Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны: імаверная прычына выбуху падчас салютаў 3 ліпеня — няякасныя снарады


На месцы здарэньня 3 ліпеня
На месцы здарэньня 3 ліпеня

Выбухі адбыліся ў трох з шасьці месцаў, дзе ў Менску 3 ліпеня праходзілі сьвяточныя салюты.

Устаноўлена, што выбухнулі вырабы аднаго калібру (195 мм) зь пяці, якія ўжываліся падчас салюту (105 мм, 125 мм, 150 мм, 195 мм, 310 мм), паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.

Мінабароны мяркуе, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм, і дадае, што Сьледчы камітэт таксама адпрацоўвае і іншыя вэрсіі здарэньня.

Паводле абароннага ведамства, усе захады бясьпекі пры правядзеньні салютаў былі выкананыя, вайскоўцы прайшлі спэцыяльную падрыхтоўку. Для выключэньня «чалавечага фактару» (няправільнай эксплюатацыі ўстановак і вырабаў) у рамках аб’ектыўнага кантролю вялася відэаздымка працэсу зараджаньня салютных установак. У месцах правядзеньня салюту было выстаўлена ачапленьне.

Пасьля першых выбухаў салюты былі спыненыя, паведаміла Мінабароны. Тое, што адбылося, ведамства называе «рэдкім выпадкам» і «трагічнай падзеяй» і выказвае спачуваньне родным і блізкім загінулай.

Крывавы салют 3 ліпеня ў Менску. Што здарылася

  • Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
  • Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
  • Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
  • Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
  • СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
  • 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.

  • Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
  • Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
  • Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
  • Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG