Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета на лета. Андрэй Ільніцкі: «Самая дарагая мне рэч — гэта ідэі і думкі, да якіх я сам дайшоў»


Андрэй Ільніцкі
Андрэй Ільніцкі

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Сёньняшні рэспандэнт — старшыня Беларускага рэспубліканскага геранталягічнага грамадзкага аб’яднаньня Андрэй Ільніцкі.

Хто гэта

Той, хто ведае, як не старэць, а пастарэўшы — застацца шчасьлівым. Доктар мэдычных навук, прафэсар, старшыня Беларускага рэспубліканскага геранталягічнага грамадзкага аб’яднаньня, сустваральнік і сукіраўнік (разам з доктарам мэдычных навук, прафэсарам Кірылам Прашчаевым) аднаго з найбуйнейшых на постсавецкай прасторы навукова-дасьледчага мэдычнага цэнтру «Геранталёгія», загадчык катэдры тэрапіі, герыятрыі і антыўзроставай мэдыцыны Акадэміі постдыплёмнай адукацыі Фэдэральнага навукова-клінічнага цэнтру Фэдэральнага мэдыка-біялягічнага агенцтва (Масква), віцэ-прэзыдэнт Эўразійскай асацыяцыі геранталёгіі і герыятрыі, сапраўдны сябра Праўленьня Эўрапейскага таварыства герыятрычнай мэдыцыны.

Андрэй Ільніцкі
Андрэй Ільніцкі

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Калі разумеў, што пражываю менавіта сваё жыцьцё, а не кіруюся нейкімі забабонамі, уласьцівымі для свайго часу і асяродзьдзя.

2. Які ваш найбольшы страх?

Усе мы маем канец, і страх, які часам узьнікае, — расстацца са сваімі любімымі людзьмі пасьля канца.

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Мабыць, яркі сонечны дзень каля хаты маёй бабулі ў Полацку, пяшчаная дарога, калёнка з вадой каля яе, яр, зарослы травой, які тады здаваўся вельмі глыбокім. І над усім гэтым нейкае шчасьце, якое бывае толькі ў дзяцінстве.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Лянота.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Непрыстойнасьць.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Цяжка адразу сказаць, але мне не падабаецца, калі я не выконваю зь нейкіх прычын свае абяцаньні.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Гэта нематэрыяльнае — ідэі і думкі, да якіх я сам дайшоў.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Па-мойму, мы настолькі стаміліся ад звышыдэяў і звышабяцаньняў, што хочацца проста нармальна жыць і пражываць нармальнае зямное жыцьцё, і без звышыдэяў, і без мітычных супэрздольнасьцяў.

9. Што робіць вас няшчасным?

Як лекар хачу заўважыць, што чалавек можа быць вышэй за многае, нават за хваробу, так што ва ўсім трэба шукаць станоўчыя бакі і меней думаць пра сваё няшчасьце. Гэта ў магчымасьцях кожнага.

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Адкладаць нейкае рашэньне да апошняга.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Пабыць сам-насам на прыродзе.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Прасіць прабачэньне насамрэч вельмі цяжка, але гэта трэба рабіць своечасова, каб разабрацца ў стасунках з чалавекам, ня цягнучы за сабой па жыцьці цяжар мінулых крыўдаў. Так што калі нешта здараецца, я стараюся адразу вырашаць спрэчныя пытаньні ў адносінах.

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

У кожнага чалавека найлепшыя пацалункі ня тыя, за якімі стаіць біялёгія, а калі мы творым нешта высокае, і ня важна — праз тыдзень пасьля сустрэчы ці праз дваццаць гадоў.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Ніколі над гэтым не задумваўся... Ня ведаю. Раней мяне расчароўвалі людзі, цяпер — не, мабыць, яны маюць рацыю ў сваіх паводзінах.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Я б зьмяніў сваё стаўленьне да некаторых рэчаў. Але я спадзяюся, што разьвіваюся, так што ў кантэксьце жыцьця выпрацаваць новы погляд нават на старыя рэчы — гэта нармальна, гэта нават неабходная і вельмі чалавечая праца любога чалавека, які думае.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінулае, дзе б вы хацелі апынуцца?

Я б хацеў жыць у сваім часе, тут вельмі шмат цікавага. А мінулае, хоць бы нядаўняе, мы зусім не прагаварылі, не абмеркавалі, мы ня ведаем пра яго праўду... Хаця... я б, мабыць, хацеў паглядзець на Рым часу заняпаду, каб параўнаць. Бо, па-мойму, мы цяпер знаходзімся якраз у падобным часе.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Ну хто ж ведае. Зноў як лекар магу сказаць, што памерці і лёгка, і цяжка. Я назіраю пацыентаў з такімі цяжкімі дыягназамі, але яны жывуць. А некаторых пры поўным, здавалася б, здароўі анкалёгія зводзіць у нябыт за лічаныя месяцы. Гэта ўсё няпроста.

​18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Я не прыхільнік цудадзейнай пілюлі, таму ня думаю, што гэта можа быць адна рэч.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Я ўсё-ткі лічу сябе свабодным чалавекам — вось гэта.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Нічога, я добра сплю.

21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Па-мойму, быць прыстойным, сумленным чалавекам — гэта важна. Мне, па вялікім рахунку, усё роўна, што пра мяне падумаюць іншыя, а вось рахункі з самім сабой маюць значэньне. Трэба ў гэтым няпростым жыцьці імкнуцца захоўваць сумленнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG