Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горках ня будуць ставіць памятны знак Пятру І, бо парушаныя працэдуры


Пастамэнт пад помнік у гонар Пятра І ў Горках, архіўнае фота
Пастамэнт пад помнік у гонар Пятра І ў Горках, архіўнае фота

Мэмарыяльны знак расейскаму цару Пятру І плянавалі адкрыць 26 чэрвеня, у гадавіну вызваленьня Горацкага раёну ад нацыстаў, але аблвыканкам вырашыў, што парушаныя працэдуры ўзгадненьня.

Райвыканкам не падаваў заяўкі на ўстаноўку знаку

Пра намер ушанаваць Пятра І стала вядома з праграмы ўрачыстасьцяў, якую апублікавала мясцовая раённая газэта «Горацкі веснік». Пасьля публікацыяў у незалежных СМІ праграму падкарэктавалі. Зь яе зьнікла адкрыцьцё памятнага знаку расейскаму цару.

У Горацкім райвыканкаме адмаўляюцца гаварыць пра сытуацыю з памятным знакам. Ва ўпраўленьні культуры Магілёўскага аблвыканкаму заявілі, што «знак устанаўліваць ня будуць». Кіраўнік упраўленьня Алег Стэльмашонак заявіў Свабодзе, што райвыканкам «не падаваў заяўкі ў адпаведнасьці з законам» на ўстаноўку знаку.

На пастамэнт непадалёк ад райвыканкаму (ён ужо гатовы) у Горках плянавалі паставіць муляж гарматы ХVІІІ стагодзьдзя і шыльду. Такім чынам хацелі адзначыць знаходжаньне Пятра І у Горках падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе.

Пятра І зьбіраліся ў Горках увекавечыць у 2015 годзе

Упершыню ідэя ўвекавечыць у Горках памяць пра Пятра І агучвалася ў 2015 годзе. Мясцовая газэта апублікавала ліст з такой прапановай, падпісаны былым выкладчыкам сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандрам Сенцюровым. Супраць выступіла дырэктарка гісторыка-этнаграфічнага музэю Сьвятлана Макеева. Яна заявіла, што для стварэньня памятнай дошкі Пятру І няма падставаў:

«Паўночная вайна прынесла жыхарам беларускіх зямель велізарныя страты, абвастрыла эканамічную і палітычную сытуацыю ў краіне. Гістарычныя дакумэнты сьведчаць пра марадэрства, рабаўніцтва і гвалт ня толькі швэдзкіх, а і расейскіх войскаў», — адзначала яна.

Што рабілі Пётар І і яго войска ў Беларусі

Пётар І
Пётар І

​Войскі расейскага цара Пятра І знаходзіліся на беларускіх землях падчас Паўночнай вайны (1700–1721). Рэч Паспалітая тады была саюзьніцай маскоўскага цара ў вайсковай кампаніі супраць швэдзкага караля Карла XII. Расейцы раскватаравалі ў Беларусі 70 тысяч сваіх жаўнераў, утрыманьне якіх стала абавязкам мясцовага насельніцтва.

Улетку 1705 году Пётар І разам са сваім хаўрусьнікам Аляксандрам Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі ў полацкім Сафійскім саборы забілі пяць уніяцкіх сьвятароў. Храм абрабавалі, а ў ягоных сутарэньнях зрабілі парахавы склад. Празь пяць гадоў яго ўзарвалі, зьнішчыўшы Сафію амаль дашчэнту.

У верасьні 1708 году расейскія войскі спалілі Віцебск, Воршу, Амсьціслаў, Дуброўну, што непадалёк ад Горак. Да таго ж абрабавалі і спалілі Магілёў.

За гады Паўночнай вайны Беларусь страціла ад баявых дзеяньняў, голаду і эпідэміяў 700 тысяч жыхароў — кожнага трэцяга. Вайна прывяла да глыбокага палітычнага крызісу і падзелу ў 1772 годзе тагачаснай дзяржавы беларусаў — Рэчы Паспалітай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG