У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наш сёньняшні рэспандэнт — старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч.
Хто гэта?
Вядомы беларускі літаратар. Дэбютаваў апавяданьнем «Успамін. Яблыкі» ў 1988 годзе (часопіс «Крыніца»). Аўтар кніг «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998), «Шчасьце быць» (2004), «Жыць ня страшна» (2008), «Піліпікі» (2009), «Плошча» (2010), «Спакушэньне» (2013), «Спачатку была цемра» (2013), «Пуціна» (2015), «Ідзі адзін» (2019), «...Роўна і трошкі ўправа» (2019). Творы перакладзеныя на ангельскую, францускую, нямецкую, расейскую, польскую, чэскую, баўгарскую, славацкую, літоўскую, украінскую і іншыя мовы. З 2002 году — галоўны рэдактар недзяржаўнага часопіса «Дзеяслоў», з 2011-га — старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?
Калі нарадзіўся першы сын.
2. Які ваш найбольшы страх?
Няма такога. Усе страхі аднолькава непрыемныя, ганю іх.
3. Які ваш самы раньні ўспамін?
Як мяне хрысьцілі. Гэта дакладна. Хоць мне падаецца, што памятаю, як нарадзіўся.
4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?
Няўпэўненасьць у сабе, страх, што не зразумеюць, а таму жаданьне патлумачыць.
5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?
Ілжывасьць ува ўсім — у пачуцьцях, справах, словах...
6. Якая у вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?
Калі мяне пры людзях абвінавацілі ў тым, чаго не рабіў, а я, агаломшаны, ня здолеў абараніцца.
7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?
Сям’я.
8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?
Не хварэць.
9. Што робіць вас няшчасным?
Хвароба, якая вяртаецца.
10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?
Залішняя маўклівасьць.
11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?
Занадта люблю салодкае.
12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?
У бацькоў. Хацеў бы, каб яны больш пражылі.
13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?
Мамін.
14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?
Сабой. Зроблена так мала...
15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у ранейшым жыцьці, што б гэта было?
Магчыма, па-іншаму пражыў бы адзін дзень — 1 верасьня 1970 году.
16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?
У ранку 1 верасьня 1970 году.
17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?
Увечары 1 верасьня 1970 году.
18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?
Упэўненасьць у сабе.
19. Ваша найбольшае дасягненьне?
Тое, што яшчэ жыву.
20. Што вам не дае спаць па начах?
Вечны сумнеў: ці так жыву, як павінен, ці ўсё раблю, што магу.
21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?
Праўду.
Усе рэспандэнты «Анкеты-2019»
- Фэлікс Аксёнцаў
- Алена Анісім
- Павал Аракелян
- Уладзімер Арлоў
- Рыгор Астапеня
- Віктар Бабарыка
- Павал Бераговіч
- Данута Бічэль-Загнетава
- Ігар Варашкевіч
- Алена Васілевіч
- Зіна Гімпелевіч
- Вольга Глухоўская
- Янка Запруднік
- Юры Зісер
- Андрэй Ільніцкі
- Іван Кірчук
- Вераніка Круглова
- Іна Кулей
- Алена Макоўская
- Мікола Матрунчык
- Караліна Мацкевіч
- Аліна Нагорная
- Тацяна Процька
- Барыс Пятровіч
- Віталь Радзівонаў
- Ада Райчонак
- Івонка Сурвіла
- Валянціна Трыгубовіч
- Аляксандар Фядута
- Ірына Халіп