Будтрэст №1 абвясьціў тэндэр на закупку гранітных плітаў для рэканструкцыі помніка на менскай плошчы Перамогі — 170 тысяч м² граніту ацанілі ў 1 мільён 410 тысяч рублёў.
У тэндэры адзначаецца, што перад вырабам плітаў трэба правесьці замеры. Таргі пройдуць 20 жніўня.
Менскія ўлады ўжо пачалі рэканструкцыю плошчы, але што менавіта зьбіраюцца зрабіць, канчаткова не абвяшчалі. Менавіта на помніку, як казалі раней, будуць мяняць стылябат (верхнюю паверхню ступенчатага цокалю) абэліска ў цэнтры плошчы, рэканструяваць сам абэліск. Раней таксама сьцьвярджалася, што будуць рабіць электрычны падагрэў пакрыцьця плошчы.
З чым зьвязаны пачатак работ без завершанага праекту, не ўдакладняецца. Але ў пачатку траўня рэканструкцыю анансаваў старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак — ён казаў, ініцыятыва зьявілася пасьля ягонага асабістага абсьледаваньня аб’екта.
«Асабіста паглядзеўшы на яго стан, убачыў разьбітыя прыступкі, уздыбленую плітку; адвальваюцца пліты на выхадах да Вечнага агню, — расказваў чыноўнік. — Унізе волкасьць, няўтульна. А гэта месца, дзе мы прымаем дэлегацыі, дзе праходзяць ускладаньні вянкоў».
Тады сьцьвярджалася, што на рэканструкцыю накіруюць палову сродкаў, сабраных на рэспубліканскім суботніку, і адрамантуюць ня толькі плошчу, але і падземны пераход пад ёй. У пераходзе, казаў Сівак, зьбіраюцца паставіць відэапанэлі на сьценах, злучыць пераход з прыпынкамі наземнага транспарту «па прынцыпе сухіх ног».