Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе апазыцыя ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, дату якіх назваў Лукашэнка


Падлік галасоў на парлямэнцкіх выбарах у верасьні 2016 году
Падлік галасоў на парлямэнцкіх выбарах у верасьні 2016 году

Аляксандар Лукашэнка прапанаваў правесьці выбары ў Палату прадстаўнікоў 7 лістапада 2019 году. Ці возьмуць у іх удзел апазыцыйныя палітычныя сілы краіны?

«Мы ўжо працуем»

Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ:

«Па магчымасьці, па жаданьні будзем таксама прымаць удзел. Плянуем вылучаць кандыдатаў. Мы ўжо працуем.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Разам зь іншымі рыхтуем каманду па арганізацыі назіраньня за выбарамі ў рамках кампаніі „Права выбару“. Мы разьлічвалі, што напрыканцы гэтага году адбудзецца выбарчая кампанія. Чаму гэтая дата? Лукашэнка — прасавецкі чалавек, таму для яго савецкія сьвяты засталіся сьвятамі».

«Добрая нагода ўзмацніць працу зь людзьмі»​

Юрась Губарэвіч, лідэр руху «За свабоду»:

«Я асабіста пляную браць удзел, і яшчэ будзе выстаўлена каманда кандыдатаў ад руху „За свабоду“, хутчэй за ўсё ў рамках адзінага сьпісу правацэнтрысцкай кааліцыі. Гэта добрая нагода ўзмацніць працу зь людзьмі на акрузе па тых праблемах, якія ёсьць у тым жа Першамайскім раёне Менску.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Я адчуваю, што будзе добрая падтрымка людзей, бо мы сыстэмна зь імі працуем, каб улада прыслухоўвалася да іх, калі вядзецца гаворка пра ўшчыльненьне ці высечку зялёных тэрыторый. Выстаўляць ультыматум і не вылучацца, калі не памяняецца выбарчы кодэкс, — гэта хібны шлях. Няўдзел — гэта якраз форма легітымізацыі таго, што робіць Лукашэнка з выбарамі ў Беларусі».

«Абавязкова будзем удзельнічаць»

Андрэй Дзьмітрыеў, адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду»:

«Мы абавязкова будзем удзельнічаць. Для нас фактычна пачалася парлямэнцка-прэзыдэнцкая кампанія, бо мы іх не падзяляем паміж сабой. Мы будзем выстаўляць кандыдатаў. Мы ўжо рыхтуемся ў акругах. І кандыдаты ў парлямэнт потым становяцца даверанымі асобамі кандыдата ў прэзыдэнты ад „Гавары праўду“.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Прызначыўшы выбары на 7 лістапада, Лукашэнка адымае 25% часу і паўнамоцтваў у Палаты прадстаўнікоў. Паўнамоцтвы ў Палаты — чатыры гады, а цяпер іх фактычна скарацілі да трох. Няма ніякіх нагодаў датэрмінова праводзіць выбары. Можна было праводзіць у 2020 годзе ці сумяшчаць адны з аднымі. Ну, але калі прэзыдэнт так вырашыў, мы гатовыя».

«Мы даўно рыхтуемся»

Мікалай Казлоў, выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

«АГП заўсёды актыўна бярэ ўдзел у выбарах у той ці іншай форме. У гэтай кампаніі мы вырашылі ўдзельнічаць. І браць ня колькасьцю, а якасьцю кандыдатаў.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Мы зьбіраемся прадставіць для грамадзтва сваю праграму, сваю альтэрнатыву. І скарыстацца ўсімі магчымасьцямі, якія адкрываюцца ў гэты пэрыяд. Хоць мы разумеем, што на сёньня не даводзіцца разьлічваць на сумленны падлік галасоў, на справядлівыя выбары. Але ўсімі магчымасьцямі трэба карыстацца, і мы будзем карыстацца. Мы даўно рыхтуемся».

«Выкарыстаем кампанію дзеля раскруткі адзінага кандыдата»

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі:

«БХД разам з правацэнтрысцкай кааліцыяй у рэчышчы супольнай стратэгіі будзе выкарыстоўваць гэтую выбарчую кампанію. Будзем вылучаць нашых прадстаўнікоў, праводзіць агітацыю.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

Асноўная яе мэта — папулярызаваць нашы пляны палітычных, эканамічных і сацыяльных рэформаў. Каб прымусіць беларускі ўрад пайсьці на саступкі, на рэформы. Як мы і прагназавалі, парлямэнцкая кампанія пройдзе перад прэзыдэнцкай. І мы яе выкарыстаем таксама дзеля раскруткі адзінага кандыдата».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG