Па справе аб забруджваньні расейскай нафты, якая пастаўлялася ў Беларусь, суд у Самары 15 траўня арыштаваў чатырох кіраўнікоў кампаній, яшчэ двух кіраўнікоў арыштаваў завочна. У судзе распавялі, як дастаўлялі забруджаную нафту ў трубаправод «Дружба», піша ТАСС.
Паводле сьледзтва нафту выкрадалі аўтамабільным транспартам і дастаўлялі перапрацоўваць на «міні нафтаперапрацоўчы завод». Атрыманыя сьветлыя нафтапрадукты прадаваліся трэцім асобам. Цяжкія нафтапрадукты, напрыклад, мазут і іншыя адходы вытворчасьці, дастаўляліся назад ў ААТ «Нефтеперевалка». Пастаўкі няякаснай нафты ажыцьцяўлялі пад відам вуглевадароднай сыравіны.
- Паводле сьледзтва, сума нанесенай шкоды склала больш 32 тысяч беларускіх рублёў (1 млн расейскіх рублёў).
- «Белнафтахім» ацэньваў страты ад недаатрыманай выручкі ад экспарту нафтапрадуктаў з-за няякаснай расейскай нафты ў суму каля 100 млн даляраў.
Суд прызнаў законным арышт:
- гендырэктара ААТ «Нефтеперевалка» Сьвятланы Балабай;
- намесьніка гендырэктара ААТ «Нефтеперевалка» Рустама Хуснутдзінава;
- гендырэктара ААТ «Петронефть актив» Уладзіміра Жогалева;
- намесьніка дырэктара ААТ «Магистраль» Сяргея Баландзіна;
- а таксама завочны арышт заснавальніка групы кампаній «Петронефть Рамана Трушэва;
- і завочны арышт гендырэктара «Самаратранснефть-терминал» Рамана Ружэчкі.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту