Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізноў дармаед. Тыя, каго выключалі з базы непрацоўных, пачалі атрымліваць «лісты шчасьця»


Ілюстрацыйнае фота. Гарадзкая скульптура ў Гомлі
Ілюстрацыйнае фота. Гарадзкая скульптура ў Гомлі

Некаторыя грамадзяне зноў атрымалі лісты зь мясцовых адміністрацый пра тое, што яны ўключаныя ў базу працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Паводле прэзыдэнцкага дэкрэту яны павінны аплачваць па поўных тарыфах некаторыя датаваныя дзяржавай камунальныя паслугі.

У лісьце паведамляецца, што калі грамадзянін або члены яго сям’і «знаходзяцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі», то неабходна зьвярнуцца (асабіста, праз паштовую сувязь ці электронную пошту) у мясцовую камісію па каардынацыі працы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва.

Там можна вырашыць пытаньне з вызваленьнем ад аплаты паслуг ЖКГ «з пакрыцьцём затрат».

Супрацоўніца адной з камісій патлумачыла, што калі грамадзянін атрымаў такі ліст, то, «па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва», ён унесены ў базу незанятых у эканоміцы.

Гэта азначае таксама, што час выключэньня з базы скончыўся і трэба прадставіць новыя дакумэнты.

Даведка з базы працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы
Даведка з базы працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску Тацяна Калядка сказала карэспандэнту Свабоды, што «дэкрэт ніхто не адмяняў, ён дзейнічае, а інфармацыя накіроўваецца тым, хто не працуе».

«Камісія стала працуе. І цягам усяго году мы атрымліваем удакладняльную інфармацыю, якая пацьвярджаецца дакумэнтамі і разглядаецца на камісіі. Таму я ня бачу ніякай надзвычайнай сытуацыі».

Тацяна Калядка не паведаміла, колькі лістоў раённая камісія накіравала «дармаедам» цягам апошніх месяцаў.

Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) зьвяртаўся ў Палату прадстаўнікоў з патрабаваньнем разгледзець «дармаедзкі» дэкрэт на адпаведнасьць Канстытуцыі Беларусі.

Аднак у Палаце прадстаўнікоў ня ўбачылі падставаў для звароту ў Канстытуцыйны суд наконт прэзыдэнцкага дэкрэту № 3, а Савет Рэспублікі наагул не разьбіраўся з праблемай.

Прафсаюз РЭП у сваім звароце да дэпутатаў адзначаў, што Канстытуцыя не прадугледжвае такога юрыдычнага паняцьця, як «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы».

Таму, на погляд прафсаюзу, палажэньне дэкрэту аб аплаце гэтай катэгорыяй грамадзян спажываных паслуг ЖКГ па адмыслова вызначаных тарыфах не грунтуецца на нормах Асноўнага Закону.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG