Улады вырашылі «ўшчыльніць» жыхароў Навабеліцкага раёну Гомля. Летась спроба уціснуць шматпавярховы дом сярод старой забудовы не была пасьпяховай — жыхары мікрараёну актыўна выказаліся супраць. Улады адступілі. Праз год чыноўнікі прапанавалі новую канцэпцыю забудовы на вуліцы Піянэрскай.
Грамадзкія слуханьні аб канцэпцыі будаўніцтва 11-павярховага дому на вуліцы Піянэрскай праводзіць адміністрацыя Навабеліцкага раёну Гомля. Прадстаўнікі ўлады і замоўца будаўніцтва 25 ліпеня сустрэліся з жыхарамі вуліцы. Канцэпцыю прадстаўляў намесьнік начальніка аддзелу ЖКГ адміністрацыі раёну Аляксандар Саковіч.
Большасьць удзельнікаў сходу выступілі супраць будаўніцтва новага дому ў сябе пад вокнамі.
Іх аргумэнты:
- у мікрараёне не хапае паліклінік, садкоў, школ, бальніц, крам, паштовых аддзяленьняў і банкаў;
- не будуецца інфраструктура;
- парушаецца права на спрыяльнае экалягічнае асяродзьдзе;
- дрэвы і кусты будуць высечаныя;
- бракуе парковак;
- «павысіцца шчыльнасьць насельніцтва безь ніякай на тое вострай неабходнасьці»;
- падвысіцца ўзровень загазаванасьці і забруджанасьці паветра;
- прасторны двор дому № 9 па вуліцы Піянэрскай паступова ператвараецца ў цёмны калодзеж
- каменны мяшок.
Удзельнікі сходу зьвярнулі ўвагу, што летась жыхары мікрараёну сабралі больш за 600 подпісаў супраць ушчыльненьня. Адміністрацыя раёну прыслухалася да людзей і прыйшла да высновы, што будаўніцтва новага дому «немэтазгоднае». У адказе грамадзянам чыноўнікі згадзіліся, што сапраўды ў мікрараёне бракуе паліклінік, садкоў і школ. За год быў пабудаваны толькі адзін садок — на мікрараён з насельніцтвам больш як 70 тысяч чалавек.
Дзеці вучацца ў тры зьмены, у паліклініку ня трапіць
«У школе № 15 — дзесяць першых клясаў! Дзеці вучацца ў тры зьмены. Нам прапаноўваюць вазіць дзяцей вучыцца ў іншы мікрараён. Але школьнікам тады трэба падымацца на дзьве гадзіны раней. На ўвесь мікрараён толькі адна дзіцячая паліклініка. Каб дзіця здало аналізы — ад пятай раніцы чаргу займаем!» — абураліся на сходзе жыхары Піянэрскай.
Жыхары Піянэрскай заўважылі: каб на месцы прыватнага сэктару будавалі паліклініку, садок ці школу — яны б падтрымалі будаўніцтва.
«Я б тут зрабіў дзіцячую пляцоўку ці скейт-парк. Калі будаваць тут чарговы дом — тут будуць проста каробкі зь людзьмі і ніякай эстэтыкі. Хай бы паліклініку пабудавалі — тое, што патрэбна маладым сем’ям», — заўважыў жыхар Піянэрскай Ягор.
Жыхары прыватных дамоў ухваляюць знос і новабудоўлю
Калі канцэпцыю ўхваляць на архітэктурнай радзе, прыватныя дамы № 33 і 35 па вуліцы Піянэрскай зьнясуць.
Цяпер гэтыя дамы ня ў лепшым стане — і самі ня блішчуць хараством, і жыць у іх ня надта камфортна. Іх жыхары выступаюць за новабудоўлю.
«Мы таксама хочам жыць у добрай кватэры, як і вы! У нас не пыталіся дазволу, калі будавалі вашы дамы. Мы ня можам на свой гарод выйсьці — вы на нас пазіраеце з балькона. Бруд і вада да нас цячэ ад вас — бо мы ў нізіне паміж вашымі дамамі жывём. Я сорак гадоў душуся тут. Хачу пажыць у нармальных умовах», — абурыўся жыхар дому № 33 Валер Трацьцяк.
Грамадзкія абмеркаваньні працягнуцца да 1 жніўня. Усе ахвотныя могуць пісьмова выказаць сваё меркаваньне наконт канцэпцыі забудовы.