Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чачэніі вызвалілі праваабаронца, які заступіўся за ЛГБТ-супольнасьць


Аюб Ціціеў
Аюб Ціціеў

Суд у Чачэніі 10 чэрвеня вызваліў ўмоўна-датэрмінова Аюба Ціціева, кіраўніка чачэнскага "Мэмарыялу", асуджанага праз абвінавачаньне ў захоўваньні наркотыкаў.

У сакавіку Ціціева прызналі вінаватым у захоўваньні наркотыкаў у буйным памеры і асудзілі яго на чатыры гады калёніі-пасяленьня.

Сяргей Сыс, паэт і праваабаронца з арганізацыі «Вясна», быў у Чачэніі з 18 па 22 лістапада мінулага году. Разам са старшынём «Вясны» Алесем Бяляцкім, расейскай праваабаронцай Сьвятланай Ганушкінай ды іншымі назіральнікамі ён прысутнічаў на працэсе Аюба Ціціева. Сяргей Сыс тады расказаў Свабодзе пра ўбачанае.

Аюб Ціціеў
Аюб Ціціеў

Аюб Ціціеў віны не прызнаваў і казаў, што наркотыкі яму падкінулі, каб адпомсьціць за праваабарончую дзейнасьць. Ён шмат дапамагаў пакрыўджаным уладай чачэнцам. Аюб — адзіны ў Чачні праваабаронца, які займаўся гэтак званай «справай 27» аб ціску на ЛГБТ-супольнасьць, нямала прадстаўнікоў якой бясьсьледна зьніклі.

Паводле Сяргея Сыса, пачутае на працэсе Аюба Ціціева дало беларускім праваабаронцам падставы меркаваць, што справа сфальшаваная спэцслужбамі.

Сяргей Сыс (у цэнтры) ў судзе над Ціціевым
Сяргей Сыс (у цэнтры) ў судзе над Ціціевым

Можна размаўляць з падсудным, але пад дулам аўтамата

Чачэнскі і беларускія суды падобныя прадказальнасьцю выракаў, імітацыяй законнага разбору, але ў дэталях ёсьць розьніца, мяркуе Сяргей Сыс і прыводзіць такі прыклад:

«У нас на працэсе ня ўбачыш судовых прыставаў ці ахоўнікаў, узброеных аўтаматам з падствольным гранатамётам, калі палец вайскоўца заўсёды ляжыць на спускавым кручку і ягоны позірк таксама гаворыць, што ў любы момант ён можа стрэліць. Але ёсьць і добрыя назіраньні: там можна ў перапынку падысьці да арыштанта, які сядзіць у клетцы, і спакойна пагаварыць зь ім, у тым ліку пра ўмовы ўтрыманьня. У беларускіх судах гэта строга забаронена».

Падобная, паводле Сяргея Сыса, роля пракурораў на працэсах у Чачэніі і Беларусі. Беларускі праваабаронца згадаў, як чачэнскі пракурор падчас суду над Аюбам Ціціевым браў перапынак нават па дробных пытаньнях.

«Выбягаў з кімсьці раіцца. Чэчэнцы адназначна кажуць, што з начальствам».

Што да самой справы, дык яна ўзьнікла праз фальшаваньне доказаў, мяркуе праваабаронца «Вясны».

«Аюба Ціціева затрымалі пасьля шматлікіх пагроз і падкінулі наркотыкі. Ён абурыўся і заўважыў, што нават няма сьведак і відэазапісу. Яму сказалі: „Хочаш відэазапіс?“ — і паўтарылі ўсё зноў, але ўжо з выкананьнем фармальнасьцяў. То бок сілавікі там дэманструюць, як і ў нас, што ім пляваць на закон, калі трэба выканаць загад і пасадзіць таго, хто не даспадобы. Суд потым робіць выгляд, што верыць гэтым фальшывым доказам і паказаньням. Дакладна як у нас на працэсах над палітычнымі супернікамі Лукашэнкі», — кажа Сяргей Сыс.

У Чачні працуе офіс упаўнаважанага па правах чалавека. Паводле назіраньняў беларускіх праваабаронцаў, ён «імітуе праваабарончую дзейнасьць». Ёсьць і некалькі праўладных праваабарончых груп, якія займаюцца правамі жанчын ці людзей сталага веку.

«Але гэта таксама імітацыя. Людзі там гэтак застрашаныя, што баяцца ня толькі некага крытыкаваць ці скардзіцца, а нават гаварыць пра свае праблемы», — казаў пра ўражаньні ад Чачні Сяргей Сыс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG