Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328»: «Качанава цьвёрда паабяцала сустрэцца з галадоўніцамі»


Партрэты зьняволеных па наркатычных артыкулах у хаце, дзе трымаюць галадоўку актывісткі «Маці 328»
Партрэты зьняволеных па наркатычных артыкулах у хаце, дзе трымаюць галадоўку актывісткі «Маці 328»

Сустрэча мае адбыцца да 10 ліпеня. Маці гатовыя спыніць галадоўку, калі будзе названая канкрэтная дата.

Кіраўніца адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальля Качанава паабяцала сустрэцца з актывісткамі руху «Маці 328», якія трэці тыдзень трымаюць галадоўку з патрабаваньнем далейшай лібэралізацыі антынаркатычнага артыкула Крымінальнага кодэксу.

Сустрэча мае адбыцца да 10 ліпеня. Пра гэта Свабодзе паведаміла кіраўніца руху «Маці 328» Ларыса Жыхар пасьля размовы 27 чэрвеня з намесьнікам кіраўніцы Адміністрацыі Мікалаем Снапковым.

«Раней я зьвярталася ў Адміністрацыю з просьбай мяне прыняць, а таксама дасылала нашыя прапановы па зьмене артыкула 328. Мне была прызначаная сустрэча на сёньня. Мяне прынялі намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Мікалай Снапкоў і загадчык прыёмнай спадар Шлык.

І ад Мікалая Снапкова я пачула, што Натальля Качанава „цьвёрда паабяцала“ нас прыняць да 10 ліпеня. Снапкоў таксама сказаў, што яны вывучаюць нашы патрабаваньні, у тым ліку і патрабаваньне стварыць камісію для перагляду спраў па 328 артыкуле, — сказала Свабодзе Ларыса Жыхар.

Як пачуваюцца галадоўніцы?

Актывістка руху „Маці 328“ Алена Кузьміна распавяла Свабодзе пра стан здароўя ўдзельніц галадоўкі.

„Сёньня лекары нам сказалі, што ва ўсіх дрэнныя аналізы, праблемы з ныркамі і пячонкай. Нам прапанавалі ў будучы аўторак прыехаць у Дружны з аналізамі для абсьледаваньня. Усе пагадзіліся, бо стан такі, што немагчыма на гэта не зьвяртаць увагі. Хапіла б толькі сілаў прыехаць. Некаторыя з нас страцілі ўжо па 10 кілё вагі. Але маральна трымаемся“, — сказала Алёна Кузьміна.

Паводле галадоўніц, у суботу і нядзелю яны чакаюць прыезду ў Востраў групаў падтрымкі зь ліку актывістак „Маці 328“ з рэгіёнаў Беларусі.

«Магчыма, да нас далучацца іншыя галадоўніцы», — сказала Ларыса Жыхар.

Калі галадоўніцы гатовыя спыніць галадоўку?

Ларыса Жыхар сказала, што спыненьне галадоўкі залежыць ад Адміністрацыі прэзыдэнта.

«Прасілі спыніць галадоўку тэрмінова, але ад імя ўсіх галадоўніц я не пагадзіліся, пакуль не атрымаем пісьмовага пацьверджаньня, што сустрэча з Качанавай адбудзецца. Сказалі, што 1-2 ліпеня на мой электронны адрас дашлюць такое пацьверджаньне, а я запэўніла, што тады мы спынім галадоўку. З гэтым пагадзіліся іншыя галадоўніцы ў Востраве».

11 чэрвеня ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну пачалі галадоўку актывісткі «Маці 328» Алёна Кузьміна, Людміла Кулініч і Ала Берналь. Жанчыны запатрабавалі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і перагляду спраў па артыкуле 328, па якім асуджаныя таксама іхныя сваякі. Актывісткі мяркуюць, што значная частка спраў па 328 сфальшаваная сьледзтвам. На мінулым тыдні да галадоўкі далучылася кіраўніца «Маці 328» Ларыса Жыгар. Цяпер галадоўніцы патрабуюць таксама стварэньня камісіі па пераглядзе спраў, зьвязаных з наркотыкамі. У тым ліку яны патрабуюць улічыць зьмены, прадугледжаныя папраўкамі ў артыкул 328.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG