Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самі вінаватыя. Ці могуць людзі нешта зрабіць, калі новабудоўля закрывае ім белы сьвет?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Жыхары і эколягі заўважаюць, як на «гучных» забудовах уносяцца зьмены ў праекты. Напрыклад, такое здаралася ня раз з будоўлямі кампаніі Dana Holdings, падкантрольнай сэрбскім бізнэсоўцам братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, асабіста знаёмым з Лукашэнкам. Ці можна з гэтым нешта зрабіць, разьбіралася Свабода.

Дамы прырасьлі на тры паверхі

Dana Holdings будуе жылы комплекс Vogue каля парку Чалюскінцаў. Дамы ўзводзяцца побач з паркам і Дзіцячай чыгункай. Жыхары кажуць, што ў параўнаньні з праектам, зьмены ўражвальныя: дамы прырастаюць паверхамі, зьяўляецца незапраектаваны раней стылябат, няма дзіцячых пляцовак.

Раней тут плянавалі 5-павярховікі. Дэталёвы плян, які зацьвердзілі Міністэрства культуры, Менгарвыканкам, ухваліла Галоўбудэкспэртыза, прайшоў грамадзкае абмеркаваньне ў 2014–2015 гадах, паведамляе Onliner.by.

Будаўніцтва жылога комплексу Vogue, 2018 год
Будаўніцтва жылога комплексу Vogue, 2018 год

Аднак цяпер замест пяці- збудуюць васьміпавярховыя дамы, «зблякаваныя» з 25-павярховымі.

Менгарвыканкам сьцьвярджае, што ўсё паводле закону, але жыхары ў гэтым сумняваюцца і закідваюць мясцовыя органы запытамі.

Сэрбскі забудоўнік Dana Holdings выступае заказчыкам найбуйнейшых будаўнічых праектаў у Менску, зацьверджаных Лукашэнкам.

Замест дзіцячага садка пачалі будаваць паркінг, высеклі гай

Каля мікрараёну «Маяк Менску» кампанія «Зомэкс Інвэстмэнт», якая ўваходзіць у склад буйнога інвэстара Dana Holdings, распачала будаўніцтва шматпавярховага паркінгу на тым месцы, дзе раней плянаваўся дзіцячы садок.

Падчас травеньскіх сьвятаў абгарадзілі пляцоўку і высеклі значную частку дрэваў у сквэры, што выклікала абурэньне ў жыхароў. Пашпарт аб’екта зьявіўся значна пазьней.

Пачатак работаў на пляцоўцы ля Дому міласэрнасьці, травень 2019 году
Пачатак работаў на пляцоўцы ля Дому міласэрнасьці, травень 2019 году

Жыхары сьцьвярджаюць, што, калі набывалі кватэры ў 2015 годзе, забудоўнік «Зомэкс Інвэстмэнт» паказваў плян, на якім у межах сквэру быў пазначаны дзіцячы садок. Паркінг мусіў быць на іншым баку.

Як патлумачыў «Зомэкс інвэстмэнт», месцы пабудовы паркінгу і дзіцячага садку памянялі. Цяпер там, дзе раней быў сквэр, зьявіцца будынак гаражнай стаянкі на 620 месцаў.

Замест васьмі паверхаў дзевяць, замест тэнісных кортаў — катэджы

ТАА «Тапас» узводзіць шматфункцыянальны комплекс каля сажалкі ў менскім заказьніку «Лебядзіны», што на паўночным захадзе Менску, побач з вадасховішчам «Дразды».

Эколягі заўважылі, што «Тапас» пачаў мяняць праект, які прадугледжваў малапавярховую забудову. Замест васьміпавярховіка тут без адпаведных дакумэнтаў узьведзены дзевяціпавярховы дом. Замест тэнісных кортаў паўстаюць катэджы.

Будоўля каля «Лебядзінага», 2018 год
Будоўля каля «Лебядзінага», 2018 год

Калі ў канцы 2018 году высьветлілася, што «Тапас» будуе «шматфункцыянальны комплекс» на землях, якія ўсё яшчэ ўваходзяць у тэрыторыю заказьніку, Лукашэнка падпісаў яшчэ адзін указ, які дадаткова зьменшыў межы «Лебядзінага».

ТАА «Тапас» — адзін з найбуйнейшых забудоўнікаў Менску. Узначальвае кампанію вядучы хакеіст прэзыдэнцкай каманды Павал Белы.

Чаму жыхары даведваюцца пра зьмены, калі будоўля ўжо пачалася?

Дзяніс Кобрусеў, архіўнае фота
Дзяніс Кобрусеў, архіўнае фота

Кіраўнік таварыства «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў тлумачыць, што глябальны рэглямэнт забудоваў гораду зафіксаваны ў генпляне. Ён праходзіць грамадзкае абмеркаваньне. Але ёсьць яшчэ плян дэталёвай забудовы, і трэба ў кожным канкрэтным выпадку разьбірацца, ці парушаны ён пры будаўніцтве.

Пакуль вядома, што Dana Holdings не займае новых тэрыторый пад будоўлю, а павялічвае колькасьць паверхаў. Атрымліваецца, што людзі ўкладалі грошы ў долевае будаўніцтва, зыходзячы з аднаго праекту, напрыклад плацілі даражэй за кватэры з добрым відам на парк, а цяпер гэты від можа быць перакрыты новабудоўляй. Атрымліваецца, яны страцілі грошы?

Будаўніцтва ў коле дзіцячай чыгункі, 2018 год
Будаўніцтва ў коле дзіцячай чыгункі, 2018 год

«Безумоўна, тут ёсьць падставы для таго, каб быць незадаволенымі. Праблема ў тым, што інтарэсы людзей, якія ўступаюць у долевае будаўніцтва; тое, наколькі можа мяняцца праект і ці будзе пра гэта паведамляцца ўласьнікам, якія ўклаліся, расплывіста прапісаныя ў заканадаўстве. І фактычна людзі з долямі слаба абароненыя. І Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва мусіць уносіць свае пастановы для абароны дольнікаў. Гэта павінна быць прапісана ў законе».

Паводле Кобрусева, дольнікі дзейнічаюць паасобку. Укладаючыся ў будаўніцтва аднаго дома, яны не ствараюць сваіх грамадзкіх аб’яднаньняў, якія б прадстаўлялі іхныя інтарэсы і былі ў пастаянным кантакце з забудоўнікам.

«Таму зь імі не раяцца і людзі пасьля сутыкаюцца з тым, што кватэра купленая, а дом ужо будзе выглядаць інакш. У выніку ў нас няма значных прэцэдэнтаў, калі людзі, якія ўклаліся ў долевае будаўніцтва, дзе праект быў зьменены, спрабавалі аб’ядноўвацца. Альбо праз суды і выстаўленьне пазоваў маглі ўплываць на забудоўнікаў. Адсутнасьць такой практыкі і дазваляе таму ж Dana Holdings мяняць практычна кожны свой праект».

«Людзі ішлі на сьвядомую рызыку»

Пакупнікі кватэр таксама павінны быць уважлівымі і правяраць гісторыі таго, як забудоўнік рэалізуе свае праекты.

«Калі канкрэтна казаць пра Dana Holdings, то бальшыня іх праектаў, сярод якіх і „Мір“, і „Маяк“, рэальна зьмяняліся падчас будаўніцтва. Таму пры набыцьці кватэр можна было чакаць, што Dana Holdings можа адысьці ад сваіх абавязаньняў і ня ўсё зробіць згодна з праектам. Людзі ішлі на сьвядомую рызыку, і гэтая рызыка не апраўдалася ў тых жа жыхароў Vogue».

Раён «Маяк Менску»
Раён «Маяк Менску»

Кампаніі зьмяняюць праект, каб зьнізіць кошт будаўніцтва. Альбо для таго, каб зарабіць грошы — калі заяўляецца меншы аб’ём, а насамрэч будуецца большы.

«Таму пытаньне, чаму гарадзкія ўлады даволі лёгка ўзгадняюць праекты, якія паніжаюць эстэтычную вартасьць дамоў і дакладна падманваюць жыхароў? Тут ужо трэба разьбірацца, наколькі кожны прыватны забудоўнік мае ўплыў на Менгарвыканкам і ў чым гэты ўплыў праяўляецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG