Аляксандар Лукашэнка 22 ліпеня сустрэўся зь міністрам замежных справаў Сырыі, віцэ-прэм’ерам ураду Башара Асада Валідам аль-Муалімам, піша БелТА.
Прадстаўніку ўраду Асада ён заявіў, што «мы гатовыя зрабіць усё, на што здольная Беларусь» у «працэсе аднаўленьня краіны». Падобную заяву ён рабіў і год таму.
«Мы вельмі ўважліва сочым за сытуацыяй у Сырыі, за тымі падзеямі, якія разгортваюцца на вашай зямлі, — казаў цяпер Лукашэнка. — Мы заўсёды, зь першых дзён сырыйскага канфлікту, былі на баку сірыйскага народу, на баку вашага прэзыдэнта. Мы ўсяляк падтрымлівалі справядлівую пазыцыю Сырыі, заўсёды будзем адданыя гэтай пазыцыі».
У чым менавіта будзе выяўляцца беларуская падтрымка сілам Асада, не ўдакладняецца. Раней Беларусь адсылала ў Сырыю гуманітарную дапамогу: школьную мэблю, дзіцячыя ложкі, вопратку, абутак, заплечнікі для школьнікаў, сшыткі, два самазвалы, аўтобус МАЗ, шмат мэдыкамэнтаў, гімнастычныя абручы…
Сьцьвярджаецца, што на баку расейскіх наймітаў, якія падтрымліваюць рэжым Асада, ваюе прынамсі 11 баевікоў-беларусаў. Але Міністэрства абароны Беларусі абвяргае чуткі пра прысутнасьць у Сырыі беларускіх вайскоўцаў.
Грамадзянская вайна ў Сырыі трывае з 2011 году. Яна пачалася з гвалтоўнага разгону пратэстаў супраць ураду Асада, але вылілася ў падзел краіны між рознымі групоўкамі. Працяглы час вялікую частку Сырыі кантралявалі тэрарысты «Ісламскай дзяржавы», якія скарысталіся вайной для захопу тэрыторыі. Цяпер урад Асада (пры дапамозе Расеі) кантралюе больш за палову тэрыторыі, частку трымае апазыцыя (якую падтрымліваюць краіны Захаду), яшчэ частку акупавала Турэччына, а на паўночным усходзе фактычна аўтаномна існуе курдзкі рэгіён Раджава. Агульная колькасьць ахвяраў канфлікту ацэньваецца ў 370–570 тысяч, лік уцекачоў ідзе на мільёны.