У Слуцку вынесьлі прысуд радавому В. за нанясеньне салдату Р. менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня — 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
На карысьць пацярпелага абвінавачаны павінен сплаціць 2000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.
Пра гэта паведамляецца на сайце Генпракуратуры.
Слуцкі раённы суд прызнаў В. вінаватым у гвалце над вайскоўцам Р., які ня быў «у адносінах падпарадкаванасьці».
Падчас тэрміновай службы ў Слуцку радавы В. вырашыў паказаць сваю ўяўную перавагу над салдатам больш позьняга прызыву Р., падпарадкаваць яго свайму ўплыву.
Летась 18 жніўня з надуманай нагоды ён выказаў незадаволенасьць тым, як прыбрана казарма і як выконваецца распарадак дня.
«Пасьля гэтага са значнай сілай нанёс удары нагой па руцэ і нагах радавога Р., зрабіўшы яму фізычны боль, пабоі, а таксама закрыты пералом левай локцевай косткі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Падчас службовага расьсьледаваньня ў вайсковай частцы В. спрабаваў схаваць злачынства. Але ў судзе цалкам прызнаў віну.
Радавы В. кампэнсаваў выдаткі на лекаваньне Р., аднак не зрабіў дзейсных захадаў, каб загладзіць шкоду.