Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі прасілі». МУС патлумачыла, чаму ўвялі адказнасьць за рэабілітацыю нацызму


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зьмены ў Крымінальным кодэксе, якія падпісаў Аляксандар Лукашэнка 23 ліпеня, увялі крымінальную адказнасьць за рэабілітацыю нацызму.

Цяпер за «наўмысныя дзеяньні ў рэабілітацыі нацызму» будзе пагражаць да 5 гадоў пазбаўленьня волі, як і за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці».

Міністэрства ўнутраных справаў апублікавала камэнтар да гэтага закону, к якім сьцьвярджае, што гэта дазволіць прыцягваць да адказнасьці асобаў, якія «перасьледуюць мэту зьмяніць сьвядомасьць людзей, падмяніць іх каштоўнасныя арыентыры, сфармаваць у іх пачуцьце сацыяльнай варожасьці і нянавісьці».

Як сьцьвярджае начальнік 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіК Міхаіл Бядункевіч, да такіх зьменаў у заканадаўстве прычынай стала «абурэньне простых людзей, перад якімі ўсё часьцей сталі красавацца сваімі фашысцкімі татуіроўкамі і вітаньнямі».

«Пры тым у інтэрнэце сталі распаўсюджвацца псэўдагістарычныя публікацыі, якія скажаюць падзеі мінуўшчыны, апраўдваюць нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, ухваляюць іхныя жахлівыя злачынствы», — кажа ён.

Адказнасьць за ўзьнікненьне нэанацызму Бядункевіч усклаў на «некаторыя эўрапейскія дзяржавы» (канкрэтныя дзяржавы не назваў), якія «ўзялі курс на падтрымку нэанацысцкіх настрояў» — адтуль, кажа ён, «падаграюць спробы перакруціць выкікі Вялікай айчыннай вайны».

У сувязі з законам, падпісаным Лукашэнкам, у сацсетках і СМІ прыгадалі, што ён сам казаў словы, якія могуць быць расцэненыя як рэабілітацыя нацызму:

«Гісторыя Нямеччыны — гэта зьлепак у нейкай ступені гісторыі Беларусі на пэўных этапах, — казаў у 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію нямецкай газэце Handelsblatt. — У свой час Нямеччына была паднятая з руінаў дзякуючы вельмі жорсткай уладзе. І ня ўсё толькі дрэннае было зьвязана ў Нямеччыне зь вядомым Адольфам Гітлерам. Я падкрэсьліваю, што ня можа быць у нейкім працэсе ці нейкім чалавеку ўсё чорнае ці ўсё белае. Ёсьць і станоўчае. Гітлер сфармаваў магутную Нямеччыну дзякуючы моцнай прэзыдэнцкай уладзе, бо нямецкі парадак фармаваўся стагодзьдзямі, пры Гітлеру гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта».

Затым Лукашэнка адмаўляўся ад гэтых словаў: хоць іх перадавалі ў тым ліку ў дзяржаўных беларускіх СМІ, ён казаў, гэта «фальшыўка самая сапраўдная, сфабрыкаваная ў Польшчы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG