Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пра рашэньне ПАРЭ: Я прасіў Макрона і Мэркель гэтага не рабіць


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў шкадаваньне з нагоды вяртаньня паўнамоцтваў Расеі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

«На мінулым тыдні я асабіста абмяркоўваў гэтае пытаньне з прэзыдэнтам Францыі і з фэдэральным канцлерам Нямеччыны. Спрабаваў пераканаць спадара Макрона і спадарыню Мэркель, што вяртаньне расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ магчыма толькі пасьля таго, як Расея выканае прынцыповыя патрабаваньні Асамблеі. Шкада, што нашы эўрапейскія партнэры нас не пачулі і паступілі інакш», — цытуе Зяленскага выданьне «Украінская праўда».

Украіна адклікае свайго амбасадара ў Радзе Эўропы

Міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін абвясьціў аб рашэньні адклікаць свайго амбасадара ў Радзе Эўропы. Афіцыйная прычына — для правядзеньня кансультацый. Клімкін таксама ўказаў на ролю Францыі ў рашэньні пра паўнамоцтвы Расеі — менавіта Францыя цяпер старшынюе ў Радзе Эўропы. Акрамя гэтага, краіна зьяўляецца ўдзельнікам перамоў па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны ў «нармандзкім фармаце».

«Разгортваць чырвоную дарожку перад расейскімі дэпутатамі без выкананьня з боку Расеі вылучаных умоў — гэта, прабачце за маю францускую, поўны мавэтон», — заявіў Клімкін. Ён таксама заклікаў не вінаваціць у рашэньні ПАРЭ ні Зяленскага, ні былога прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку.

Клімкін таксама пракамэнтаваў жаданьне ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРЭ часова прыпыніць сваю працу. Кіраўнік МЗС назваў такі крок «цалкам лягічным». «Але не назаўсёды, каб не аддаваць Раду Эўропы на разарваньне Расеі і яе сябрам», — цытуе Клімкіна «РБК Украіна».

Расейскай дэлегацыі вярнулі права голасу ў ПАРЭ мінулай ноччу. Дагэтуль яе паўнамоцтвы былі прыпыненыя — за анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG