Тэлерэжысэр Дзьмітрый Васільеў, затрыманы па крымінальнай справе пра акцыю пратэсту ў Маскве 27 ліпеня, трапіў у рэанімацыю. Пра гэта паведаміла расейская журналістка Ганна Качкаева.
Раней сьледчы паведаміў адвакатцы Васільева, што таго шпіталізавалі праз павышаны ўзровень цукру ў крыві — гіпэрглікемію. Пасьля начнога допыту ў Сьледчым камітэце Расеі Васільеў быў зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ў яго забралі інсулін, нягледзячы на дыябэт, паведамляе «Медиазона».
Па аб’яднанай справе аб масавых беспарадках і ўжываньні гвалту да супрацоўнікаў Расгвардыі і паліцыі пасьля акцыі 27 ліпеня ў Маскве праходзяць, паводле розных зьвестак, 13 ці 14 чалавек. Ніводны зь іх не прызнаў сваёй віны ва ўдзеле ў беспарадках.
Пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць крымінальную справу падпісалі амаль 120 тысяч чалавек.