Расея вырабіць толькі некалькі адзінак гіпэргукавай зброі, якая, паводле прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, ужо запушчана ў сэрыйную вытворчасьць.
Пра гэта паведаміла тэлекампанія CNBC.
Спасылаючыся на ананімныя крыніцы, знаёмыя са справаздачай амэрыканскай выведкі, тэлекампанія паведаміла, што Крэмль мае цяжкасьці з пошукам крыніцы для кампанэнтаў з вугляроднага валакна, неабходных для вытворчасьці гіпэргукавога крылатага блёка «Авангард».
«Авангард» быў адным з шасьці відаў зброі, якімі Пуцін пахваліўся ў сакавіку 2018 году. Тады расейскі лідэр заявіў, што «Авангард» здольны ляцець да мэты з хуткасьцю, якая перавышае хуткасьць гуку ў 20 разоў, і параўнаў яго з «вогненным шарам». Ён таксама сказаў, што гэтая сыстэма ўжо знаходзіцца ў сэрыйнай вытворчасьці.
Але CNBC стала вядома, што Крэмль шукае іншую крыніцу вугляроднага валакна, паколькі матэрыялы, якія пастаўляюцца цяпер, не вытрымліваюць экстрэмальных тэмпэратур падчас гіпэргукавога палёту.
У справаздачы амэрыканскай выведкі, падрыхтаванай месяц таму, гаворыцца, што Крэмль пакуль не знайшоў альтэрнатыўнай крыніцы вугляроднага валакна.
«Чакаецца, што яны вырабяць ня больш за 60 адзінак гэтага гіпэргукавай зброі, паколькі яе стварэньне абыходзіцца занадта дорага», — заявіла крыніца CNBC на ўмовах ананімнасьці.