Сёлета «Славянскі базар» у Віцебску праходзіць дваццаць восьмы раз. Як і кожная маштабная падзея міжнароднага ўзроўню, якая займае цэнтар гораду, фэстываль адбіваецца на жыцьці месьцічаў. І пакуль адны намагаюцца прыцярпецца да часовых нязручнасьцяў, другія разглядаюць базар як пляцоўку для самарэклямы і дадатковага заробку.
Фэстывальны рух пачаўся ў горадзе 8 ліпеня — за тры дні да афіцыйнага адкрыцьця. Гандлёвымі радамі занятыя сквэр ад чыгуначнага вакзалу да моста Кірава, набярэжная Задзьвіньня і пешаходныя вуліцы гістарычнага цэнтру на левым беразе Дзьвіны. Рамесьнікі і прадпрымальнікі арандуюць месцы для гандлю на дзевяць дзён — «Славянскі базар» скончыцца 17 ліпеня.
Дызайнэр: «Гэта добрая пляцоўка для рэклямы і тэставаньня прадукцыі»
Ірына ўдзельнічае ў фэстывалі чацьвёрты год. У 2014-м яна заснавала ўласны брэнд Irina Yurchenko. Дызайн-студыя Ірыны — у цэнтры Віцебску, а гандлёвы пункт у сквэры на Кірава дызайнэр разглядае як бонуснае месца для продажу.
«Я доўгі час думала, ці патрэбнае дызайнэрскае адзеньне на „Славянскім базары“. Але цяпер думаю — гэта добрая пляцоўка для рэклямы і тэставаньня прадукцыі, — кажа Ірына. — Звычайна дызайнэрскае адзеньне арыентаванае на дзяўчат мадэльных парамэтраў. Мы ж сёлета пашырылі сваю лінейку да 60-га памеру».
Ірына працуе з натуральнымі тканінамі — лёнам, крапівой, шоўкам, бавоўнай і воўнай. Апошняя ідзе на жакеты, якімі, на думку дызайнэра, пры нашым надвор’і можна абыходзіцца зь верасьня да траўня. Фэстывальны асартымэнт — летнія сукенкі і блюзы.
«На фэстывалі складана гандляваць адзеньнем, — прызнаецца Ірына. — Па-першае, цэньнік, вышэйшы за пяцьдзясят рублёў, разглядаецца як высокі. Людзі ахвотней набываюць сувэніры ці дробныя рэчы. Тое, што мы прадаём за дзевяць дзён тут, на іншых маркетах разыходзіцца за два дні».
Па-другое, продаж дызайнэрскіх рэчаў патрабуе ўмоваў для кліентаў — сёлета Ірыне ўдалося зрабіць у гандлёвым намёце дадатковае асьвятленьне і прымерачную. Сярод пакупнікоў — пераважна турысты, якія цікавяцца мясцовымі брэндамі.
Рамесьнік: «Добрая магчымасьць падзарабіць»
Арэнда гандлёвага месца ў Задзьвіньні на дзевяць дзён каштуе рамесьнікам 100 рублёў. За час «Славянскага базару» яна акупляецца.
Аляксандар Васьмерыкаў жыве ў Віцебску і гандлюе на фэстывальным кірмашы больш за дзесяць гадоў. Пачынаў зь вялікафарматных рэчаў — аздабляў уласныя фатаздымкі віцебскіх адметнасьцяў. Пасьля першага кірмашу Аляксандар зразумеў, што буйныя рэчы людзі ахвотна разглядаюць, а набываюць больш драбязу. Цяпер Аляксандар выкарыстоўвае здымкі дзеля магнітаў — бадай што самы хадавы тавар на базары.
Прафэсія ў Аляксандра ня творчая. Але да кожнага фэстывалю ён разам з жонкай майструе драўляныя календары.
«Я раблю нарыхтоўкі, а жонка іх размалёўвае, — кажа Аляксандар. — Сюды прыяжджае шмат людзей у пошуках ручной працы, а для нас гэта добрая магчымасьць падзарабіць».
Для віцяблянкі Ірыны Міхайлоўскай гэта першы «Славянскі базар» як для рамесьніцы. Яна дэбютавала мініятурнай гароднінай і садавіной з палімэрнай гліны, якую пачала рабіць з восені мінулага году — кожная рэч памерам адзін-два сантымэтры.
Хоць Ірыніны вырабы разьлічаныя збольшага на дзяцей, іх ахвотна набываюць дарослыя — дзеля дэкору. «Славянскі базар» Ірына разглядае як неблагое месца для зваротнай сувязі на дадатак да сацыяльных сетак.
«У Віцебску мала пляцовак для маркетаў на працягу году, — кажа Настасься Герасімава. З 2013 году яна вырабляе ўпрыгожаньні пад брэндам „Маіх рук справа“. У фэстывалі бярэ ўдзел ужо пяты раз. — „Славянскі базар“ — самая маштабная падзея ў горадзе. Я разглядаю яго як выставу-кірмаш, дзе маюць месца піяр і здабыча досьведу — сюды прыяжджаюць майстры з розных гарадоў».
Уваход на задзьвінскі кірмаш, як і на астатнія гандлёвыя пляцоўкі, вольны. На думку Настасьсі, гэта хіба арганізацыі, якая дапускае сустрэчу майстроў з выпадковымі людзьмі.
Жыльлё браніруюць за паўгода
Удзельнікаў і гасьцей фэстывалю прымаюць віцебскія гатэлі. Для месьцічаў гэта таксама нагода падзарабіць — уласьнікі жыльля часам уздымаюць кошты на кватэры ў некалькі разоў. Найбольш запатрабаваныя апартамэнты — у непасрэднай блізкасьці да амфітэатру, што на скрыжаваньні праспэкта Фрунзэ і вуліцы Леніна. Жыльлё тут браніруюць за паўгода да падзеі.
«Даты „Славянскага базару“ былі занятыя яшчэ ў лютым, але і пасьля званкі працягваюцца», — кажа Сьвятлана.
Яна здае невялічкую кватэру ў адным са старых дамоў на вуліцы Савецкай, што за некалькі хвілінах хады ад амфітэатру, за 45 рублёў за суткі. Гэта самы мінімум. Калі ў звычайны час арэнда кватэры каштуе 50 рублёў, то ў фэстывальны можа падаражэць да 150, кажуць арэндадаўцы.
«Людзі шукаюць таньнейшыя варыянты, бо падчас фэстывалю, па сутнасьці, патрэбны толькі начлег. Чым бліжэй да „Славянкі“, тым вышэйшыя кошты», — тлумачыць Сьвятлана.
Не ў апошнюю чаргу турысты разглядаюць начлег у аграсядзібах. У сфэру інтарэсаў трапляюць домікі ў 30-кілямэтровым радыюсе ад гораду. Гэта варыянт адпачыць ад вулічнага тлуму.
Вулічны музыка: «Летась зарабілі больш за трыста даляраў на кожнага»
Падчас «Славянскага базару» горад гучыць амаль дзень і ноч. Галоўная сцэна фэстывалю — летні амфітэатар. Упершыню як канцэртную пляцоўку арганізатары задзейнічалі плошчу Перамогі. У гістарычным цэнтры адбываецца фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Свой музычны рэпэртуар у летніх кавярняў і вулічных музыкаў.
«Разам мы пачалі выступаць на „Базары“ ў 2011-м, — узгадвае Ўладзь Булаўскі, кіраўнік калектыву Crazy Drums Show, які, па сутнасьці, утварыўся на фэстывалі. — Тады мы яшчэ не былі гуртом, але пасьля выступаў на вуліцы нас пачалі запрашаць на карпаратывы, вечарыны. Мы прыдумалі назву, рэпэртуар».
Падчас фэсту «На сямі вятрах» у Crazy Drums Show заплянавана некалькі выступаў. У перапынках гурт грае на вуліцы.
«Людзі рэагуюць максымальна пазытыўна, — кажа Ўладзь. — Самыя клясныя дні — адкрыцьцё, пятніца перад выходнымі і закрыцьцё. Тады больш за ўсё людзей. Мы граем, зарабляем. У мінулым годзе зарабілі больш за трыста даляраў на кожнага».
Другі год падчас «Славянскага базару» Ўлада грае для мінакоў на саксафоне. На вялікай сцэне яна ўдзельнічае ў падтанцоўцы, а паміж рэпэтыцыямі прыходзіць на Пушкінскі мост. Тут заўжды людна — па мосьце над Віцьбай госьці фэстывалю трапляюць у гістарычны цэнтар.
«Спачатку хвалявалася, а пасьля прызвычаілася, — кажа дзяўчына. Улада скончыла музычную школу, а цяпер зьбіраецца паступаць у віцебскі музычны каледж. — Калі атрымліваецца, чаму б не выкарыстоўваць гэты шанец? Але ўвечары бясьпечней граць у прысутнасьці бацькоў».
Ежа ў рэстарацыях даражэе
Для віцебскіх рэстаратараў «Славянскі базар» — ня менш гарачая пара. З нагоды фэстывалю арт-паб «Торвальд» зьмяніў рэжым працы.
«У фэстывальныя дні мы амаль кругласуткава працуем, — камэнтуе ўладальнік пабу Віталь Броўка. — У нас перапынак толькі ад сёмай раніцы да паловы на дзясятую — прыбраць і папоўніць запасы прадуктаў».
Фэстываль унёс зьмены і ў кухню «Торвальда».
«У нас і так турыстычна арыентаванае мэню, — удакладняе рэстаратар. — Падчас Славянскага базару мы імкнёмся яшчэ больш унесьці беларускасьці ў штодзённую пабытовую культуру Віцебску. Дранікі ды іншыя стравы з бульбы, традыцыйныя стравы зь мясам і грыбамі карыстаюцца папулярнасьцю ў гасьцей. Тым больш што надвор’е, на жаль, ня вельмі цёплае, дажджлівае. Адпаведна, зьяўляецца попыт на гарачую і сытную ежу».
Час найбольшай загрузкі прыпадае на вечар. «Крыху складаных страў, якія цяжка прыгатаваць пры поўнай загрузцы кухні, мы вымушаныя ставіць у стоп-ліст. Інакш у стоп-ліст стане ўсё мэню».
Падчас фэстывалю рэстарацыі могуць ставіць у горадзе дадатковыя пункты. «Свае мы называем „оўпэн-Торвальд“, — кажа Віталь. — Гэта стрыт-фуд, ежа на вынас, тое, што мы можам зрабіць у адкрытым фармаце. Гэта болей дыму, болей агню, болей жарсьці і даступнасьці».
Ежа ў віцебскіх рэстарацыях у фэстывальныя дні даражэе. У некаторых месцах — ледзь ня ў два разы.
«У нас адбылася карэкцыя коштаў, але не радыкальная, у межах 10–15 адсоткаў. Зразумела, у вышэйшы бок», — кажа Віталь.
Рэстарацыі ў гістарычным цэнтры мусяць працаваць у складаных умовах. Падчас фэстывалю тут надзвычай высокая праходнасьць, а прадукты дастаўляць складана — ад няблізкай паркоўкі да рэстарацыі іх даводзіцца несьці ў руках.
«„Славянскі базар“ — гэта такі выбітны час, але яго трэба перажыць», — усьміхаецца Віталь.