Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі і расейскі прэм'еры ня здолелі прыняць дакумэнт пра інтэграцыю. Усё пераносіцца на лістапад


Сяргей Румас (зьлева) і Дзьмітры Мядзьведзеў. Архіўнае фота
Сяргей Румас (зьлева) і Дзьмітры Мядзьведзеў. Архіўнае фота

Прынцыповыя рознагалосьсі паміж Беларусьсю і Расеяй не пераадоленыя, прэм’еры не падпісалі «дарожную мапу» інтэграцыі.

Сьцісла

  • Вялікія спадзяваньні на выніковую сустрэчу прэм’ераў Беларусі і Расеі ня спраўдзіліся.
  • Вырашэньне прынцыповых пытаньняў пераносіцца на лістапад.
  • Перамовы вядуцца вакол стварэньня агульных умоваў эканамічнай дзейнасьці ў дзьвюх дзяржавах.
  • Уніфікацыя эканамічнага заканадаўства мае сэнс толькі пры адной умове: калі разглядаць гэты крок як пераходны, прамежкавы этап на шляху да поўнага аб’яднаньня дзьвюх краін.

Гэтая сустрэча прэм’ераў Беларусі і Расеі чакалася як ніколі і беларускай палітызаванай публікай, і замежнымі актарамі. Яна павінна была ўнесьці нейкую яснасьць наконт пэрспэктываў беларуска-расейскай інтэграцыі. Пра гэта паведамлялі афіцыйныя асобы.

29 траўня прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў: «Прэзыдэнты Расеі і Беларусі даручылі ўрадам дзьвюх краін да 21 чэрвеня падрыхтаваць „дарожную мапу“ па разьвіцьці інтэграцыі».

15 чэрвеня міністар эканамічнага разьвіцьця РФ Максім Арэшкін па выніках сустрэчы зь міністрам эканомікі Беларусі Дзьмітрыем Крутым у Маскве адзначыў, што праграмы паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі ўзгаднілі на 90%, далейшае абмеркаваньне працягнецца на ўзроўні прэм’ер-міністраў 21 чэрвеня ў Менску. Пры гэтым удакладніў: «У нас будзе два дакумэнты: „дарожная мапа“ дзеяньняў і нейкі канцэптуальны дакумэнт, які будзе апісваць прынцыпы, на базе якіх рух будзе адбывацца».

І вось прэм’еры сустрэліся. Гучалі вельмі аптымістычныя заявы.

Але зь вялікай хмары атрымаўся дробны дождж. Дакладней, зусім без дажджу, калі мець на ўвазе дакумэнт (ці дакумэнты), які павінны былі прыняць Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў. Ва ўсялякім разе, нічога пра гэта не паведамляецца.

Затое зьвярнула на сябе ўвагу заява Мядзьведзева: «Дзесьці да лістапада можна было б выйсьці на падпісаньне дарожных мапаў па рэалізацыі ўсіх гэтых ініцыятываў». Такім чынам, усё адкладваецца яшчэ на пяць месяцаў. Гэта значыць, што прынцыповыя рознагалосьсі не пераадоленыя.

Нагадаю, што пра стварэньне супольнай рабочай групы па распрацоўцы пэрспэктываў двухбаковых дачыненьняў прэзыдэнты дамовіліся перад Новым годам у Крамлі. Але супольная праца неяк не заладзілася. Расейская частка групы пачала працаваць сэпаратна, падрыхтавала свае прапановы і накіравала іх у Менск. Тут распрацавалі сустрэчныя прапановы і адправілі ў Маскву. Нарэшце у траўні-чэрвені пачаліся рэальныя перамовы, падрыхтоўка дакумэнтаў. Аднак цяпер высьветлілася, што трэба яшчэ пяць месяцаў, каб хоць штосьці падпісаць.

Дарэчы з рэплікаў Румаса і Мядзьведзева выявіліся хоць трошкі інфармацыі, пра што увогуле вядзецца падчас гэтага перамоўнага маратону. Вось беларускі прэм’ер кажа: «Калі мы гаворым аб агульных, ці нават па некаторых сэктарах — адзіных рынках, то разумеем, што гэта роўныя ўмовы для нашых суб’ектаў гаспадараньня. І няважна: яны зарэгістраваныя ў Расейскай Фэдэрацыі або ў Рэспубліцы Беларусь». І растлумачыў, што роўныя ўмовы гаспадараньня прадугледжваюць «аднолькавае і падаткаабкладаньне, і элемэнты бюджэтнай палітыкі, і роўныя кошты на энэрганосьбіты, і роўныя рэгулятарныя правілы».

То бок, як можна зразумець, гаворка ідзе пра стварэньне агульных правіл у эканоміцы дзьвюх дзяржаваў, узгадненьне макраэканамічнай палітыкі, уніфікацыю эканамічных умоваў. А Дзьмітры Мядзьведзеў удакладніў: «Праца над саюзнай дамовай Беларусі і Расеі завершыцца толькі тады, калі мы зьменім незваротным чынам наша заканадаўства». Такім чынам, Масква хоча ўніфікаваць эканамічнае заканадаўства. Тэарэтычна гэта магчыма зрабіць нават без стварэньня наднацыянальных органаў кіраваньня.

Але ўзьнікае адно фундамэнтальнае пытаньне: навошта, які ў гэтым практычны сэнс? Уніфікацыя эканамічных умоваў зьвязвае рукі ўрадам абедзьвюх краін, зь вельмі цьмяным, сумнеўным станоўчым эканамічным эфэктам. Бо у Беларусі і Расеі вельмі розныя эканамічныя сыстэмы, з розным маштабам, структурай, мадэльлю гаспадараньня. Іх цяжка, нават шкодна падводзіць пад адзін назоўнік.

Уніфікацыя эканамічнага заканадаўства і правілаў гаспадараньня мае сэнс толькі пры адной умове: калі разглядаць гэты крок як пераходны, прамежкавы этап на шляху да поўнага аб’яднаньня дзьвюх краін. Ніякага іншага сэнсу няма. Таму, думаю, Расея добра разумее, што робіць. А вось ці разумее беларускае кіраўніцтва?

У Грузіі адзін толькі недарэчны факт, што расейскі дэпутат выпадкова сеў у парлямэнце ў кіроўнае крэсла, выклікала палітычны крызыс і масавыя пратэсты. У Беларусі паўгадовыя перамовы, якія пагражаюць незалежнасьці прычыніліся толькі да невялікіх пратэстных пікетаў. Як пісалі у свой час савецкія газэты, «два сьветы — два лады жыцьця».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG