Вёску Чырвоны Кастрычнік на беразе Дняпра 27 ліпеня перадалі «ў добрыя рукі». Дзесяць гадоў таму паселішча заняпала з натуральных прычынаў. Старыя жыхары памерлі, маладыя даўно зьехалі ў горад.
Цяпер вёску ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласьці выкупілі гарадзкія. «Каб надаць новы сэнс вясковаму ладу жыцьця», — кажа адзін з «памешчыкаў», эколяг Зьміцер Янкоў.
27 ліпеня былыя гарадзкія — цяперашнія гаспадары Кастрычніка — арганізавалі для былых карэнных вяскоўцаў сьвята «Перадача культурна-гістарычных ключоў вёскі».
З дапамогай карэнных жыхароў была складзена мапа вёскі, пазначаны месцы, дзе стаяў чый дом. Новыя гаспадары плянуюць паставіць слупкі ці шыльды ля былых сядзіб, што сёньня зарасьлі елкамі.
Як паставіліся былыя карэнныя, што іх вёска перайшла ў чужыя рукі — да траіх прыяцеляў з Гомеля?
«Адрадзіць вёску ўжо ня ўдасца. Хоць нешта захаваць здолеюць новыя жыхары. Залатыя хлопцы!» — зазначыў былы жыхар вёскі Канстанцін Пінчукоў.
«Мы нараджаліся ля вады, зь дзяцінства як тыя апалонікі»
Чырвоны Кастрычнік заснаваны ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя. У лепшыя і горшыя часы тут было ўсяго каля 30 хатаў. Вакол азёры, увесну разьліваўся Дняпро. Вёска стаяла на высьпе сярод суцэльнай вады. Дзеці ў школу плавалі на чаўнах.
«Мы, дзеці Чырвонага Кастрычніка, нараджаліся каля вады. Зь пялюшак былі як тыя апалонікі. У школу ў суседнія вёскі Глушэц і Чорнае на чаўнах дабіраліся, калі паводка была ўвесну. Зімой дарогі ніхто ня чысьціў — старэйшыя ішлі наперадзе, пратоптвалі дарогу малодшым», — апавядае былы жыхар Чырвонага Кастрычніка Мікалай Пінчукоў.
«Чалавек бяз памяці — бездапаможная істота, якой лёгка маніпуляваць»
Вёска з часам заняпала. У канцы нулявых на яе, нябожчыцу, выпадкова натрапілі гомельскія падарожнікі. Абамлелі ад захапленьня.
«Шукалі сабе хату прыкупіць. Доўга па лесе, лузе — тут і цяпер асабліва няма дарогі. Раптам — вёска! Вуліца пустых дамоў. Унутры — мэбля, посуд. Нібыта людзі толькі выйшлі», — расказвае эколяг Зьміцер Янкоў.
Ён з прыяцелямі вырашылі атабарыцца тут.
З таго часу паселішча называецца «Арт-вёска». Новыя гаспадары праводзяць тут фэсты, пленэры, назіраньне за птушкамі і дзікай прыродай.
Гаспадарамі вёскі сталі фатограф і падарожнік Кірыла Краўцоў, эколяг Зьміцер Янкоў і геоляг Максім Новікаў. Яны не пасьпелі застаць тут карэнных мясцовых жыхароў.
«Як тут будаваліся і жылі людзі? Дзе стаялі іх дамы? Які быў іх лад жыцьця? — Гэтыя белыя плямы не давалі нам спакою. Мы вырашылі сабраць у вёсцы былых жыхароў, каб стварыць мапу вёскі, даць магчымасьць сустрэцца былым аднавяскоўцам. Памяць — гэта вельмі важна. Чалавек без памяці — бездапаможная істота, якой лёгка маніпуляваць», — зазначыў Зьміцер Янкоў.
«У горадзе надта сумна»
Зьміцер стала жыве ў Кастрычніку з 2013 году. Кажа, што ў Гомелі, дзе нарадзіўся, надта сумна. У горадзе Зьміцер працаваў эколягам. Зразумеў, што рабіць інструкцыі аб працы з адкідамі, экалягічныя пашпарты, інвэнтарызацыю крыніц выкідаў можна ня ў офісе, а на ўлоньні прыроды.
«У горадзе мне рабілася ўсе больш сумна, а сюды ўсе больш цягнула. З часам зьявілася сакральнасьць — што нешта важнае пачалося ў маім жыцьці, што ёсьць справы, якія маюць сапраўдны сэнс. Гэта выгадаваць нешта, атрымаць плады, паназіраць за прыродай», — кажа эколяг.
Ён марыць, каб былыя жыхары прыяжджалі ў Чырвоны Кастрычнік ня толькі на Радаўніцу.
«Нас аб’яднала гэтая зямля — старых і новых жыхароў. Гэтае яднаньне трэба падтрымліваць», — упэўнены Зьміцер.
Зьміцер цяпер гаспадар дома, дзе жыла бабка Канстанціна Шабетнікава.
Былы вясковец пакінуў сваю малую радзіму ў 70-х гадах. Атабарыўся ў Расеі. Але ў 90-х пацягнула ў Беларусь.
«У Расеі засталіся дзеці. Яны кажуць: тата, ну чаго ты туды едзеш? Кажу, што на радзіму. Яны кажуць, што радзіма там, дзе ўнукі. Не, не атрымліваецца ў мяне там. Радзіма там, дзе я нарадзіўся», — кажа Канстанцін.
«Я гладзіла рукамі шалёўку, якую дзядзька рабіў на бабінай хаце»
Вольга Манойліна нарадзілася ў Кастрычніку і пражыла тут, як і большасьць аднагодкаў, да таго часу, як скончыла школу. Потым традыцыйная гісторыя — паступленьні ў гомельскія навучальныя ўстановы, шлюб, дзеці, праца ў горадзе. Сёньня яна прывезла ў Чырвоны Кастрычнік дачку і ўнучак.
«У дзяцінстве я бывала тут у бабулі, маці маёй маці. Цяпер нічога не пазнаю — усё зарасло лесам. Я так уражана — зусім ня тое, што засталося ў мяне ў памяці ад вёскі. Трохі сумна ад гэтага», — кажа Ірына, дачка Вольгі.
Эмілія Мечыслаўская прыехала на малую радзіму зь Дзяржынскага раёну. За савецкім часам яна 22 гады пражыла з мужам у Кіргізстане. Потым вярнуліся ў Беларусь.
«У мяне сёньня эўфарыя такая! Я гладзіла рукамі шалёўку, якую дзядзька рабіў на бабінай хаце. Такія пачуцьці — не апісаць. Успамінаю, як мы плавалі ў школу на чоўне. Рака разьлівалася, мацяркі нашы стаяць на адным беразе Дняпра, мы па другім беразе бегаем — здаецца, і блізка, але і трапіць ня можам, хуткая плынь была. Чакалі, пакуль большыя хлопцы перавязуць нас», — успамінае Эмілія.
Яна ня верыць, што Чырвоны Кастрычнік мае будучыню як вёска.
«Аднавіць тут вёску — гэта наўрад ці. Але зрабіць гэтае месца прывабным для аматараў дзікай прыроды магчыма», — кажа былая жыхарка Кастрычніка.
Былыя жыхары вёскі разам з цяперашнімі абышлі паселішча, склалі яго мапу, паказалі месцы, дзе стаялі іхныя дамы.
Надаць вёсцы новы вобраз і сэнс
Цяперашні жыхар Кастрычніка Максім Новікаў уражаны сустрэчай з былымі насельнікамі вёскі.
«Яны прыехалі, выскачылі з аўтамабіляў, вокамгненна накрылі стол па прынцыпе «з рога ўсяго многа». Такое адчуваньне, што сабралася вялікая сям'я. Так цёпла было», — кажа Максім.
Ён працуе вахтавым мэтадам у «Беларуснафце». Кажа, што ў вёсцы ня можа быць сумна.
«Будаўніцтва ідзе, лазьню дарабляю, перарабіў дах. Жыву тут, бо свабода, цішыня, цемра ўночы, яркія зоркі. Калі зімой выйдзеш з хаты і ў цябе ў сене сьпіць лось — гэта таго варта, — зазначае Максім.
Ягоны прыяцель і цяперашні аднавясковец Зьміцер абяцае, што будзе і далей «прасоўваць вёску і „качаць“ сельскі лад жыцьця». Чырвонаму Кастрычніку ён хоча надаць новы сэнс, вёсцы — новы вобраз.