Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крыме масавае атручэньне. Шпіталізавалі амаль 50 дзяцей


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У крымскім горадзе Еўпаторыя з прыкметамі харчовага атручэньня шпіталізаваныя 54 чалавекі, сярод якіх 49 дзяцей. Амаль усе яны адпачывалі ў лягеры «Прамяністы».

Пра гэта паведамляе «Крым. Реалии» са спасылкай на словы намесьніка кіраўніка расейскай адміністрацыі Еўпаторыі Валерыя Бацюка.

Спэцыялісты ўзялі ў лягеры на аналіз пітную ваду, пробы ежы, якую давалі дзецям, а таксама пробы марской вады на пляжы, дзе купаліся пацярпелыя.

«Работнікі харчовага блёку адхіленыя да падачы дакумэнтаў (аб належнай якасьці паслуг. — РС)», — сказаў Бацюк.

Акрамя таго, дзеці ў лягеры пераведзеныя на сухі паёк, уведзены рэжым карантыну. Масавае атручэньне ў дзіцячым лягеры вёскі Заазёрнае пад Еўпаторыяй адбылося 16 ліпеня. Дырэктар установы пацьвердзіў, што на працягу сутак каля 40 дзяцей зьвярнуліся да мэдыкаў праз дрэннае самаадчуваньне. Дзеці прыехалі на адпачынак у Крым з Казані, іх узрост — ад 7да 17 гадоў.

Якая афіцыйная пазыцыя Беларусі па Крыме

На дзяржаўным узроўні Беларусь не прызнала анэксіі Крыму. Пра гэта неаднойчы заяўляў Аляксандар Лукашэнка.

«Украіна павінна быць адзіная. Мы, беларусы, у гэтым зацікаўленыя, і асабіста я», — казаў кіраўнік дзяржавы ў 2014 годзе на інаўгурацыі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі ня раз папярэджвала беларускіх грамадзян пра магчымыя наступствы наведваньня Крыму.

У «чорных сьпісах» Украіны больш за 300 беларусаў

Згодна з заканадаўствам Украіны, уезд і выезд замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Крым ажыцьцяўляецца толькі на падставе спэцыяльных дазволаў праз кантрольныя пункты «Каланчак», «Чаплынка» ды «Чангар».

Падставы для атрыманьня дазволу — пражываньне ў Крыме блізкіх сваякоў або членаў сям’і, наведваньне месца пахаваньня родных, сьмерць блізкіх сваякоў або членаў сямʼі. Дазвол на наведваньне Крыму таксама можна атрымаць, калі ў вас ёсьць права ўласнасьці на абʼекты нерухомасьці.

Наведваньне Крыму праз тэрыторыю Расеі можа скончыцца забаронаю на ўезд ва Ўкраіну. На дадзены момант у «чорных сьпісах» Украіны — больш за 300 грамадзян Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG