ЗША і NATO не зьбіраюцца разгортваць у Эўропе новыя ядзерныя ракеты наземнага базіраваньня, заявіў выканаўца абавязкаў кіраўніка Пэнтагону Марк Эспэр.
«У нас няма намераў разгортваць у Эўропе новыя ядзерныя ракеты наземнага базаваньня. Мы ня хочам новай гонкі ўзбраеньняў», — напісаў у чацьвер у сваім мікраблогу ў «Твітэры» Эспэр.
Ён патлумачыў, што ў яго адбыліся плённыя сустрэчы з групай ядзернага плянаваньня NATO і з Паўночнаатлантычнай радай, на якіх абмяркоўвалася пытаньне пра парушэньні Расеяй Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. Эспэр удзельнічае ў пасяджэньні міністраў абароны краін NATO ў Брусэлі.