Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус у францускай сьпякоце: «Увялі максымальны ўзровень трывогі, але што гэта азначае — не патлумачылі»


Тэрмомэтар на вуліцы ў Парыжы
Тэрмомэтар на вуліцы ў Парыжы

У Парыжы пабіты тэмпэратурны рэкорд, незадоўга да 2 гадзінаў дня ў чацьвер мэтэаролягі намерылі 40,6 градусаў. Папярэдні рэкорд — 40,4 градусаў — быў зафіксаваны ў ліпені 1947 году.

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на заяву францускай мэтэаралягічнай службы Météo-France. Тэмпература ў краіне працягвае расьці, дадаюць францускія ўлады.

Францыя ўжо перажыла рэкордна цёплае надвор’е ў канцы чэрвеня, калі на поўдні краіны, у Гардзе, тэрмомэтры паказалі 45,9 градусаў. Але тады чырвоны ўзровень трывогі быў уведзены толькі ў паўднёвых рэгіёнах краіны — цяпер жа максымальны трывожны ўзровень упершыню ўведзены і на поўначы.

Людзі асьвяжаюцца ў фантане ля Эйфэлевай вежы
Людзі асьвяжаюцца ў фантане ля Эйфэлевай вежы

​— Чырвоны ўзровень ўвялі, але што гэта азначае — не патлумачылі, — расказвае беларус Віталь Карабко, як жыве ў Парыжы. Віталь працуе кіроўцам грузавіка, і званок Свабоды засьпявае яго на трасе «Парыж-Ліль». — Цяпер у мяне за шклом тэрмомэтар паказвае 43 градусы: і гэта аўтастрада, ня горад. У машыне яшчэ так-сяк: усё ж кандыцыянэр, але калі даводзіцца выйсьці — хоць памірай. А выходзіць даводзіцца часта: маторы пераграваюцца, паломкі адна за адной.

Хуткасьць

У гэтыя дні ў Францыі кіроўцам прадпісана езьдзіць з паніжанай на 20 кілямэтраў хуткасьцю, але амаль ніхто не прытрымліваецца правіла:

— А калі раптам нехта зьніжае — усе астатнія кіроўцы сыгналяць, каб не затрымліваў. У ваколіцы вялікіх гарадоў забаронена ўяжджаць машынам, старэйшым за 4 гады, каб не забруджваць паветра, але зноў жа, праверак я ня бачыў.

Загадана зьмяншаць хуткасьць і цягнікам. На чыгунцы яшчэ адна праблема: рэйкі не вытрымліваюць сьпёкі і дэфармуюцца. Цягнікі спазьняюцца, графік парушаны.

Вада

Француская чыгунка і кіраўніцтва грамадзкага транспарту ў Парыжы заклікалі людзей па магчымасьці адкласьці свае перамяшчэньні і працаваць, хто можа, з дому. «Не забывайцеся піць, рэгулярна прымаць душ», — пастаянна нагадваюць радыёстанцыі, тэлевізары і рэклямныя шчыты. Але ўладальнік кампаніі, на якую працуе Віталь, не парупіўся ні скараціць працоўны дзень кіроўцам, ні забясьпечыць вадой. А тое, што Віталь бачыць з вакна свайго грузавіка, кажа, што ня надта пераймаюцца і некаторыя іншыя працадаўцы:

— Цяпер я пад’яжджаю да Ліля — бачу, тут ідуць дарожныя работы, іх ніхто не спыняў. Кладуць гарачы асфальт, пыл стаіць, людзі працуюць на санцапёку.

Сэрца

Хваля сьпёкі выклікае ва ўладаў заклапочанасьць, што можа паўтарыцца сытуацыя 2003 году, калі праз анамальную сьпёку ў Эўропе памерла некалькі дзясяткаў тысяч людзей.

— Дактары нібыта павінны абзвоньваць у гэтыя дні сардэчнікаў, кантраляваць здароўе. Але, напрыклад, мне, хоць я і на ўліку з праблемамі сэрца, ніхто не званіў.

Нечаканасьці

  • Рэкордная сьпякота ў чацьвер і ў іншых гарадах краіны — у Лілі, Руане, Дыжоне, Стразбуры: па Эўропе йдзе другая хваля гарачыні, якая павінна дасягнуць кульмінацыі ў пятніцу. Потым абяцаюць, што тэмпэратура за суткі ўпадзе на 20 градусаў.
  • Празь сьпёку пацярпеў знакаміты францускі бровар 3 Monts на поўначы краіны. Ад вялікай тэмпературы павыскоквалі коркі з піўных бутэлек, ужо падрыхтаваных да продажу. Коркавая кананада перапалохала ўначы жыхароў.
  • Кепскія навіны для карпа, плоткі, ліня, шчупака: вада ў рыбных стаўках дасягае 34 градусаў, рыба гіне.
  • Дарэчы, у гэтыя дні пераграваецца і вэб-сайт прагнозу надвор'я Météo France. З прычыны вялікай колькасьці запытаў плятформа час ад часу робіцца недаступнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG