Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саван з грыбоў, пахавальная капсула і растварэньне шчолакам. Як памерці экалягічна


Тыя, хто пры жыцьці сартуе сьмецьце і адмаўляецца ад аднаразовай упакоўкі, сталі задумвацца аб экалягічных спосабах памерці. Высьвятляем, што ня так са звычайным пахаваньнем і што думаюць пра ператварэньне людзей у кампост законы і традыцыйныя рэлігіі, піша Настоящее время.

У пачатку 1990-х Дон Броўлі і Тод Барбэр з Флорыды вырашылі заняцца выратаваньнем каралавых рыфаў. Яны захапляліся дайвінгам, шмат ведалі пра разбурэньне рыфаў і зьнікненьне іх насельнікаў. Разам зь сябрамі яны заснавалі цэлую кампанію, якая з адмысловай сумесі на аснове бэтону стварала штучныя рыфы — тых жа колераў і памераў, што і сапраўдныя. Па форме яны нагадваюць паўсфэры, абцяжараныя зьнізу (для ўстойлівасьці), з адтулінамі і шурпатай паверхняй (каб лепш расьлі сапраўдныя каралы).

У 1998 годзе ў Броўлі памёр цесьць. Яго звалі Карлтан Глен Палмэр, ён быў вядомым піяністам і незадоўга да сьмерці напісаў, што хацеў бы «вечна чуць акіян» і стаць рыфам, каб міма яго праплывалі марскія акуні і чырвоныя люцыяны. Калі Палмэр памёр, Броўлі вырашыў выканаць апошнюю волю цесьця. Так кампанія Eternal Reefs са стваральнікаў штучных рыфаў ператварылася ў першапраходцаў экалягічнага пахаваньня.

Калі апісваць тэхналёгію зусім у агульных рысах, то да сумесі для вырабу рыфаў на аснове бэтону цяпер дадаецца яшчэ і прах памерлых. Кошт рыфаў розны: за тры тысячы даляраў можна «пераўвасобіцца» ў буйны рыф, за $1500 — у прыстанішча для дробнай рыбы і рачкоў. Ёсьць таксама «ашчаднае» рашэньне ($850) — Community Reef. Для яго стварэньня зьмешваецца прах некалькіх памерлых.

Штучны «пахавальны» рыф
Штучны «пахавальны» рыф

Што ня так са звычайнымі пахаваньнямі

У сьвеце штогод памірае каля 56 мільёнаў чалавек — прыблізна 0,73% усяго насельніцтва плянэты (для параўнаньня, колькасьць насельніцтва Італіі — 59 мільёнаў чалавек). Могілкі разрастаюцца і перапаўняюцца. Тыя, што раней былі на ўскраінах, аказваюцца ў цэнтры гарадоў і жылых раёнаў.

Тэрыторыі могілак забруджваюць глебу і грунтавыя воды. Пры гэтым самі па сабе прадукты распаду чалавечых целаў — самае экалягічнае, што трапляе пад зямлю, кажуць экспэрты. Але «ў камплекце» зь імі ў глебе аказваецца мэтал, плястык, тканіны і хімікаты.

Паддаючыся карозіі, мэталы, зь якіх зробленыя труны і фурнітура для іх, могуць утвараць шкодныя таксычныя рэчывы. Самі труны, як правіла, вырабленыя з дрэва, але каркас можа быць сталёвым, для гермэтычнасьці выкарыстоўваецца гума, для ўнутранай абіўкі — тканіна. Яшчэ адна неэкалягічная традыцыя — вянкі і штучныя кветкі, пералічвае кіраўнік прэс-службы Greenpeace Віялета Рабко: «Яны становяцца проста сьмецьцем». Калі цела транспартуюць на самалёце або калі хаваюць вайскоўца, выкарыстоўваюць цынкавую труну.

«Адносна прадуктаў для пахавальнай індустрыі [у Расеі, а таксама ў Беларусі] адсутнічаюць ГОСТ-ы і сыстэмы ацэнкі якасьці», — кажа прадстаўніца Greenpeace. — З чаго робяць труны, вянкі? Зусім складана гэта ацэньваць. Нельга сказаць, экалягічныя яны ці неэкалягічныя, што ў іх выкарыстоўваецца, якія там тканіны. Гэта можа быць зусім па-рознаму. У Эўропе пра гэта кажуць. А ў Расеі — ня вельмі».

Згодна з расейскім законам «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», прадметы і рэчывы, якія выкарыстоўваюцца пры пахаваньні (труны, урны, вянкі, рэчывы для бальзамаваньня), павінны «адпавядаць санітарна-эпідэміялягічным патрабаваньням і патрабаваньням у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя». Дэталізацыі гэтых патрабаваньняў у законе няма. У беларускім законе пра гэта зусім ня ўзгадваецца.

У ЗША ў пахавальнай індустрыі паўсюдна практыкуецца бальзамаваньне для прыпыненьня працэсу раскладаньня. Вадкасьць для бальзамаваньня ўводзіцца з дапамогай ін’екцый праз сасуды ў кроў або праз адмысловыя разрэзы ў поласьці цела. Рэчывы для бальзамаваньня бываюць розныя: фармалін, сулема, сьпірт, хлёрысты цынк, гліцэрына. На апрацоўку аднаго цела сыходзіць тры-чатыры літры раствору. Фармальдэгід валодае канцэрагеннымі ўласьцівасьцямі, а людзі, якія працуюць з фармалінам — у групе рызыкі па анкалягічных захворваньнях.

Альтэрнатыва пахаваньню забальзамаванага цела ў жалезнай труне — крэмацыя. Але і яна небездакорная з пункту гледжаньня эколягаў. Дасьледнік пахавальных практык і аўтар бэстсэлеру «Сысьці хораша» амэрыканка Кэйтлін Даўты сьцьвярджае, што «на адзін сэанс крэмацыі патрабуецца колькасьць газу, якая адпавядае 800-кілямэтровай паездцы на аўтамабілі».

«Нейкія выкіды пры крэмацыі ёсьць, паколькі гэта працэс спальваньня, а пры любым спальваньні могуць быць выкіды. Залежыць ад таго, якія фільтры ўстаноўленыя, гэта заўсёды індывідуальны выпадак, — кажа прадстаўніца Greenpeace Віялета Рабко. — Я бачыла дасьледаваньні, што пры крэмацыі ў атмасфэру можа вылучацца ртуць. Гэта можа залежаць, напрыклад, ад таго, якія зубныя плёмбы былі пры жыцьці ў чалавека».

Крэматорый у Менску
Крэматорый у Менску

Як памерці экалягічна

Каб наблізіць звычайныя пахаваньні да «экастандартаў», некаторыя кампаніі (у асноўным у Эўропе і ЗША) ужываюць замест бальзамаваньня астуджэньне цела да нізкіх тэмпэратур (працэсы раскладаньня запавольваюцца, але ў глебу ня трапляюць шкодныя рэчывы), а замест труны выкарыстоўваюць тканкавы саван. Альбо сама труна можа быць з біяраскладальнага матэрыялу: кардонная, бамбукавая, зробленая з водарасьцяў.

Выпускнікі амэрыканскага Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту (MIT) запусьцілі стартап Coeio, які вырабляе касьцюмы для пахаваньня і саваны з матэрыялу, прасякнутага спорамі грыбоў-мясаедаў. Трапляючы ў глебу, яны прарастаюць і паскараюць працэс раскладаньня.

Італьянскія дызайнэры распрацавалі «пахавальную капсулу» (Capsula Mundi). Яе ўжо можна набыць онлайн: у ёмістасьць у форме яйка зьмяшчаецца прах крэмаванага чалавека, і капсулу можна закопваць у зямлю. Пасьля зь яе вырастае дрэва, якое адначасова служыць своеасаблівым помнікам і выпрацоўвае кісларод, кампэнсуючы «вугляродны сьлед», пакінуты чалавекам на працягу жыцьця. Цяпер аўтары Capsula Mundi распрацоўваюць вэрсію, для якой цела ня трэба будзе крэмаваць: памерлага ў позе эмбрыёна можна будзе цалкам зьмясьціць у велізарную яйкападобную ёмістасьць і так пахаваць.

Праект пахавальнай капсулы Capsula Mundi на дызайнэрскай выставе ў Варшаве ў 2016 годзе
Праект пахавальнай капсулы Capsula Mundi на дызайнэрскай выставе ў Варшаве ў 2016 годзе

Падобныя урны, але толькі для праху, вырабляе (і адпраўляе поштай па ўсім сьвеце) гішпанская кампанія Bios — з экалягічнага какосу, цэлюлёзы або прэсаванага торфу. Група навукоўцаў і бізнэсоўцаў з ЗША заснавала кампанію Let Your Love Grow, якая стварае сумесь з пылу і ўрадлівай глебы. Яе можна выкарыстоўваць для вырошчваньня расьлін.

Яшчэ адна кампанія, гэтым разам у Вялікабрытаніі, прапануе апрацоўваць цела нябожчыка спэцыяльным шчолачным растворам. На працягу дзьвюх-трох гадзін тканкі цела цалкам раствараюцца, ператвараючыся ў ваду, застаецца толькі некалькі кавалачкаў костак. Такая водная крэмацыя называецца «рэсамацыяй». Стваральнікі тэхналёгіі з кампаніі Resomation LTD сьцьвярджаюць, што пры гэтым вылучаецца на 35% менш вуглякіслага газу і траціцца ў 10 разоў менш энэргіі, чым пры звычайнай крэмацыі. Працэдура, вядома, ня танная, бо патрабуе сур’ёзных выдаткаў: адзін апарат для рэсамацыі каштуе 400 тысяч даляраў.

У Швэцыі распрацаваны і выкарыстоўваецца іншы спосаб — так званая прамэсія. Цела замарожваюць з дапамогай вадкага азоту, а затым падвяргаюць вібрацыі — і ў выніку яно літаральна абарочваецца ў пыл. Гэты пыл зьмешваюць з глебай і ператвараюць у свайго роду кампост.

Калі пры «перапрацоўцы» цела гаворка ня йдзе пра крэмацыю, то акрамя распрацоўкі тэхналёгіі неабходна мяняць яшчэ і заканадаўства: ператварыць чалавека ў кампост легальна можна ў згаданай вышэй Швэцыі, а з 2020 году такі спосаб пахаваньня стане магчымым у амэрыканскім штаце Вашынгтон.

Катрына Спэйд, заснавальніца кампаніі Recompose
Катрына Спэйд, заснавальніца кампаніі Recompose

Сярод лабістаў закона — кампанія Recompose, якая прапануе ператвараць парэшткі ў кампост у спэцыяльных сталёвых ёмістасьцях, запоўненых травой, драўнянымі трэскамі і саломай. Працэс «натуральнага арганічнага аднаўленьня», як называюць тэхналёгію яе стваральнікі, займае каля 30 дзён, пасьля чаго сваякі могуць забраць кампост і ўгнаіць ім цэлы сад.

Стваральніца Recompose Катрына Спэйд, вывучаючы спосабы стварэньня кампосту з чалавечага цела, удзельнічала ў рабоце каманды дасьледнікаў на так званай «Фэрме цел» Заходнекаралінскага ўнівэрсытэту. Першапачатковая мэта гэтых дасьледаваньняў — пашырэньне ведаў у галіне судовай мэдыцыны. Навукоўцы тыднямі і месяцамі назіраюць на спэцыяльна адведзенай тэрыторыі, як чалавечыя целы раскладаюцца пад узьдзеяньнем натуральных прыродных фактараў: дажджу, сьнегу, сонца, ветру, насякомых. Дарэчы, ахвяраваць сваё цела гэтай «фэрме» — таксама свайго роду экалягічны спосаб скончыць жыцьцё: дасьледнікі выкарыстоўваюць толькі целы добраахвотных донараў. Адначасова на карысьць навукі раскладаюцца 10–12 трупаў.

«Чалавецтва пачынае задумвацца». Экалёгія і традыцыя

Хоць традыцыйныя пахаваньне нельга назваць праблемай нумар адзін для навакольнага асяродзьдзя, нядзіўна, што людзі думаюць над пытаньнем, як сысьці з жыцьця, не нашкодзіўшы плянэце, кажуць эколягі.

«Зараз у прынцыпе чалавецтва пачынае задумвацца пра тое, як яно жыве: нараджэньне, спажываньне, купля прадуктаў (трэнд на адмову ад плястыку пры куплі прадуктаў харчаваньня), дагляд за дзецьмі (шматразовыя пампэрсы) і гэтак далей, — кажа кіраўніца прэс-службы Greenpeace. — Пахаваньне — неад’емная частка жыцьця любога чалавека. Людзі пачынаюць гаварыць пра гэта і думаць „у гэты бок“».

«Калі чалавек не разумее, навошта ён гэта робіць, то ніякага сэнсу ў гэтым няма», — кажа сацыяльны антраполяг і танатоляг Сяргей Мохаў. [Танаталёгія — кірунак у філязофіі, прысьвечаны аналізу сьмерці — РС].

«Галоўны аргумэнт — не забруджваць навакольнае асяродзьдзе. Гэта не пра моду, якая праходзіць. Гэта нейкія глябальныя зьмены, за якімі стаіць заўсёды пэўны трэндсэтэр, — разважае Мохаў. — Сучасная мова экалягічных пахаваньняў — гэта адна з складовых рэчаў агульнага праекту гуманізацыі, які ўключае абмеркаваньне правоў жывёл, кібаргаў, людзей, пытаньняў гендэру, спажываньня, крытыкі капіталізму. Вельмі левая павестка. Ёсьць нейкая група інтэлектуалаў, якія ў большасьці сваёй прытрымліваюцца левых пазыцый, для іх гэта адна з частак. Калі паглядзець на рыторыку тых, хто выступае за экалягічныя пахаваньні, то гэта крытыка капіталізму, таталітарызму, улады дзяржавы і іншага. Пры гэтым, вядома, актыўна выкарыстоўваюць лічбы ў свой бок. Хоць, я павінен прызнаць, што сучасная пахавальная індустрыя, у тым ліку амэрыканская, ня гэтак „дружалюбная“, як можа здавацца».

Што ж тычыцца традыцыйных рэлігіяў, то Каран і Тора, напрыклад, наўпрост кажуць пра тое, што нябожчыкі павінны быць пахаваныя ў прамым кантакце з глебай. Сучаснае хрысьціянства, як правіла, дазваляе і традыцыйныя пахаваньні, і крэмацыю, у той час як у юдаізьме крэмацыя строга забароненая. Некаторыя будысцкія абшчыны практыкуюць традыцыю пакідаць цела памерлых дзікай жывёле, вяртаючы тым самым астанкі прыродзе.

«Гэта сэкулярная ідэя, альбо вельмі пратэстанцкая, — кажа пра „экапахаваньні“ Сяргей Мохаў. — Для людзей, якія адкрытыя да такіх рэчаў. Самі па сабе экалягічныя пахаваньні ніяк не супярэчаць, па меншай меры, хрысьціянскай дактрыне ўваскрашэньня, нават крэмацыя. Самае важнае — гэта нейкая лякацыя парэшткаў. Таму каталіцтва дазволіла крэмаваць, але не дазволіла разьвейваць».

  • У Greenpeace раяць, як самыя звычайныя пахаваньні зрабіць менш шкоднымі для навакольнага асяродзьдзя: дастаткова адмовіцца ад штучных кветак і вянкоў (лепш пасадзіць на магіле дрэва або іншыя расьліны), выбраць труну з дрэва, а не з мэталю і сынтэтычных тканін, не выкарыстоўваць бальзамаваньня. А калі абралі крэмацыю — ня разьвейваць попелу ў гарах і паблізу вадаёмаў.


Арыгінал артыкулу Анастасіі Дыбленкі на сайце тэлеканалу «Настоящее время».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG