Адзін з раней асуджаных па гучнай справе гомельскай банды Марозава, вызвалены датэрмінова з турмы, узяўся за старое.
Суд Цэнтральнага раёну Гомля 31 студзеня вынес рашэньне па крымінальнай справе ў дачыненьні да былога ўдзельніка банды Марозава. 41-гадовы Аляксандар Хохаў за вымагальніцтва пакараны 9 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Дзяржаўнае абвінавачаньне прасіла пакараць яго 10 гадамі пазбаўленьня волі.
Абвінавачаны быў затрыманы ў цэнтры Гомля ў верасьні 2018 году. Ён вымагаў у гомельскага бізнэсоўца грошы. Замовіў яму гэта жыхар Пінску, кампаньён гамельчука. Падчас перамоваў былы «марозавец» дастаў пнэўматычны пісталет Макарава — і быў схоплены міліцыяй.
Гомельскі прадпрымальнік меў супольны бізнэс з жыхаром Пінску. Пінчук уклаў у справу 15 тысяч даляраў. У нейкі момант бізнэс пахіснуўся. Жыхар Гомля не аддаў пінчуку дывідэнды, і той вырашыў вярнуць укладзеныя ў справу грошы. Па дапамогу зьвярнуўся да знаёмага — былога «марозаўца», які за ўдзел у бандзе адседзеў у турме 11 гадоў і выйшаў на волю ўмоўна-датэрмінова ў 2012 годзе.
Лідэра групоўкі расстралялі яшчэ ў 2006-м
Банда Марозава дзейнічала ў Гомельскай вобласьці ў 1990-х гадах. Яна займалася забойствамі, крадзяжамі, рабункамі і вымагальніцтвам. Трымала ў страху цэлы рэгіён.
Лідэр групоўкі Сяргей Марозаў быў расстраляны паводле рашэньня суду ў 2006 годзе, як і два актыўныя яе ўдзельнікі — Валер Гарбаты і Ігар Данчанка. Астатнія «марозаўцы» атрымалі ад 6 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Начальнік крымінальнага вышуку УУС Мікалай Лосеў, які пакрываў бандытаў, быў пакараны 18 гадамі пазбаўленьня волі. Некаторыя злачынцы і іх памагатыя, напрыклад супрацоўнік пракуратуры Анатоль Сусолкін, уцяклі за мяжу і дасюль знаходзяцца ў вышуку.