У расейскай сталіцы 10 жніўня адбыўся санкцыяваны мітынг пад лёзунгам «Вернем сабе права на выбары». Акцыя пачалася а 14-й гадзіне па маскоўскім часе на праспэкце Сахарава. На мітынг прыйшлі каля 50 тысяч чалавек. Пасьля мітынгу адбыліся масавыя затрыманьні — агулам былі затрыманыя каля 180 чалавек.
Расейская служба Свабоды вяла жывую відэатрансьляцыю з Масквы, а таксама тэкставую трансьляцыю і стрымы зь іншых гарадоў.
У дзень пратэстаў у Маскве таксама праходзіў афіцыйны турнір аўтазакаў. За дзень да мітынгу нехта разаслаў правакацыйныя SMS.
Сэрыя адзіночных пікетаў у знак салідарнасьці з маскоўскай акцыяй за сумленныя выбары прайшла ў Санкт-Пецярбургу і ў іншых гарадах Расеі. На Далёкім Усходзе і ў Сыбіры яны абышліся без затрыманьняў. Паліцыя затрымала каля пяцідзесяці ўдзельнікаў сэрыі адзіночных пікетаў у падтрымку сумленных выбараў у цэнтры Пецярбургу. Перад акцыяй быў затрыманы таксама лідэр пецярбурскага штабу апазіцыянэра Аляксея Навальнага Аляксандар Шуршнеў, паведаміла выданьне «Фонтанка».
Пратэсты ў Маскве трываюць ужо месяц. Жыхары гораду пратэстуюць супраць нядопуску апазыцыянэраў у кандыдаты на выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу. Папярэднія акцыі былі жорстка разагнаныя, сотні людзей былі затрыманыя, заведзеныя крымінальныя справы аб масавых беспарадках.