Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве перад дазволеным мітынгам затрымалі расейскую апазыцыянэрку Собаль, уварваліся ў студыю Навальнага

абноўлена

Любоў Собаль, архіўнае фота
Любоў Собаль, архіўнае фота

Юрыстка расейскага «Фонду барацьбы з карупцыяй» Любоў Собаль паведаміла ў Twitter пра сваё затрыманьне 10 жніўня.

Невядомыя ў масках уварваліся ў цэнтар збору подпісаў і прадставіліся паліцыяй, затрымалі Любоў Собаль і зьвезьлі яе. У офісе праводзяць ператрус.

Собаль зьбіралася выставіць сваю кандыдатуру на выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу. За яе сабралі 6000 подпісаў з 4500 неабходных, але частку подпісаў забракавалі — жанчыну не дапусьцілі ў кандыдаты.

10 жніўня яна зьбіралася ісьці на чарговы, але цяпер санкцыянаваны мітынг супраць адмовы незалежным актывістам у рэгістрацыі кандыдатамі, які пачаўся а 14-й гадзіне, якраз у момант затрыманьня.

Паліцыя заявіла, што яна і іншыя ўдзельнікі мітынгу нібыта «зьбіраліся арганізаваць правакацыі».

У той жа час у кватэру, дзе разьмешчаная адна з рэзэрвных студыяў каналу «Навальный LIVE» (праект лідэра «Фонду барацьбы з карупцыяй» Аляксея Навальнага), уварваўся ОМОН. Паводле твітэру каналу, дзьверы выламалі, дзесяцёх супрацоўнікаў затрымалі, тэлефоны і іншую тэхніку адбіраюць.

Пратэсты ў Маскве трываюць ужо месяц. Жыхары гораду пратэстуюць супраць нядопуску апазыцыянэраў у кандыдаты на выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу. Папярэднія акцыі былі жорстка разагнаныя, сотні людзей былі затрыманыя, заведзеныя крымінальныя справы аб масавых беспарадках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG