Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Гомля за вымагальніцтва затрымалі былога ўдзельніка банды «марозаўцаў» з 90-х


Копія пісталета Макарава ў пнэўматычным выкананьні, якой скарыстаўся злачынца. Фота з сайту УУС Гомельскага аблвыканкаму
Копія пісталета Макарава ў пнэўматычным выкананьні, якой скарыстаўся злачынца. Фота з сайту УУС Гомельскага аблвыканкаму

У цэнтры Гомля, на плошчы Паўстаньня, міліцыя затрымала былога ўдзельніка злачыннай групоўкі «марозаўцы». Раней судзімы вымагаў у гомельскага бізнэсоўца грошы. Замовіў яму гэта жыхар Пінску, кампаньён гамельчука. Падчас перамоваў мужчына дастаў пнэўматычны пісталет Макарава — і быў захоплены міліцыяй.

Як паведамляе Ўпраўленьне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму, гомельскі прадпрымальнік меў супольны бізнэс з жыхаром Пінску. Пінчук уклаў у справу 15 тысяч даляраў. У нейкі момант бізнэс пахіснуўся. Жыхар Гомля не аддаў пінчуку дывідэнды, і той вырашыў вярнуць укладзеныя ў справу грошы. Па дапамогу зьвярнуўся да знаёмага — былога «марозаўца», які за ўдзел у бандзе адседзеў у турме 11 гадоў і выйшаў на волю ўмоўна-датэрмінова ў 2012 годзе. Раней судзімы абяцаў дапамагчы вярнуць грошы.

Сустрэча з гомельскім прадпрымальнікам была прызначана на плошчы Паўстаньня. Яна праходзіла пад кантролем ГУБАЗіК і АМАП. Падчас сустрэчы бізнэсовец прызнаў, што вінен пінчуку грошы, але сьцьвярджаў, што ня мае цяпер патрэбнай сумы. Калі былы «марозавец» дастаў пісталет Макарава, была дадзена каманда на сілавы захоп.

Як высьветлілася пасьля затрыманьня, зброя аказалася дакладнай копіяй вядомага пісталета Макарава, толькі ў пнэўматычным выкананьні. Такія копіі пад маркай «МР-654К» выпускаюць на Іжэўскім мэханічным заводзе.

У дачыненьні да былога «марозаўца» і жыхара Пінску, які спрабаваў скарыстацца яго паслугамі, заведзеная крымінальная справа за вымагальніцтва. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Банда «Марозаўцы» дзейнічала ў Гомельскай вобласьці ў 90-х. Групоўка займалася забойствамі, крадзяжамі, рабункамі і вымагальніцтвам. Банда ўчыніла каля 30 забойстваў. Ахвяраў катавалі, пасьля расстрэльвалі, а целы з прывязанымі гірамі скідвалі ў раку Сож. Лідэр групоўкі Сяргей Марозаў быў расстраляны паводле рашэньня суду ў 2006 годзе, як і два актыўныя яе ўдзельнікі — Валер Гарбаты і Ігар Данчанка. Астатнія «марозаўцы» атрымалі ад 6 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Начальнік крымінальнага вышуку УУС Мікалай Лосеў, які «крышаваў» бандытаў, атрымаў 18 гадоў пазбаўленьня волі. Некаторыя злачынцы і іх памагатыя, такія, як супрацоўнік пракуратуры Анатоль Сусолкін, уцяклі за мяжу і дасюль знаходзяцца ў вышуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG