Чаму дзяржаўныя СМІ спазьніліся з паведамленьнямі пра выбух падчас сьвяточнага салюту? Як хутка адрэагавалі сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-выданьні? Што і калі даведаецца пра выбух ўсё насельніцтва, а ня толькі карыстальнікі сацсетак? Як доўга будуць памятаць беларусы выбух ў Менску 3 ліпеня 2019 году?
Пра гэта ў «Праскім акцэнце» разважаюць мэдыя-экспэрт Паўлюк Быкоўскі і вядомы блогер Сьцяпан Сьвятлоў (NEXTA).
Чаму маўчалі дзяржаўныя СМІ?
Сьвятлоў: СБ, Белта, БТ паведамлялі пра трагедыю ў Стоўпцах праз некалькі гадзінаў ці на «дне» сайту. Тады казалася, што каб не піярыць, каб не паўтараліся такія злачынствы. А тут у чым справа?
Тут яны аддалі перавагу сьвяту і Лукашэнку.
У ранішніх выпусках яны ўжо не паведамлялі пра файервэрк.
Навіны пра здарэньне і сьмерць не было ў ранішніх выпусках БТ — а 6-й і а 9-й.
Яны самі блытаюцца: раней казалі, што будуць новыя фаервэркі, а цяпер міністэрства абароны кажа, што такія зарады ўжываліся і раней.
Быкоўскі: Першае паведамленьне БЕЛТА было з нармальным журналісцкім загалоўкам «У Менску падчас фаервэрку загінула жанчына», але хутка ён зьмяніўся на абсалютна безаблічны «Сьледча-апэратыўная група працуе на месцы здарэньня ў Менску».
Два чыньнікі: спачатку была фора, калі не было вядома, што гэта трагедыя, а потым журналісты дзяржаўных СМІ атрымалі загад не выцягваць гэтую навіну наперад.
Якой была рэакцыя сацсетак і недзяржаўных СМІ?
Быкоўскі: У сацсетках — у Твітэры і ФБ першыя паведамленьні былі адразу пасьля пачатку салюту — 22:22. Людзі пісалі, што нешта дзіўнае адбываецца, нейкія выбухі. Людзі ня ведалі, што адбываецца дакладна, але разумелі, што адбываецца нешта няправільнае.
Некаторыя СМІ спасылаліся на відэа сваіх уласных супрацоўнікаў, напрыклад супрацоўнікі TUT.BY выкладалі відэа ў свой Тэлеграм-канал.
Інфармацыю журналісты зьбіралі прыкладна на працягу гадзіны. Тым часам у Сьцяпана ўжо зьявілася інфармацыя, што адна жанчына ў цяжкім стане.
Сьвятлоў: Мне інфармацыя паступіла празь дзьве-тры хвіліны пасьля выбуху, але там былі толькі фота.
Потым мэдыкі, супрацоўнікі МНС, зь якімі я камунікую, пачалі пісаць, што сытуацыя сур’ёзная.
Я першы пост змантажаваў і апублікаваў у 22:49. TUT.BY напісаў у 23:05, Onliner — празь некалькі хвілінаў. Onliner спачатку даваў спасылку на NEXTA, потым стаў замяняць інфармацыяй з сацсетак.
Ці паўторыцца маўчаньне, як падчас выбуху ў Чарнобылі?
Сьвятлоў: Схаваць ужо не атрымаецца.
Гэта ж далёка ня першае здарэньне такога кшталту. Мне даслалі інфармацыю, што падобная сытуацыя была 9 траўня.
Як мне пісалі людзі з міністэрства абароны такое ж было ў 2017 годзе каля стэлы. Я выклаў у сябе ў Тэлеграме відэа падобнага здарэньня ў 2012 годзе. У 2013 годзе ў шпіталь нават трапіў салдат тэрміновай службы. Але тады зьлівы не былі гэтак разьвітыя. Зараз ужо такое не «пракоціць».
Іван Наскевіч, кіраўнік СК, схлусіў, калі сказаў, што ніколі раней такога не было.
Замяць нешта ў 2019 годзе ўжо немагчыма.
Быкоўскі: Нішто ня зможа спыніць распаўсюд інфармацыі, калі ня будзе адключаны інтэрнэт.
У Казахстане адключаюць сацыяльныя сеткі паводле графіку падчас выступаў аднаго ўплывовага лідэра апазыцыі.
«Інфармацыя — тое, што хаваюць, усё астатняе — гэта рэкляма»
Быкоўскі: Тут няма спробы схаваць усё. Размовы пра тое, што такога раней не было, абвяргаюцца. У сацсетках прыгадваюць і выпадак у Дзяржынску, калі пацярпела жанчына падчас падобнага здарэньня.
СК пасьля 2.5 гадзіны даў афіцыйную інфармацыю і назад яе ўжо не забярэш.
Тыя, што глядзяць БТ, альбо зусім ня будуць ведаць пра гэтае здарэньне альбо сілкавацца выключна плёткамі.
Сьвятлоў: СК і МА сапраўды вельмі хутка паведамілі пра здарэньне. Наколькі я памятаю, каб у выходны дзень і так хутка паведамляць — раней такога не было.
Яны далі даволі падрабязную інфармацыю, назвалі кампанію-вытворца баепрыпасаў, расьпісалі калібры.
Улады тройчы паўтарылі, што прычына — у няякасных вырабах вытворчасьці РФ.
Што даведаецца пра выбух падчас салюту даярка з Клімавіцкага раёну?
Сьвятлоў: Нават ва ўмоўнай даяркі з Клімавіцкага раёну ёсьць сваякі, дзеці, яны абмяркоўваюць гэта, нехта даведваецца зь інтэрнэту, нехта — ад радні і знаёмых.
Але якая інфармацыя да іх дайшла? Што гэта выпадковасьць, якой ніколі раней не было і ня будзе? А калі даходзіць інфармацыя поўная, што такое было і раней — то гэта іншая справа.
Што да Тэлеграм-каналаў, то прынамсі на маім канале літаральна за некалькі гадзінаў зьявілася 6 тысячаў дадатковых падпісчыкаў.
У мяне на канале норма праглядаў — 80-85 тысячаў. Калі больш — 90-100-105 тысячаў, значыць, людзі актыўна гэтым дзеляцца ў сацсетках, абмяркоўваюць.
Больш за ўсё праглядаў набрала відэа чалавека, які сам гэта назіраў, бачыў гэтую жанчыну і кроў.
Быкоўскі: Калі ў гэтай гіпатэтычнай даяркі ёсьць знаёмыя, якія былі на парадзе і салюце ў Менску, калі ёсьць дзеці ці ўнукі ў сталіцы, то інфармацыя пра небясьпечную сытуацыю выклікае моцнае жаданьне даведацца, ці ўсё добра з маім родным чалавекам.
Калі быў выбух у мэтро, мне ад сваякоў прыйшло пытаньне літаральна празь некалькі хвілінаў — ці ўсё ў мяне ў парадку. Зразумела, гэта залежыць ад таго, якімі сродкамі камунікацыі карыстаецца чалавек, але інфармацыя пра такія падзеі разыходзіцца хутка.
А вось даўгі «хвост» гісторыі — хто вінаваты, чаму здарылася, гэта шырокую аўдыторыю будзе цікавіць менш.
Людзей чапляюць эмоцыі. Вось як распавёў Сьцяпан — больш глядзелі расповяд відавочцы, бо гэтаму можна суперажываць.
Як доўга будуць памятаць выбух 3 ліпеня 2019 году?
Сьвятлоў: Штогод на 3 ліпеня людзі будуць прыгадваць сёлетняе здарэньне. Многія пішуць, што ня пойдуць больш на парады. Шмат у каго пачынае мяняцца стаўленьне да фаервэркаў, асабліва калі зараз пачынае зьяўляцца гэты бэкграўнд, што і раней былі параненыя і пацярпелыя.
Можа пару гадоў гэты страх будзе. Але мы памятаем, што пасьля тэракту людзі нават баяліся спускацца ў мэтро. А цяпер не баяцца.
Быкоўскі: Я паглядзеў па mediametrics, якія матэрыялы людзі распаўсюджвалі, расшэрвалі ў сацсетках. Больш за ўсё шэрылі матэрыялы, у якіх у загалоўку былі словы «крывавы салют». Гэта быў самы віральны выраз.
І людзі хутчэй за ўсё так і будуць памятаць гэтую падзею, як ёсьць «крывавая нядзеля» у расейскай гісторыі, як у нас ёсьць «трагедыя на Нямізе», гэтак жа застанецца і «крывавы салют».
Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.