Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё адбываецца з ухваленьня Крамля». Страх і прабачэньні ў Чачэніі


Аюб Ціціеў выходзіць з калёніі, 21 чэрвеня 2019
Аюб Ціціеў выходзіць з калёніі, 21 чэрвеня 2019

Чачэнскі праваабаронца Aюб Ціціеў, асуджаны паводле «наркатычнага» артыкулу, выйшаў з калёніі месяц таму. У інтэрвію «Настоящему времени» ён расказаў пра свае назіраньні ў СІЗА і паводзіны супрацоўнікаў Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў, пра знаёмства з Натальляй Эстэміравай і яе гібель, а таксама пра асаблівасьці праваабароны ў Чачэніі ў гады зачыстак і пры Рамзану Кадыраву.

Сярод іншага Аюб Ціціеў расказаў пра адну з тэндэнцый апошняга часу ў Чачэніі — шматлікія публічныя прабачэньні.

— На мінулым тыдні 16-гадовы хлопчык 46 хвілін у этэры грозьненскай тэлевізіі прасіў прабачэньня за тое, што ён у сацыяльных сетках выказаўся пра ўлады Чачэніі. Гэта адкуль наогул зьявілася?

— Ня ведаю. Гэта ненармальна, гэта наогул выходзіць за ўсе межы. Гэта падтрыманьне страху, толькі і ўсяго. Каб людзі баяліся, каб ніхто не наважваўся лаяць уладу.

— Да вас не зьвярталіся з такімі выпадкамі?

— Ня толькі да нас, ні да кога не зьвяртаюцца людзі пасьля такіх выпадкаў. Людзі баяцца, іх запалохваюць. Таму яны імкнуцца пакінуць гэта ўсё ў таямніцы, не афішуюць гэта.

— Як гэта адбываецца? Чалавек што-небудзь напісаў у сацсетках — далей да яго хто прыходзіць?

— Гэта звычайная практыка. Калі чалавек напісаў нешта ў сацсетках, яго выявілі — яго забіраюць сілавікі і далей катуюць, зьбіваюць, прымушаюць гаварыць.

— Яны зусім не перажываюць за законнасьць? Ну напісаў чалавек у сацсетках што заўгодна, за гэта ж нельга затрымліваць. Яны ж не распачынаюць ніякіх справаў?

— Вядома не. Ніхто ня сочыць за гэтым — ні пракуратура, ні Сьледчы камітэт, яны не працуюць практычна, ніхто не кантралюе, нікому справы няма да гэтага. Пакуль білі — чалавек папрасіў прабачэньня. Адно тое, што ён там плача, просіць прабачэньня, яго ўсе бачаць... Але ніводзін сьледчы орган, я ўпэўнены, яго нават не дапытаў: чаму ты гэта рабіў, як цябе прымусілі? Нікому да гэтага справы няма.

— Вам не прапаноўвалі зрабіць тое самае пасьля таго, як затрымалі з марыхуанай?

— Са мной ніхто не гаварыў. Нават калі б гаварылі, я б не пагадзіўся, мне няма за што прасіць прабачэньня, я ніякага злачынства не ўчыняў і нікога не абражаў. Я працаваў, калі людзі да нас зьвярталіся, спрабаваў дапамагчы гэтым людзям. Усё.

— Вы можаце патлумачыць, як людзі рэагуюць на гэтыя публічныя прабачэньні? Як гэта абмяркоўваецца, умоўна, на кухні?

— Ніхто не падтрымлівае гэтага, ніхто, нават самі сілавікі. Але публічна яны ніколі гэтага ня скажуць.

Цалкам інтэрвію можна прачытаць на сайце «Настоящего времени».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG