Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на лета. Аўтар песьні «Радыё Свабода»: «Чатыры ўдалыя радкі вартыя жыцьця»


Фэлікс Аксёнцаў, 2017 год
Фэлікс Аксёнцаў, 2017 год

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наш сёньняшні рэспандэнт — паэт Фэлікс Аксёнцаў.

Хто гэта?

Фэлікс Аксёнцаў — аўтар песьні «Радыё Свабода», якая ад часу свайго стварэньня ў 1990-м (музыка Вячаслава Кораня) стала гітом і гімнам пакаленьня. Ён таксама пісаў тэксты да альбомаў рок-гурту Ulis — «Чужаніца» (1989), «Краіна доўгай белай хмары» (1991), «Танцы на даху» (1993). Супрацоўнічае з гуртом «Крама». Апублікаваў некалькі зборнікаў вершаў па-расейску. Разам з музыкам Андрэем Лагутковым выдаў рок-альбом «Второй пилот» (2019). Друкаваўся ў беларускіх літаратурных часопісах і альманахах. У 1996 годзе зьехаў зь Менску ў Ванкувэр (Канада).

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Я па-сапраўднаму шчасьлівы, толькі калі пішуцца вершы. Радасьць, асалоду, задавальненьне я здольны адчуваць і зь іншых нагодаў, а вось шчасьце — толькі падчас кароткіх сполахаў натхненьня.

2. Які ваш найбольшы страх?

Што новых вершаў больш ня будзе. Я ніколі ня ведаю, ці апошні верш я пішу, ці першы. Пэрыяды маўчаньня доўжацца месяцамі, і гэта сумныя, шэрыя часы.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Блакітнае неба над стадыёнам «Дынама» ў Менску. Я ў калясцы, а мой дзед коціць яе побач з прыступкамі, якія вядуць ад вуліцы Ўльянаўскай, уздоўж стадыёну — угору да вуліцы Кірава.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Вядома ж, такая рыса ёсьць. Але, мяркую, ня варта распавядаць пра яе публічна, бо яна можа быць і скарыстаная супраць мяне.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Імкненьне кантраляваць сваё атачэньне, а найгорш — кантраляваць як мага больш людзей; няўтольная патрэба ў дамінацыі. Гэта асноўная рыса дыктатараў, гуру і пасьпяховых кіраўнікоў вялікіх бізнэсаў.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Калі мяне аштрафавалі на канадзкай мытні за нейкае незадэкляраванае лабудзьдзё.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Канадзкі пашпарт.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Імгненна вывучаць мовы — францускую, нямецкую, гішпанскую, партугальскую, італьянскую...

9. Што робіць вас няшчасным?

Жыцьцё ва ўмовах несвабоды, карупцыі, таталітарызму, самаўпраўства. Гэта тычыцца ня толькі грамадзтва — нават і лякальная бізнэс-мадэль на працы можа быць цалкам фэадальнай ці фашыстоўскай.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Ня ведаю, шчыра кажучы.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Быў моцна залежны ад тытуню, а цяпер — ад чорнай кавы. Нават маем у хаце барыста-машыну.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Ва ўсіх, хто пакутаваў празь мяне. Амаль усё, што мы робім, ды нават тое, што ня робім у жыцьці, — спараджае пакуты. Безумоўна, навокал нас — самсара, а не Галівуд. Але прабачэньня прасіць трэба.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

На лаўцы ў менскім парку імя Янкі Купалы. Такі быў сапраўдны, што да нас падышоў савецкі міліцыянт і сувора параіў болей так не рабіць.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Сёмая гульня фінальнай сэрыі кубку Стэнлі ў 2011 годзе, якую Ванкувэр ушчэнт прайграў Бостану.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Я б навучыўся граць на гітары яшчэ ў дзяцінстве.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

Абраў бы 60-я гады ў Лёндане, і каб апынуцца ў адным з тагачасных рок-гуртоў. Бадай, ня выжыў бы, але ж «мае» сапраўдныя час і месца — там.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Мо калі трапіў у дарожна-транспартнае здарэньне за стырном у Ванкувэры ў траўні 2005-га. Але, хутчэй за ўсё, я нават і не заўважыў таго выпадку, калі сьмерць была найбліжэй. Яна заўжды побач.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Грошы. Я ня сквапны чалавек, і яны ў мяне не затрымліваюцца.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Тэкст песьні «Краіна Доўгай Белай Хмары».

20. Што вам не дае спаць па начах?

Кафэін і праца.

21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Нейкі вершык ці тэкст песьні. Нават чатыры радкі. Чатыры ўдалыя радкі вартыя жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG