Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія праваабаронцы зладзілі манстрацыю. Пратэставалі супраць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах


Пікетаваньне ў форме манстрацыі* прайшло з дазволу магілёўскага гарвыканкаму. Праваабаронцы на бязьлюдным стадыёне выказалі «зьмешаныя пачуцьці пра свабоду мірных сходаў у Беларусі».

* Манстрацыя — гэта масавая мастацкая акцыя з апалітычнымі ды абсурдысцкімі лёзунгамі і транспарантамі, якія змушаюць гледачоў пераасэнсоўваць існуючую рэальнасьць. Ёю выказваецца пратэст супраць адсутнасьці публічнай палітыкі і ўцісканьня грамадзянскіх свабод.

Апошні раз у Магілёве мясцовая ўлада дазваляла грамадзянам праводзіць масавае мерапрыемства на вызначанай ёю самой пляцоўцы сем гадоў таму.

На шасьцярых пікетоўцаў — чацьвёра міліцыянтаў

Сваю акцыю праваабаронцы зладзілі ўдалечыні ад людных гарадзкіх мясьцін. Шасьцёра ўдзельнікаў на бязьлюдным стадыёне стаялі зь лёзунгамі ды транспарантамі, якія, паводле задумы арганізатараў, меліся прыцягваць да сябе ўвагу сарказмам ды абсурдам.

Манстрацыя пад аховай міліцыі
Манстрацыя пад аховай міліцыі

За пікетам назіралі чацьвёра міліцыянтаў. Адзін зь іх здымаў на відэакамэру. Акрамя праваахоўнікаў былі журналісты і невялікая грамада тых, хто прыйшоў падтрымаць пікетоўцаў. За 40 хвілінаў акцыі пацікавіцца, што адбываецца на стадыёне, падышло толькі двое мінакоў.

«Наша манстрацыя — гэта пратэст супраць абсурднай сытуацыі з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах. Пляцоўка, на якой мы пратэстуем, нікому не цікавая», — адзначае адзін з арганізатараў манстрацыі Аляксей Колчын. Ён кажа, што давядзе «справу аб праведзеным пікеце камітэту ААН па правам чалавека, бо плаціць за правы — найвышэйшая форма абсурду».

Каб правесьці пікет праваабаронцы заплацілі 143 рублі:

  • 75 рублёў — паслугі міліцыі;
  • 23 рублі — прысутнасьць на акцыі брыгады хуткай дапамогі;
  • 45 рублі — дарожна-маставому прадпрыемству. Супрацоўнікаў гэтай арганізацыі на стадыёне не зьявіліся.

Што было да манстрацыі?

Апошняе масавае мерапрыемства на стадыёне, што на вуліцы Чалюскінцаў, адбылося ў лістападзе 2012 году. Тады прыхільнікі «расейскай манархіі» правялі «Славянскі марш».

Гледачы пэрформансу праваабаронцаў
Гледачы пэрформансу праваабаронцаў

Месяц таму на гэтым самым стадыёне гарвыканкам не дазволіў пікет з патрабаваньнем пераносу хімічнага прадпрыемства з расейскім капіталам «Омск Карбон» з-пад Магілёва на малую радзіму Аляксандра Лукашэнкі ў вёску Александрыю, што ў Шклоўскім раёне. Адмова была аргумэнтаваная тым, што на стадыёне ў дзень правядзеньня пікету заплянаваны футбольны турнір.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG