Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля 14 гадоў уцёкаў у Расеі затрымалі аднаго зь лідэраў гомельскай банды «марозаўцаў» з 90-х


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У расейскім Уладзівастоку затрыманы адзін зь лідэраў гомельскай банды Марозава Сяргей Дзербянёў, які больш за 14 гадоў знаходзіўся ў міжнародным вышуку за забойствы на Гомельшчыне ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Дзербянёў працаваў ахоўнікам на адным з прадпрыемстваў, падчас затрыманьня ён прад’явіў расейскі пашпарт на чужое імя.

«Мяркуецца, дакумэнт сапраўдны. Трэба высьветліць, на якой падставе ён быў выдадзены затрыманаму», — сказалі ў Галоўнай управе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі, прадстаўнікі якой разам з супрацоўнікамі ФСБ Расеі затрымалі Дзербянёва.

Цяпер 52-гадовы гамяльчук знаходзіцца ў СІЗА, рыхтуецца працэдура ягонай экстрадыцыі ў Беларусь.

На волі застаюцца яшчэ два ўдзельнікі гомельскай «банды Марозава», іх пошук працягваецца.

Банда «Марозаўцы» дзейнічала ў Гомельскай вобласьці ў 1990-х. Групоўка займалася забойствамі, крадзяжамі, рабункамі і вымаганьнем. Маводле МУС, усяго сьледзтва даказала больш за 100 злачынстваў, учыненых «марозаўцамі», у тым ліку каля 20 забойстваў. Ахвяраў катавалі, пасьля расстрэльвалі, а целы з прывязанымі гірамі скідвалі ў раку Сож.

Лідэр групоўкі Сяргей Марозаў быў расстраляны на рашэньне суду ў 2006 годзе, як і два актыўныя яе ўдзельнікі — Валеры Гарбаты і Ігар Данчанка. Астатнія «марозаўцы» атрымалі ад 6 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Начальнік крымінальнага вышуку УУС Мікалай Лосеў, які «крышаваў» бандытаў, атрымаў 18 гадоў пазбаўленьня волі. Некаторыя злачынцы і іхныя памагатыя, такія як супрацоўнік пракуратуры Анатоль Сусолкін, уцяклі за мяжу і дасюль знаходзяцца ў вышуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG