Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каламойскі: Зяленскі — «цынічны бізнэсмэн»


Ігар Каламойскі, чэрвень 2014
Ігар Каламойскі, чэрвень 2014

Бізнэсмэн Ігар Каламойскі, які нядаўна вярнуўся ва Ўкраіну пасьля двух гадоў за мяжой, у інтэрвію «Ўкраінскай праўдзе» расказаў пра свае стасункі з новым прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і ранейшым кіраўніком дзяржавы Пятром Парашэнкам, а таксама іншымі ўкраінскімі палітыкамі.

Каламойскі адмаўляе, што яго канал «1+1» агітаваў за Зяленскага перад прэзыдэнцкімі выбарамі, але прызнае, што сам ён жадаў паразы Пятру Парашэнку. На думку Каламойскага, Парашэнка лічыць яго сваім асабістым ворагам.

Свае адносіны з новым прэзыдэнтам ён ахарактарызаваў як «вельмі добрыя». Самога Зяленскага ён назваў «цынічным бізнэсмэнам», якому «палец у рот ня трэба класці». Праграмы студыі Зяленскага «Квартал 95» выходзяць у эфір на канале «1+1». Сам Зяленскі заяўляў, што Каламойскі ніяк не ўплывае на яго палітычную дзейнасьць, а іх адносіны — выключна дзелавыя.

Паводле Каламойскага, большасьць украінскіх алігархаў, уключаючы Рыната Ахметава і Віктара Пінчука, хацелі паразы Пятра Парашэнкі на выбарах прэзыдэнта. Цяпер усе жадаюць посьпеху Зяленскаму: «усе хочуць, каб адбыўся цуд і ў яго атрымалася». Такія настроі, лічыць Каламойскі, распаўсюджаныя ва ўсім ўкраінскім грамадзтве.

Паводле слоў Каламойскага, на парлямэнцкіх выбарах, якія пройдуць сёлета, ён акажа кансультатыўную падтрымку партыі «Давярай справам» — у гэтым праекце, як чакаецца, будуць удзельнічаць мэры Адэсы і Харкава Генадзь Труханаў і Генадзь Кернес. Ён таксама цёпла адгукнуўся пра міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава і кіраўніцу партыі «Бацькаўшчына» Юлію Цімашэнка.

Многія назіральнікі разглядаюць Каламойскага, аднаго з найбагацейшых людзей Украіны, у мінулым кіраўніка адміністрацыі Днепрапятроўскай вобласьці, як адну з ключавых фігур на палітычнай сцэне Ўкраіны. Напярэдадні ўвагу прыцягнула яго прапанова Зяленскаму аб’явіць дэфолт Украіны, каб дамовіцца з Міжнародным валютным фондам аб новых умовах фінансаваньня, а таксама зьвярнуць увагу Захаду на неабходнасьць дапамагчы Ўкраіне ў супрацьстаяньні з Расеяй. 27 траўня новы кіраўнік партыі Зяленскага «Слуга народу» Дзьмітры Разумкоў адкінуў ідэю дэфолту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG