аптэкі і пахавальную службу, мы маем іх апошнія лісты. Сёньня акурат сто гадоў з тых часоў».
Яны пазнаёміліся ў Вільні падчас Першай усясьветнай вайны, плянавалі ажаніцца. Менавіта Юльяна прывяла яго да Бога: напрыканцы свайго жыцьця Іван прыняў прычасьце ў касьцёле. Сам Іван, аднак, актыўна выступаў за аднаўленьне ўніяцкай царквы.
«Ён выступаў хутчэй не як вернік, — разважае Павал Каралёў. — Ён разумеў значэньне ўніяцкай царквы для беларускай будучай дзяржаўнасьці, таму працаваў з палітычнага пункту гледжаньня».
Іван Луцкевіч памёр у 1919 годзе ў Закапанэ, так і ня вылечыўшыся ад сухотаў. У 1991 годзе зямлю зь ягонай магілы перапахавалі на могілках Роса ў Вільні.
Выстава «У народ і край свой толькі веру...» да стагодзьдзя з дня сьмерці Івана Луцкевіча прадоўжыцца да 11 верасьня ў Дзяржаўным літаратурным музэі імя Янкі Купалы.