Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчавы рынак на Кастрычніцкай вуліцы прыбяруць, але толькі на час роварных гонак. ФОТА


На тусовачнай вуліцы Кастрычніцкай у Менску да Эўрагульняў зьявіўся рынак: там прадаюць шашлыкі, вопратку, трыкатаж. Карыстальнікі сацсетак пачалі абурацца і сьмяяцца з такой крэатыўнасьці. Але 22 чэрвеня рэчы з рынку прыбяруць, пакінуць толькі ежу і піва.

На менскай вуліцы Кастрычніцкай паставілі шапікі да Эўрапейскіх гульняў, у якіх гандлююць шашлыкамі, півам, рэчамі. Карыстальнікі сацсетак пачалі кпіць з такой крэатыўнасьці арганізатараў Эўрагульняў.

Рэчавы рынак 21 чэрвеня, яшчэ да цырымоніі адкрыцьця Эўрагульняў вырашылі прыбраць. Як паведамілі гандляры карэспандэнту Свабоды, рэчаў на рынку ня будзе ўжо 22 чэрвеня.

А вось продаж піва і ежы пакінуць. Гандляры рэчамі сказалі карэспандэнту Свабоды, што гэта зьвязана з абурэньнем у сацыяльных сетках і СМІ. Бо людзі пачалі гэты рынак называць «калгасам».

Як патлумачылі Свабодзе ў прэс-службе Дырэкцыі II Эўрапейскіх гульняў, гандаль рэчамі прыбяруць толькі на час роварных гонак, якія ўваходзяць у праграму Эўрагульняў. Гонкі будуць праходзіць 22, 23 і 25 чэрвеня па паралельнай вуліцы Леніна. Пасьля гандаль рэчамі, як паведамляюць у дырэкцыі, вернуць.

​Гандляры задаволеныя, што арганізатары Эўрагульняў прынялі такое рашэньне, бо гэтыя рэчы ніхто не купляў. Пра гэта яны распавялі карэспандэнту Свабоды.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG