Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Омск Карбон Магілёў» зьбіраецца запусьціцца. Мясцовыя жыхары кажуць, што гэта будзе «швах»


Прадпрыемства з расейскім капіталам «Омск Карбон Магілёў», якім занепакоеныя эколягі і мясцовыя жыхары, плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў чацьвёртым квартале 2019 году.

Пра гэта журналістам паведаміў гендырэктар Марат Ізгібаеў.

«Гэта першы тэхналягічны паток, адна вытворчая лінія магутнасьцю 40 тысяч тон у год».

Цяпер прадпрыемства збудавана на 75%.

24 ліпеня кампанія арганізавала сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ, Нацыянальнай акадэміі навук, прыродаахоўных і санітарна-эпідэміялягічных службаў, мясцовых жыхароў. Асноўнай тэмай была экалягічная бясьпека, бо не спыняюцца спробы «абсалютна беспадстаўна дыскрэдытаваць праект у цэлым у вачах ня толькі грамадзкасьці, але і дзяржаўных органаў».

Кампанія лічыць, што грамадзкая экалягічная экспэртыза «прайшла з парушэньнем заканадаўства». У інтэрнэт-пэтыцыі «Абаронім экалёгію Магілёва» гаворыцца, што «Омск Карбон Магілёў» «не адпавядае тэхналягічным нормам, будуецца з грубейшым парушэньнем прыродаахоўнага заканадаўства, нясе пагрозу жыцьцю і здароўю жыхароў прылеглых тэрыторый». На прадпрыемстве заявілі, што гэтая інфармацыя «не адпавядае сапраўднасьці», а праект рэалізуецца «ў рамках дзейнага заканадаўства».

«Мы плянуем зь верасьня па кастрычнік, і захапіць лістапад, праводзіць апрабаваньне пускавога комплексу», — сказаў Марат Ізгібаеў.

Марат Ізгібаеў, гендырэктар «Омск Карбон Магілеў»
Марат Ізгібаеў, гендырэктар «Омск Карбон Магілеў»

Магутнасьць плянуецца павялічыць да 200 тысяч тон

Паводле Ізгібаева, ёсьць усе неабходныя экспэртызы, сярод якіх экалягічная, на будаўніцтва прадпрыемства вытворчай магутнасьцю 160 тысяч тон у год. Аднак кампанія плянуе павялічыць магутнасьць да 200 тысяч тон. Па гэтай праектнай дакумэнтацыі пакуль няма экалягічнай экспэртызы адносна ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

«Мы распрацавалі праект санітарна-ахоўнай зоны. Ацанілі ўзьдзеяньне нашага прадпрыемства, сумесна з нашымі прадпрыемствамі-суседзямі, на навакольнае асяродзьдзе на мяжы санітарна-ахоўнай зоны, таксама ў вёсках Вейна і Ўсход. Апроч таго, у нас праведзеная ацэнка рызыкаў узьдзеяньня выкідаў на здароўе насельніцтва. Гэта тычыцца праектнай магутнасьці на 200 тысяч тон. Цяпер мы праводзім праектаваньне і ўсе неабходныя працэдуры».

«Омск Карбон Магілёў» не прызнае выкіду сажы

У 2018 годзе на «Омск Карбон Магілёў» цягам месяца праводзіліся пуска-наладачныя працы. Пасьля выпуску першай прадукцыі адбыўся выкід шкодных рэчываў. Жыхары пасёлку Вейна (за кілямэтар ад прадпрыемства) казалі, што іх «накрыла сажай» з заводу ў ноч з 17 на 18 лістапада. Было выяўлена перавышэньне нарматыву цьвёрдых крупінак у 40 разоў. Пры нарматыве 17,01 мг/м³ фактычная колькасьць крупінак была 690,17 мг/м³.

Пасьля зафіксаванага выкіду прадпрыемства працавала яшчэ некалькі дзён. Потым аб’ект прыпынілі. Паводле абласнога камітэту прыродных рэсурсаў — «для правядзеньня поўнай рэвізіі тэхналягічнага абсталяваньня на цэласнасьць і спраўнасьць».

Цяпер на «Омск Карбон Магілёў» кажуць, што выкід быў не ад іх, бо «па тэхналёгіі гэтага ня можа быць». Маўляў, пры такой канцэнтрацыі павінен быў быць чорны дым, але «ні чорнага дыму, ні чорнага сьнегу вакол прадпрыемства не было».

«Мы заяўляем, што, магчыма, такую лічбу атрымалі ў выніку некарэктнага забору пробаў. Мы не бяром адказнасьці і за іншых суб’ектаў гаспадараньня, якія знаходзяцца на тэрыторыі гэтага ўчастка свабоднай эканамічнай зоны. Была падобная сытуацыя ў Омску, дзе жыхары спрабавалі абвінаваціць „Омсктэхвуглярод“ у выкідзе сажы. Але там было выразна ўстаноўлена, што гэта быў выкід ня сажы, а попелу з суседняга прадпрыемства ТЭЦ-5», — сказаў прадстаўнік «Омск Карбон Магілёў» Андрэй Буракоў.

«Ніякіх форс-мажорных сытуацый не было»

Паводле Андрэя Буракова, «на сёньняшні дзень ніякіх форс-мажорных сытуацый не было». Але рэалізаваная сыстэма безаварыйнай працы аналягічная той, якая ёсьць на заводзе ў Омску.

«Усё цяпер рэгулюе аўтаматыка. То бок чалавечы фактар выключаны. Пры ўзьнікненьні няштатных сытуацый аўтаматыка будзе спрацоўваць і спыняць тыя ці іншыя працэсы. За апошнія 10 гадоў гэтая аўтаматыка ў Омску ніколі не спрацоўвала. Будзем спадзявацца, што ў Магілёве будзе тое ж самае».

Што абяцаюць на прадпрыемстве?

На заводзе распавялі, што сыстэма ліўневых стокаў будзе ўнутрызаводзкая, яна ня мае кантакту з гарадзкой каналізацыяй. Частку вады возьмуць з Дняпра, але свайго водазабору ня будзе. Вада будзе паступаць па дамове з «Хімвалакна».

На дымавых трубах ствараецца аўтаматызаваная сыстэма бесьперапыннага кантролю за выкідам забруджвальных рэчываў у атмасфэру. Дадзеныя зь яе ў онлайн-рэжыме будуць перадавацца кантрольным органам.

Ад 5 да 10% тэхвугляроду, які атрымліваецца ў тэхналягічным працэсе, абяцаюць лавіць адмысловым фільтрам.

«Выкарыстоўваецца фільтравальная тканіна, якая вырабляецца па амэрыканскай тэхналёгіі, адмыслова прамочаная», — сказаў Марат Ізгібаеў.

Прадпрыемства таксама абяцае азеляніць вытворчую пляцоўку і санітарна-ахоўную зону з боку Гомельскай шашы. Ужо высаджана больш за 8 тысяч дрэваў і хмызьнякоў. Але «патрэбны час, каб дрэвы вырасьлі», да таго ж трэба інвэнтарызаваць і дрэвы, якія не прыжыліся.

Пра чорны вуглярод

У праектнай дакумэнтацыі пазначаныя элемэнты, якія ідуць на выкід.

Сярод 35 асноўных забруджвальных рэчываў — дыяксыд серы, дыяксыд азоту, аксыд вугляроду. Сярод спэцыфічных рэчываў — чорны вуглярод, які складае 1% ад агульнага выкіду. На прадпрыемстве сказалі, што наначасьцінак, шкодных для чалавека, на вытворчасьці не ўтвараецца. Гэта пацьвердзіў і прадстаўнік Інстытуту цепла- і масаабмену беларускай Акадэміі навук Сяргей Філатаў.

Сяргей Філатаў
Сяргей Філатаў

«Мы ўбачылі вельмі сучаснае прадпрыемства. Прымененыя самыя новыя тэхналягічныя рашэньні, многія зь іх прапанаваныя беларускім ААТ „Гіап“. Тэхналёгія тут энэргазьберагальная і экалягічна чыстая.

Работа гэтага прадпрыемства ня зьменіць экалягічную сытуацыю і не паўплывае на здароўе грамадзян. І наагул, без парушэньня тэхналягічнага працэсу гэтае прадпрыемства ня можа зрабіць выкід шкодных забруджвальных рэчываў у атмасфэру. Тут вельмі добра ўсё прадумана», — сказаў Сяргей Філатаў.

Намесьнік галоўнага лекара Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксей Давыдаў таксама кажа, што «ня варта чакаць усплёску нейкіх захворваньняў у сувязі з уводам прадпрыемства ў эксплюатацыю».

Аляксей Давыдаў
Аляксей Давыдаў

Начальнік філіялу «Магілёўаблгідрамэт» Мікалай Костусеў паведаміў, што плянуецца стварыць сыстэму апэратыўнага кантролю стану атмасфэрнага паветра ў раёне СЭЗ № 4 Магілёва ў онлайн-рэжыме з прымяненьнем сэнсарных датчыкаў. Але гэты праект пакуль на стадыі распрацоўкі. Яго зьбіраюцца канчаткова рэалізаваць у 2021 годзе.

«Па чорным вугляродзе на даручэньне міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Белгідрамэт зьвярнуўся ў Расгідрамэт. Нам прадстаўленая мэтодыка вызначэньня гэтага рэчыва. Яна ўжо ўнесеная ў рэестар РБ. Магілёўаблгідрамэт закупляе абсталяваньне, хімрэактывы, і да канца гэтага году мы будзем гатовыя працаваць па вызначэньні чорнага вугляроду».

«Калі атрымаецца, мяркую пераехаць бліжэй да працы»

Да пратэстаў мясцовых жыхароў супраць запуску заводу на прадпрыемстве ставяцца «заклапочана».

Марат Ізгібаеў
Марат Ізгібаеў

«Мы разумеем грамадзкасьць і імкнёмся да таго, каб максымальна зьменшыць гэтыя напружанасьці», — сказаў Марат Ізгібаеў.

Сам гендырэктар жыве значна далей ад «Омск Карбон Магілёў», чым жыхары Вейна — на супрацьлеглай ускраіне Магілёва.

«Разглядаю магчымасьць, калі атрымаецца, пераехаць бліжэй да працы зь сям’ёй».

«Гэта ўсё паперы, гэта ўсё словы»

Жыхар Вейна Ўладзімер Каралёў — сярод тых, хто пратэстуе супраць заводу. Запэўніваньні кіраўніцтва заводу ў экалягічнай бясьпецы ён назваў «песьнямі».

«Гэта ўсё паперы, гэта ўсё словы. А як будзе насамрэч? Гэта будзе швах. У іх стаіць расейскае абсталяваньне, і тэхналёгія ў іх расейская. А па водгуках людзей, у Омску і Валгаградзе, дзе ёсьць такія ж вытворчасьці, вельмі дрэнная экалягічная сытуацыя. Хоць яны кажуць, што рукавы памянялі, фільтры дадатковыя паставілі, кантрольнае абсталяваньне. Пэўны час яны будуць захоўваць, а потым будзе як і ў Омску. Мы сабралі паўтары тысячы подпісаў супраць заводу, але да нас ніхто не прыслухаўся. Але як „дыхне“ пару разоў, дык увесь Магілёў паднімецца».

Сустрэча з журналістамі,прадстаўнікамі ўлады і мясцовымі жыхарамі на «Омск Карбон Магілёў»
Сустрэча з журналістамі,прадстаўнікамі ўлады і мясцовымі жыхарамі на «Омск Карбон Магілёў»

Уладзімер Каралёў прапаноўваў хаця б замарозіць вытворчасьць да 80 тысяч тон у год, а не пашыраць яе.

«І каб людзі яго за зялёнай зонай ня чулі, ня бачылі і не адчувалі. Зрабіце аб’ёмы вытворчасьці для патрэб Беларусі, а астатняе замарозьце. Папрацуйце гады два-тры, а потым паглядзім — калі ёсьць чысьціня і экалёгія, тады выходзьце на праектную магутнасьць. Ну хто будзе прыслухоўвацца?! Нават абяцанай пасадкі лесу замест высечанага ня будзе. Раней Мясьніковіч сказаў, што Магілёў будзе горадам вялікай хіміі».

Мясцовыя жыхары Ўладзімер Каралеў і Тацяна Паўлоўская, якія пратэстуюць супраць вытворчасьці «Омск Карбон Магілеў»
Мясцовыя жыхары Ўладзімер Каралеў і Тацяна Паўлоўская, якія пратэстуюць супраць вытворчасьці «Омск Карбон Магілеў»

Паводле мясцовай жыхаркі, пэнсіянэркі Тацяны Паўлоўскай, мясцовых чыноўнікаў, адказных за экалёгію, трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за тое, што дапусьцілі будаўніцтва заводу «Омск Карбон Магілёў».

«Я лічу, што гэта генацыд супраць народу. Апроч таго, свабодная эканамічная зона пашыраецца. Яе трэба скарачаць. Калі ўсё будзе ісьці такімі ж тэмпамі, то яшчэ два населеныя пункты можна будзе пахаваць. Я лічу, што гэта маленькі Чарнобыль. Тут пяць анкалягічна небясьпечных вытворчасьцяў. Гэта ж з дня ў дзень будуць труціцца людзі. Калі ім так цяжка, многа ўклалі, то няхай кожная сям’я дасьць ім па 50 даляраў, каб іх куды-небудзь перасялілі».

«Шмат прычын, каб не працаваць»

Ініцыятар грамадзянскай кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бадзілёў кажа, што пра павелічэньне вытворчасьці цяпер ня можа ісьці гаворка.

«Даверу няма. Калі пачыналі будавацца, яны казалі, што ўсё будзе добра. І вось адразу пасьля першага пуску быў выкід сажы. Дзяржаўная экалягічная экспэртыза ня выдала дакумэнты на павелічэньне магутнасьці вытворчасьці з прычыны недахопаў, якія ёсьць у тэхнічнай дакумэнтацыі. Яе мы вывучалі пры правядзеньні грамадзкай экалягічнай экспэртызы. Паўстае пытаньне, што, напэўна, дакумэнтацыя, на падставе якой будаваўся завод, таксама ня вельмі добрая і дакладная. І як яны зьбіраюцца працаваць? Няма станцыі маніторынгу паветра. Яна будзе ўсталяваная толькі ў красавіку 2020 году. Там шмат прычын, каб не працаваць. І як яны зьбіраюцца запускацца ў гэтым годзе?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG